РАЗДЗЕЛ 5. СТЫЛІСТЫКА. АСАБЛІВАСЦІ НАВУКОВАГА СТЫЛЮ
^ Вверх

Раздзел 5. Стылістыка. Асаблівасці навуковага стылю 

§1. Паняцце стылю 

Стылістыка (ад лац. stуlоs завостраная палачка для пісьма) — раздзел мовазнаўства, які даследуе ўжыванне слоў, словазлучэнняў, сказаў паводле іх адпаведнасці зместу, мэце выказвання, а таксамам сітуацыі (у вусным маўленні).

Стылістыка вучыць перадаваць думкі паслядоўна, дакладна, вобразна, пазбягаць штампаванай, неапраўдана расквечанай або псеўданавуковай мовы. Сродкам дасягнення гэтай мэты з’яўляюцца правілы ўжывання лексічных адзінак, марфалагічных форм і сінтаксічных канструкцый, распрацаваных у адпаведнасці з функцыянальным размежаваннем літаратурнай мовы ў розных сітуацыях моўнага кантактавання.

“Функцыянальная разнавіднасць літаратурнай мовы, якая адрозніваецца адборам моўных сродкаў і ўжываннем у адпаведнасці са зместам, задачамі і сітуацыяй маўлення называецца стылем”[1].

У сучаснай беларускай мове адрозніваюць кніжныя стылі: навуковы, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы. Ім стылістычна супрацьпастаўляецца размоўнае маўленне, якое выступае ў вуснай форме. Асаблівае месца ў сістэме стыляў займае стыль мастацкай літаратуры. Для ўсіх стыляў характэрна наяўнасць міжстылёвых (нейтральных) моўных сродкаў.

Стылістычная характарыстыка слова вызначаецца ў залежнасці ад таго, як яно ўспрымаецца тым, хто гаворыць: як замацаванае за пэўным функцыянальным стылем. Напрыклад, да навуковага стылю адносяцца тэрміны (анамальныя дзеці, педагагічнае майстэрства і г.д.); да публіцыстычнага — словы з грамадска-палітычнай сферы (гонка ўзбраенняў, сусветны валютны фонд); да афіцыйна-дзелавога — ніжэйпадпісаны, вышэйадзначаны і г.д. — або як міжстылёвыя (гаварыць, адзначаць, падзел і г.д.).

Найбольш выразна супрацьпастаўлены кніжныя і размоўныя словы (умешвацца — улазіць, гаварыць — лепятаць і г.д.).

Стылістычная афарбоўка лексікі найбольш пэўна выяўляецца ў маўленні. Кніжныя словы не падыходзяць да простай гутаркі, напрыклад: На зялёных насаджэннях з’явілася першае лісце. Размоўныя і прастамоўныя словы несумяшчальны з афіцыйна-дзелавым стылем. Навуковыя тэрміны недарэчна выкарыстоўваць у размове з дзецьмі. Напрыклад: Напэўна, наш тата будзе ў візуальным кантакце з дзядулем Васілём на працягу ўсяго дня.

У выніку кожны са стыляў характарызуецца пэўнай камунікацыйнай сферай ужывання, што выяўляецца ў своеасаблівым адборы і ўжыванні моўных сродкаў, сваёй маўленчай сістэмнасцю, якія гістарычна склаліся, традыцыйна ўсталяваліся і падтрымліваюцца носьбітамі мовы (гл. табліцу «Функцыянальныя стылі беларускай літаратурнай мовы»).


[1] Сцяцко, П.У. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П.У.Сцяцко, М.Ф.Гуліцкі, Л.А.Антанюк. — Мінск: Выш.школа, 1990. — С.141.