§ 3. Навуковы стыль беларускай літаратурнай мовы
^ Вверх

§ 3. Навуковы стыль беларускай літаратурнай мовы 

Навуковы стыль з’яўляецца сродкам зносін у галіне навукі і вучэбна-навуковай дзейнасці. Кожны член сучаснага грамадства ў розны час свайго жыцця і ў рознай ступені сустракаецца з тэкстамі дадзенага стылю, які функцыянуе ў вуснай і пісьмовай форме, таму авалодаць нормамі навуковага і навукова-вучэбнага стылю маўлення з’яўляецца важнай задачай кожнага чалавека.

Навуковы стыль належыць да ліку кніжных стыляў беларускай літаратурнай мовы, якія валодаюць як агульнымі ўмовамі функцыянавання, так і аднолькавымі або блізкімі моўнымі асаблівасцямі, сярод якіх можна вылучыць наступныя: папярэдняе абдумванне выказвання; маналагічны характар маўлення; строгі адбор моўных сродкаў; імкненне да нармаванага маўлення.

Праяўленне і развіццё навуковага стылю звязана з прагрэсам навуковых ведаў у разнастайных галінах жыцця і дзейнасці прыроды і чалавека. Першапачаткова навуковы выклад быў набліжаны да мастацкага стылю (напрыклад, эмацыйнае ўспрыманне з’яў у навуковых працах Піфагора, Платона, Лукрэцыя і г.д.). Стварэнне ў грэчаскай мове, якая распаўсюджвала свой уплыў на ўвесь культурны свет, трывалай навуковай тэрміналогіі прывяло да аддзялення навуковага стылю ад мастацкага. На Беларусі навуковы стыль пачаў складвацца у 20 гады ХХ стагоддзя ў сувязі з развіццём навукі і напісаннем манаграфій, падручнікаў, навуковых артыкулаў па розных галінах навукі і тэхнікі, а таксама з перакладамі падручнікаў з рускай мовы на беларускую, таму што навучанне праводзілася на беларускай мове.

У сувязі з прызначэннем навуковага маўлення выдзяляюцца наступныя разнавіднасці навуковага стылю: уласна навуковы; навукова-тэхнічны; навукова-інфарматыўны; навукова-даведачны; навукова-вучэбны; навукова-папулярны.

Знаходзячы сваю рэалізацыю ў пісьмовай і вуснай форме зносін навуковы стыль мае разнастайныя жанры (анатацыя, рэферат, канспект, тэзісы, рэзюме, рэцэнзія, водзыў) і віды тэкстаў (падручнік, даведнік, навуковы артыкул, манаграфія, дысертацыя, лекцыя, даклад).

Навукова-вучэбны стыль рэалізуецца ў наступных жанрах: паведамленне; адказ (вусны адказ, адказ-аналіз, адказ-абагульненне, адказ-групоўка); разважанне; тлумачэнне; моўны прыклад.

Разнастайнасць відаў навуковага стылю базіруецца на ўнутраным адзінстве і наяўнасці агульных пазамоўных і ўласна лінгвістычных сродкаў гэтага віду моўнай дзейнасці, якія праяўляюцца нават незалежна ад характару навук (прыродазнаўчых, дакладных, гуманітарных) і ўласна жанравых адрозненняў. Разам з тым зразумела, што, напрыклад, тэксты па фізіцы, хіміі, матэматыцы заўважна адрозніваюцца па характары выкладу ад тэкстаў па педагогіцы, псіхалогіі, філалогіі ці гісторыі.

Сфера навуковых зносін адрозніваецца тым, што ў ёй прадугледжваецца найбольш дакладнае, лагічнае і адназначнае выражэнне думкі. Галоўнай формай мыслення ў галіне навукі аказваецца паняцце, дынаміка мыслення выражаецца ў суджэннях і вывадах, якія ідуць адзін за адным у пэўнай лагічнай паслядоўнасці. Думка строга аргументавана, падкрэсліваецца лагічнасць разважання, у цеснай узаемасувязі знаходзіцца аналіз і сінтэз. Значыць навуковае мысленне набывае абагульнены і абстрагаваны характар. Канчатковая крышталізацыя навуковай думкі адбываецца ва ўнутраным маўленні, у вусных і пісьмовых тэкстах разнастайных жанраў навуковага стылю, якія маюць, як было адзначана, агульныя рысы.

Агульнымі пазамоўнымі ўласцівасцямі навуковага стылю маўлення, яго стылёвымі рысамі, абумоўленымі абстрактнасцю і строгай лагічнасцю мыслення, з’яўляюцца: навуковая тэматыка тэкстаў і абагульненасць, адцягненасць, абстрактнасць выкладу.

Амаль кожнае слова выступае як абазначэнне агульнага паняцця ці абстрактнага прадмета. Адцягнена-абагульнены характар маўлення праяўляецца ў адборы лексічнага матэрыялу (назоўнікі дамінуюць над дзеясловамі, выкарыстоўваюцца агульнанавуковыя тэрміны і словы, дзеясловы выкарыстоўваюцца ў пэўных формах часу і асобы), і асаблівых сінтаксічных канструкцыях (няпэўна-асабовыя сказы, пасіўныя канструкцыі).

Навуковы стыль характарызуецца лагічнай паслядоўнасцю выкладу, упарадкаванай сістэмай сувязей паміж часткамі выказвання, імкненнем аўтараў да дакладнасці, сцісласці, адназначнасці пры захаванні насычанасці зместу.

Лагічнасць выкладу. Паміж часткамі выкзвання ёсць упарадкаваная сістэма сувязей, выклад несупярэчлівы і паслядоўны. Гэта дасягаецца выкарыстаннем асаблівых сінтаксічных канструкцый і тыповых сродкаў міжфразавай сувязі.

Паслядоўнасцю валодае толькі той тэкст, у якім вывады вынікаюць са зместу, яны несупярэчлівыя, тэкст разбіты на асобныя сэнсавыя адрэзкі, якія адлюстроўваюць рух думкі ад прыватнага да агульнага або ад агульнага да прыватнага. Напрыклад: Усе студэнты ВНУ вывучаюць педагогіку і псіхалогію. Святлана — студэнтка. Вывад: Святлана вывучае педагогіку і псіхалогію.

У дадзеным прыкладзе выкарыстоўваецца спосаб разважання, які называецца дэдукцыяй — разважанне ад агульнага да прыватнага.

Індуктыўны спосаб разважання — ад прыватнага да агульнага. Напрыклад: У фірме А сацыяльны псіхолаг працуе па сумяшчальніцтву. У фірме Б сацыяльны псіхолаг працуе па сумяшчальніцтву. У фірме В сацыяльны псіхолаг працуе па сумяшчальніцтву. У фірме Г сацыяльны псіхолаг працуе па сумяшчальніцтву. Вывад: Усе сацыяльныя псіхолагі працуюць па сумяшчальніцтву.

Зразумела, што заключэнне па індукцыі носіць праўдападобны або імаверны характар; бо неабходна было б разгледзець усе фірмы горада, каб зрабіць абсалютна дакладны вывад. Таму поўная індукцыя далёка не заўсёды магчымая.

Яснасць выкладу. Яснасць, як якасць навуковага маўлення, прадвызначае зразумеласць і даступнасць. Па ступені даступнасці навуковыя, навукова-вучэбныя і навукова-папулярныя тэксты адрозніваюцца па матэрыяле і па спосабе яго моўнага афармлення.

Дакладнасць выкладу. Дасягаецца выкарыстаннем адназначных выразаў, тэрмінаў, слоў з выразнай лексіка-семантычнай спалучальнасцю. Прадвызначае адназначнасць разумення, адсутнасць разыходжанняў паміж азначаемым і яго азначэннем. Таму ў навуковых тэкстах, як правіла, адсутнічаюць вобразныя, экспрэсіўныя сродкі; словы выкарыстоўваюцца пераважна ў прамым значэнні, частае выкарыстанне тэрмінаў таксама садзейнічае адназначнасці тэксту.

Жорсткія патрабаванні дакладнасці, якія ставяцца да навуковага тэксту, абмяжоўваюць выкарыстанне вобразных сродкаў мовы: метафар, эпітэтаў, мастацкіх параўнанняў, прыказак і прымавак і г.д. Іншы раз такія сродкі могуць трапляць у навуковыя творы, таму што навуковы стыль імкнецца не толькі да дакладнасці, але і да выкарыстальнасці, доказнасці. Аднак вобразныя сродкі неабходны для рэалізацыі патрабавання яснасці і даходлівасці выкладу.

Доказнасць выкладу. Для дасягнення доказнасці навуковага выкладу разважанні павінны быць аргументаваны пры дапамозе адпаведных навуковых гіпотэз або палажэнняў ці на аснове навуковага вопыту даследчыкаў папярэдніх часоў.

Аб’ектыўнасць выкладу. Праяўляецца ў выкладзе, аналізе разнастайных пунктаў гледжання на праблему, у засяроджанасці на прадмеце выказвання і адсутнасці суб’ектывізму пры перадачы зместу, у безасабовасці моўнага выражэння.

Для доказнасці і аб’ектыўнасці выкладу неабходна насычанасць фактычнай інфармацыяй.

Эмацыянальнасць, як і экспрэсіўнасць, у навуковым стылі, які патрабуе аб’ектыўнага, «інтэлектуальнага» выкладу навуковых дадзеных, выражаецца інакш, чым у другіх стылях. Успрыманне навуковага твора можа выклікаць пэўныя пачуцці ў настаўніка, але не як адваротную рэакцыю на эмацыянальнасць аўтара, а як асэнсаванне самаго навуковага факта. Хоць навуковае адкрыццё ўплывае незалежна ад спосабу яго перадачы, сам аўтар навуковага твора не заўсёды адмаўляецца ад эмацыянальна-ацэначных адносін да выкладаемых падзей і фактаў. Імкненне да абмежаванага выкарыстання аўтарскага «я» — гэта не даніна этыкету, а праява адцягнена-абагульненай стылявой рысы навуковага маўлення, якая адлюстроўвае форму мыслення.

Важнейшая задача навуковага стылю маўлення — растлумачыць прычыны з’яў, паведаміць, апісаць істотныя прыметы, уласцівасці прадмета навуковага пазнання.

Названыя асаблівасці навуковага стылю знаходзяць выражэнне ў яго моўных характарыстыках і вызначаюць сістэмнасць уласнамоўных сродкаў гэтага стылю. Навуковы стыль маўлення ўключае ў сябе моўныя адзінкі трох тыпаў.

1. Лексічныя адзінкі, якія валодаюць функцыянальна-стылявой афарбоўкай дадзенага стылю. Гэта асаблівыя лексічныя адзінкі, сінтаксічныя канструкцыі, марфалагічныя формы.

2. Міжстылёвыя адзінкі, г.зн. стылістычна нейтральныя моўныя адзінкі, якія выкарыстоўваюцца ў роўнай ступені ва ўсіх стылях.

3. Стылістычна нейтральныя моўныя адзінкі, якія ў асноўным функцыянуюць менавіта ў дадзеным стылі.

Такім чынам, стылістычна важным становіцца колькасная перавага тых ці іншых адзінак у навуковым стылі. Колькасна маркіраванымі адзінкамі ў навуковым стылі становяцца, перш за ўсё, некаторыя марфалагічныя формы, а таксама сінтаксічныя канструкцыі.