3.2. Марфалагічныя асавблівасці навуковага стылю
Мове навуковых зносін уласцівыя і свае граматычныя асаблівасці. Адцягненасць і абагульненасць навуковага маўлення праяўляецца ў асаблівасцях функцыянавання разнастайных граматычных, у прыватнасці марфалагічных, адзінак, што адлюстроўваецца ў выбары катэгорый і форм, а таксама ступені іх частотнасці ў тэксце. Рэалізацыя закона эканоміі маўленчых сродкаў у навуковым стылі прыводзіць да выкарыстання больш кароткіх варыянтных форм. Напрыклад, форм назоўнікаў мужчынскага роду замест жаночага роду: клавіш (замест клавіша), зал (замест зала).
Формы адзіночнага ліку назоўнікаў выкарыстоўваюцца ў значэнні множнага: Асноўныя задачы лагапедычнага навучання дзіцяці з раснастайнымі відамі маўленчых анамалій ва ўмовах спецыяльных дашкольных устаноў уключаюць не толькі карэкцыю дэфекту, але і падрыхтоўку да авалодання граматай (Лагапедыя, с.567). У прыведзеным прыкладзе назоўнікі, якія абазначаюць прадметы, што паддаюцца лічэнню (дзіця, дэфект), называюць цэлы клас прадметаў з указаненнем іх характэрных прымет або маюць зборнае абагульненае значэнне.
Аднак абстрактныя і рэчыўныя назоўнікі ў спецыяльным тэксце выкарыстоўваюцца і ў форме множнага ліку, набываючы канкрэтнае значэнне: …тахілаліі такога тыпу сустракаюцца рэдка; педагагічныя эксперыменты, якія праводзіць настаўнік…; рухальныя аналізатары; безумоўныя тармажэнні і г.д.
Назвы паняццяў у навуковым стылі пераважаюць над назвамі дзеянняў, гэта прыводзіць да меншага выкарыстання дзеясловаў і большага выкарыстання назоўнікаў. Пры выкарыстанні дзеясловаў заўважаецца тэндэнцыя да іх семантызацыі (дзеяслоў губляе лексічнае значэнне), што адпавядае патрабаванню абстрактнасці і абагульненасці навуковага стылю. Гэта праяўляецца ў тым, што большая частка дзеясловаў у навуковым стылі функцыянуе ў ролі звязкі: быць, з’яўляцца, называцца, лічыцца, стаць, рабіць, здавацца, заключацца, складаць, валодаць, вызначаць, уяўляць і г.д.
Ёсць значная група дзеясловаў, якія выступаюць у якасці кампанентаў дзеяслоўна-іменных спалучэнняў, дзе галоўная сэнсавая нагрузка прыпадае на назоўнік, які абазначае дзеянне, а дзеяслоў выконвае граматычную функцыю (абазначае дзеянне ў самым шырокім сэнсе слова, перадае граматычнае значэнне ладу, асобы і ліку): прыводзіць – да ўзнікнення, да парушэння, да паслаблення, да маўлення, да жыцця, да кахання; рабіць — разлік, вылічэнне, назіранне і да т.п. Дэсемантызацыя дзеяслова праяўляецца ў пераважванні ў навуковым тэксце дзеясловаў шырокай, абстрактнай семантыкі: існаваць, адбывацца, мець, праяўляцца, мяняць(ца), працягваць(ца) і г.д.
Для навуковага маўлення характэрна выкарыстанне дзеяслоўных форм з паслабленым лексіка-граматычным значэннем часу, асобы, ліку, што пацвярджаецца сінаніміяй структуры сказаў: можна зрабіць заключэнне — робіцца заключэне, гук вымаўляюць — гук вымаўляецца і г.д.
Яшчэ адна марфалагічная асаблівасць навуковага стылю заключаецца ў выкарыстанні цяперашняга часу са значэннем якасці або прыметы, што неабходна для характарыстыкі ўласцівасцей даследуемых прадметаў і з’яў: Пры раздражненні пэўных месц кары вялікіх паўшар’яў рэкулярна адбываюцца скарачэнні. Гульня займае важнае месца ў жыцці дзіцяці.
Па даследаваннях навукоўцаў, працэнт дзеясловаў цяперашняга часу ў тры разы перавышае працэнт форм прошлага часу і складае 67—85% ад усіх дзеясловаў.
Адцягненасць і абагульненасць навуковага стылю праяўляецца ў асаблівасцях выкарыстання катэгорыі трывання: каля 80% складаюць формы незакончанага трывання, якія з’яўляюцца больш абагульнена-адцягненымі. Невялікая колькасць дзеясловаў закончанага трывання выкарыстоўваецца ва ўстойлівых зваротах у форме будучага часу, які сінанімічны цяперашняму: разгледзім…, гульня прыме выгляд. Шматлікія дзеясловы незакончанага трывання пазбаўлены пары закончанае / незакончанае трыванне.
Формы асобы дзеяслова і асабовыя займеннікі ў навуковым стылі таксама выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з перадачай адцягнена-абагульненых значэнняў. Практычна не выкарыстоўваюцца формы 2-ой асобы і займеннікі ты, вы, таму што яны з’яўляюцца найбольш канкрэтнымі; рэдка выкарыстальныя формы 1-ай асобы адзіночнага ліку.
Найбольш часта ў навуковым маўленні выкарыстоўваюцца адцягненыя па значэнні формы 3-яй асобы і займеннікі ён, яна, яно. Займеннік мы, акрамя выкарыстання ў значэнні так званага аўтарскага мы, разам з формай дзеяслова часта выражае значэнне рознай ступені адцягненасці і абагульненасці ў значэнні «мы разам, у сукупнасці»: Мы прыходзім да выніку… Мы можам зрабіць заключэнне…