3.4. Асноўныя прыметы навуковага тэксту
^ Вверх

3.4. Асноўныя прыметы навуковага тэксту

Навуковы тэкст уяўляе сабой разнавіднасць тэксту агульналітаратурнай мовы, які выдзяляецца шэрагам граматычных, лексічных, структурна-семантычных і логіка-кампазіцыйных асаблівасцей. Важнейшыя прыметы тэксту з’яўляюцца агульнымі для шырокага набору тэкстаў, якія функцыянуюць у разнастайных сферах маўленчых зносін (навуковай, справавой, сродках масавай камунікацыі і інш.). Прыналежнасць да сферы навуковых зносін, навуковай дзейнасці накладвае на гэтыя прыметы тэксту пэўныя абмежаванні, якія абумоўліваюць адбор і выкарыстанне пэўных лексіка-граматычных сродкаў, выкарыстанне спецыяльных структурных, лагічных, кампазіцыйных схем арганізацыі тэкставага матэрыялу.

Можна выдзеліць шэраг агульнапрынятых тэкставых прымет, дастаткова поўна апісаных у літаратуры ў дачыненні да розных тыпаў тэкстаў: звязнасць, структурнасць, цэласнасць, мадальнасць, функцыянальна-сэнсавы тып. Уласцівыя навуковаму стылю лагічнасць, дакладнасць, адцягненасць, абагульненасць, ацэначнасць знаходзяць сваё адлюстраванне практычна ва ўсіх вышэйназваных прыметах. Стыль ствараецца сістэмай узаемазвязаных сродкаў, якая надае асаблівы характар дадзенаму тыпу маўлення, стварае новую яго якасць, якая ўспрымаецца як канкрэтны стыль. Інакш кажучы, рэалізацыя прымет звязнасці, цэласнасці, мадальнасці, структурнасці, функцыянальна-сэнсавых тыпаў у навуковым тэксце таксама сістэмна і функцыянальна абумоўлена і падпарадкавана прынцыпам лагічнасці,шадназначнасці і несупярэчлівасці.

Звязнасць. Прымета звязнасці тэксту з’яўляецца найбольш даследаванай. Доўгі час звязнасць разумелася як яўна выражаная сувязь паміж суседнімі сказамі ў тэксце (г.зн. звязнасць разглядалася як фармальна-структурная сінтаксічная арганізацыя тэксту, якая мае выразныя лексіка-граматычныя спосабы выражэння). На сучасным этапе развіцця лінгвістычнай навукі да звязнасці адносяць таксама і сувязь, якая не мае выразнага фармальнага выражэння. Аналіз паказвае, што звязнасць навуковага тэксту ў многім грунтуецца на ўнутранай логіцы прадмета даследавання.

Існуюць разнастайныя класіфікацыі сродкаў звязнасці. Найбольш распаўсюджанай з’яўляецца групоўка сродкаў сувязі ў залежнасці ад іх моўнага ўвасаблення. У сувязі з гэтым прынцыпам выдзяляюцца наступныя сродкі сувязі: лексічныя, да якіх адносяцца поўныя, сінанімічныя, кантэкстуальныя і інш. паўторы, а таксама замена займеннікам; граматычныя (трывальна-часавыя формы дзеясловаў, парадак слоў, сінтаксічны паралелізм); лексіка-граматычныя (злучнікі, злучальныя словы, пабочныя словы і словазлучэнні), якія забяспечваюць лагічную і кампазіцыйную арганізацыю тэксту шляхам выражэння шырокага спектру адносін — умоўных, прычынна-выніковых, уступальных, параўнальных і г.д.

Напрыклад: Чалавек не толькі аб’ект і суб’ект сацыялізацыі. Ён можа стаць яе ахвярай. Гэта звязана з тым, што працэс і вынік сацыялізацыі заключаюць у сабе ўнутранае супрацьпастаўленне.

Паспяховая сацыялізаця прадвызначае, з аднаго боку, эфектыўную адаптацыю чалавека ў грамадстве, а з другога боку — здольнасць у пэўнай ступені супрацьстаяць грамадству, а дакладней — частцы тых жыццёвых калізій, якія перашкаджаюць развіццю, самарэалізацыі, самаўпэўненасці чалавека.

Такім чынам, можна канстатаваць, што ў працэсе сацыялізацыі закладзены ўнутраны да канца не вырашаны канфлікт паміж ступенню ідэнтыфікацыі чалавека з грамадствам і ступенню адасаблення яго ў грамадстве. Іншымі словамі, эфектыўная сацыялізацыя прадвызначае пэўны баланс  паміж ідэнтыфікацыяй з грамадствам і адасабленнем у ім  (Сацыяльная педагогіка, с.22).

У гэтым урыўку з навуковага тэксту сродкамі сувязі з’яўляюцца неаднаразовыя паўторы тэрмінаў сацыялізацыя, чалавек, грамадства; замена назоўнікаў займеннікамі (Чалавек…Ён…; ахвярай…Гэта…, грамадствам… у ім); злучнікі і злучальныя словы (з тым, што…; калізій, якія…, канстатаваць, што...), выкарыстанне дзеясловаў пераважна незакончанага трывання, прамы парадак слоў. Акрамя гэтага ва ўрыўку ёсць выразы, якія паказваюць на сувязь частак тэксту: з аднаго боку…, з другога боку…, дакладней…, такім чынам…, іншымі словамі… .

На сучасным этапе рэалізацыя прыметы звязнасці ў навуковым тэксце (у параўнанні з тэкстамі іншых стыляў агульналітаратурнай мовы) мае наступныя асаблівасці.

1. Найбольш частотны від сувязі — лексічны паўтор тэрміна, для забеспячэння адназначнасці тэксту (адна з лексем папярэдняга сказа паўтараецца ў наступным). Да лексічнага паўтору адносяць таксама выпадкі, калі словы, якія маюць агульны лексічны кампанент, належаць да розных часцін мовы.

2. Выкарыстанне стандартызаваных моўных сродкаў для кампазіцыйнага афармлення зместу тэксту.

3. Нейтральны парадак слоў, пры якім тэма (тэматычная, зыходная, вядомая інфармацыя) размяшчаецца ў пачатку, а рэма (новая, важная, актуальная інфармацыя) — у канцы сказа. У структурна-сінтаксічным плане тэма супадае з дзейнікам, а рэма — з саставам выказніка.

4. Спецыфічнае ўжыванне катэгорыі часу дзеяслова.

5. Звязнасць навуковага тэксту заснавана на ўнутранай логіцы прадмета даследавання.

6. У рэальных тэкстах звязнасць адначасна здзяйсняецца сукупнасцю разнастайных сістэмна арганізаваных сродкаў, якія ствараюць семантычнае, структурна-сінтаксічнае і тэматычнае адзінства, што дазваляе выдзяляць розныя тыпы структурнай арганізацыі тэксту.

Для сувязі частак тэксту выкарыстоўваюцца спецыяльныя сродкі (словы, словазлучэнні, сказы), якія паказваюць:

  • на паслядоўнасць развіцця думак (спачатку, потым, затым, перш за ўсё, першапачаткова і г.д.);
  • на сувязь першаснай і другаснай інфармацыі (як указвалася, як ужо было адзначана, як гаварылася, разгледжаны і да т.п.);
  • на прычынна-выніковыя адносіны (але, таму, дзякуючы таму, адпаведна, у сувязі з тым, што, у выніку гэтага і г.д.);
  • на пераход да новай тэмы (разгледзі цяпер, пяройдзем да разгляду і да т.п.);
  • на блізасць, тоеснасць прадметаў, абставін, прымет (ён, той жа, такі, так, тут, таксама і г.д.).

Структурнасць. Структурнасць выражае адносіны паміж часткамі (элементамі, адзінкамі) любога складана арганізаванага аб’екта. Навуковы тэкст мае шматузроўневую арганізацыю, у якой можна выдзеліць розныя элементы і вызначыць адносіны паміж імі з мэтаю пабудовы разнастайных структурных схем аднаго і таго ж тэксту.

Выдзяляюць тэматычную, кампазіцыйную і змястоўную структуры тэксту.

1. Тэматычная структура (у залежнасці ад аднесенасці тэксту да яго тэмы) утворана прадметам выкладу, г.зн. тым, пра што паведамляецца ў тэксце з той ці іншай ступенню дэталізацыі. У аснове тэмы — матэрыяльныя аб’екты, працэсы, з’явы, выпрацаваныя навукай катэгорыі і паняцці. Раскрыццё тэмы — сутнасці якой-небудзь з’явы, працэсу, паняцця і г.д. патрабуе выдзялення і апісання асобных змястоўных характарыстык аб’екта. Яны складаюць падтэмы тэксту. Сукупнасць тэмы і падтэм утварае тэматычную структуру тэксту, якая мае іерархічную будову. На моўным узроўні тэматычная структура фарміруецца лексічнымі (сінанімічнымі, кантэкстуальнымі, сэнсавымі) паўторамі і разнастайнымі (граматычнымі, згорнутымі, разгорнутымі) канструкцыямі, якія ўтвараюць лексіка-тэматычную сетку тэксту. Напрыклад: Запамінанне — адзін з працэсаў памяці, пры дапамозе якога адбываецца ўвод інфармацыі ў памяць. У працэсе запамінання ўключэнне новых паступовых элементаў у структуру памяці адбываецца шляхам іх увядзення ў сістэму асацыятыўных сувязей. У залежнасці ад спосабу і характару здзяйснення працэсаў памяці адрозніваюць адвольнае і неадвольнае запамінанне, далей — запамінанне механічнае і сэнсавае, а таксама апасродкаванае і неапасродкаванае (ПС, с.109).

2. Кампазіцыйная або логіка-кампазіцыйная структура навуковага тэксту (аднесенасць адзінак тэксту да яго кампазіцыі) адлюстроўвае паслядоўнасць размеркавання сэнсавых блокаў у тэксце. Навуковым тэкстам уласцівы тыпізаваныя схемы размеркавання змястоўнай інфармацыі ў залежнасці ад жанравай прыналежнасці.

Асноўныя пісьмовыя жанры навуковага маўлення (першасныя — навуковы артыкул, манаграфія, дысертацыя, і другасныя — рэферат, анатацыя, рэзюме, рэцэнзія, навуковы водзыў, агляд) маюць пэўную, уласцівую ім кампазіцыйную арганізацыю, г.зн. парадак размеркавання сэнсавых частак тэксту, а таксама больш або менш стандартызаваны набор моўных сродкаў афармлення пераходу ад адной часткі да другой.[1]

3. Змястоўная (сэнсавая, прэдыкатыўная) структура тэксту адлюстроўвае сэнсавыя сувязі і адносіны, якія устанаўліваюцца паміж паняццямі, з’явамі, прадметамі рэальнага свету, якія адлюстроўваюцца ў тэксце ў выглядзе моўных адзінак розных узроўняў. Усведамленне сэнсавай структуры навуковага тэксту вядзе дя яго разумення і далейшага выкарыстання атрыманых ведаў. Неабходна асабліва падкрэсліць, што змест тэксту ўяўляе сабой далёка не суму значэнняў моўных адзінак, якія яго складаюць, таму што ў працэсе функцыянавання мовы як сістэмы назіраецца прырост якасці інфармацыі. Змест тэксту — катэгорыя псіхалінгвістычная і ўяўляе сабой мысліцельнае ўтварэнне, якое ўзнікае ў інтэлекце чалавека ў працэсе асэнсавання тэксту. Для вызначэння зместу тэксту патрабуецца не толькі асэнсаванне асобных моўных выразаў, але і большых адрэзкаў тэксту, што адпавядаюць падтэмам і мікратэмам, суадносінам іх паміж сабой, і на гэтай аснове асэнсаванне тэксту ў цэлым.

З пункту гледжання характару зместу можна выдзеліць тэксты, якія суадносяцца з тэарэтычнымі і эмпірычнымі (заснаванымі на вопыце) ўзроўнямі навуковага пазнання.

Эмпірычныя тэксты, як правіла, маюць апісальны, канстатавальны характар і служаць для фарміравання фрагмента канцэптуальнай (якая датычыць паняццяў, паняційнай) карціны свету вызначанай галіны ведаў.

Тэксты, што маюць тэарэтычную накіраванасць, звычайна маюць тлумачальны, пераканальны, ацэначны характар.

Такім чынам, навуковы тэкст уяўляе сабой складане адзінства тэматычнай, кампазіцыйнай і сэнсавай арганізацыі.

Цэласнасць. Цэласнасць уяўляе сабой базавую характарыстыку тэксту як прадмета камунікацыі. Яна характарызуе ўнутранае, змястоўнае, сэнсавае адзінства тэксту, лічыцца псіхалінгвістычнай катэгорыяй, якая непасрэдна не суадносіцца з моўнымі сродкамі і ўзнікае ў працэсе разумення тэксту ў выніку аналітыка-сінтэтычнай дзейнасці адрасата. Без цэласнасці фармальна звязаны тэкст губляе сэнс.

У сферы навуковай камунікацыі дакладнасць, адназначнасць, адэкватнасць, сапраўднасць інфармацыі вызначае сэнс навуковай дзейнасці і навуковых зносін, таму ўсе моўныя сродкі, якія функцыянуюць у тэксце, падпарадкаваны тлумачэнню, інакш кажучы, выражэнню цэласнасці ў знешнім маўленні. Тлумачэнне цэласнасці, г.зн. яе структураванне і выражэнне, уяўляюць працэс пераходу ад цэласнага, нерасчлянёнага ўяўлення да выдзялення важных кампанентаў, затым — вузлавых фрагментаў цэласнасці і іх моўнаму афармленню ў выглядзе тэксту. Так адбываецца працэс параджэння цэласнага тэксту. У працэсе успрымання, асэнсавання тэксту адбываецца адваротны пераход ад знешняй формы тэксту, яго вузлавых фрагментаў і важных кампанентаў да цэласнага разумення.

Адна і тая ж цэласнасць можа быць па-рознаму выражана ў знешнім маўленні. Атрыманыя ў выніку тэксты могуць разглядацца як сінонімы — члены парадыгмы тэкстаў, суадносных з адной і той жа цэласнасцю. Гэта ўласцівасць ляжыць у аснове такіх відаў маўленчай дзейнасці, як рэферыраванне і анатаванне тэкстаў, выдзяленне ключавых слоў, складанне розных відаў планаў. Стварэнне другасных тэкстаў, магчыма, дзякуючы таму, што ў іх захоўваецца інварыянт зместу зыходнага тэксту, а другасная інфармацыя прадстаўлена ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі дзейнасці.

Такім чынам, цэласнасць уяўляе сабой псіхалінгвістычную катэгорыю, якая адлюстроўвае інварыянт зместу тэксту як вынік яго ўспрымання адрасатам (атрымальнікам тэксту). Цэласнасць тэксту можа быць усвядомлена і перададзена з рознай ступенню дэталізацыі. Для навуковага тэксту, у адрозненне ад мастацкага, адназначнае асэнсаванне і структураванне цэласнасці з’яўляецца асноўнай задачай, што непасрэдна абумоўлена патрэбамі і ўмовамі навуковай камунікацыі і забяспечваецца выкарыстаннем спецыяльных моўных сродкаў.

Функцыянальна-сэнсавы тып маўлення. Функцыянальна-сэнсавы тып маўлення ўяўляе сабой універсальную тыпалагічную адзінку тэксту, якая выдзяляецца на аснове разнастайных прымет (камунікатыўна-прагматычных, логіка-сэнсавых, структурна-семантычных). У залежнасці ад камунікатыўнай мэты выдзяляюць апісальныя (апісанне, азначэнне, дэфініцыя, паясненне, паведамленне) і аргументаваныя (разважанне, доказ, тлумачэнне) тыпы тэкстаў. У тэкстах вялікага аб’ёму розных жанраў функцыянальна-сэнсавыя тыпы знаходзяцца ў разнастайных адносінах. Гэта вызначае агульную камунікатыўную дамінанту тэксту — апісальную ці аргументаваную.

Мадальнасць. Прымета мадальнасці выражае характар адносін паведамляемага да рэчаіснасці (аб’ектыўная мадальнасць) і адносіны суб’екта (адрасанта, аўтара, адпраўніка) тэксту да прадмета паведамлення (суб’ектыўная мадальнасць).

Прымета мадальнасці і сродкі яе выражэння ў навуковым стылі маюць спецыфічныя асаблівасці, абумоўленыя мэтамі і задачамі камунікацыі ў дадзенай сферы чалавечай дзейнасці. Комплексны ўлік галоўных кампанентаў пазнавальнага працэсу, а таксама ўсіх складальнікаў структуры свядомасці і мыслення (логіка-паняційны, крытыка-рэфлексіўны і канкрэтна-вобразны кампаненты) дазваляе разглядаць мадальнасць як неад’емную прыналежнасць навуковага стылю.

У навуковым тэксце, як ужо адзначалася, сустракаецца як аб’ектыўная, так і суб’ектыўная мадальнасць.

Аб’ектыўная мадальнасць выражае адносіны паведамляемага пра разнастайныя бакі навуковага пазнання да рэчаіснасці ў плане рэальнасці (ажыццяўляльнасці і ажыццявімасці) і нерэальнасці (неажыццявімасці). Пры гэтым назіраецца пэўны дыяпазон градацый значэнняў: рэальнасць — верагоднасць — меркаванне — нерэальнасць.

Суб’ектыўная мадальнасць выражае адносіны адрасанта (аўтара, суб’екта) да паведамляемага: упэўненасць або няўпэўненасць, згоду ці нязгоду, магчымасць або немагчымасць.

Іншы раз выдзяляюць суб’ектыўную мадальнасць, заснаваную на выражэнні эмацыянальна-экспрэсіўных адносін («танальнасць») і мадальнасць, у аснове якой ляжыць рацыянальная, інтэлектуальная ацэнка («ацэначнасць»). Танальнасць характарызуе адносіны аўтара тэксту да свайго даследавання і аналізуемай праблемы. Па адносінах да прац іншых аўтараў і самім аўтарам, за выключэннем жанра рэцэнзіі, танальнасць дапускаецца вельмі рэдка, прычым толькі станоўчая, і дастаткова часта выкарыстоўваецца ацэначнасць, як станоўчая, так і адмоўная. Да моўных сродкаў выражэння ацэнкі адносяцца словы, у семантычных адносінах блізкія да асноўных паняццяў ацэнкі — «добра» / «дрэнна». Ацэнка таксама часта выкарыстоўваецца для ўказання на адпаведнасць / неадпаведнасць зместу патрабаванням, якія ставяцца да навуковых даследаванняў. Да іх адносяцца правільнасць, дакладнасць, актуальнасць, лагічнасць, змястоўнасць. У навуковым тэксце ацэначныя сродкі размяркоўваюцца нераўнамерна. Найбольш часта сустракаюцца ва ўводзінах, пры выкладзе гісторыі пытання, у палемічных фрагментах тэксту. Ступень выражанасці суб’ектыўнай ацэнкі залежыць ад навуковага профілю, камунікатыўна-стылявога тыпу і жанра тэксту (ацэначнасць, напрыклад, з’яўляецца вядучай прыметай такога жанра, як рэцэнзія).

Кампазіцыя навуковага тэксту. Кампазіцыя — гэта будова, суадносіны і ўзаемнае размеркаванне частак твора. Кампазіцыйна любы навуковы твор, незалежна ад галіны навукі і жанра, змяшчае дзве ўзаемазвязаныя часткі — апісальную (аглядную) і асноўную.

У апісальнай (агляднай) частцы адлюстроўваецца ход навуковага даследавання, пры гэтым ва ўводзінах даецца абгрунтаванне актуальнасці навуковага даследавання, фармулюецца прадмет і выбраны метад даследавання, вядзецца выклад гісторыі пытання (калі неабходна) і прадвызначаемы вынік.

У асноўнай частцы навуковага твора асвятляюцца методыка і тэхніка даследавання, дасягнуты вынік.

Усе матэрыялы, якія не з’яўляюцца надзённа важнымі для разумення праблемы, выносяцца ў дадатак.

Выбар кампазіцыі навуковага твора, яе дэталізацыя залежаць ад віду рашаемай навуковай задачы, выбранага метаду даследавання, галіны навукі, жанра, традыцый, індывідуальнага стылю аўтара і да т.п.

Схема пабудовы ўводнай часткі навуковага твора (аўтарэферата, дыпломнай работы, праблемнага артыкула і г.д.): абгрунтаванне актуальнасці навуковага даследавання (актуальнасці праблемы); характарыстыка работ, тэорый, якія ёсць па гэтай тэме, гістарыяграфія пытання; выдзяленне канкрэтнага пытання (прадмета даследавання); фармулёўка гіпотэзы; абгрунтаванне выкарыстання выбранай тэорыі (метаду); папярэдняя фармулёўка вывадаў.

Схема пабудовы заключнай часткі навуковага твора: кароткі выклад навуковага даследавання; канчатковая фармулёўка вывадаў; спіс аўтарскіх работ.

У межах навуковага стылю выдзяляюць розныя тыпы маўленчых выказванняў: апісанне, апавяданне, разважанне, доказ, тлумачэнне, азначэнне, ацэнка, класіфікацыя і г.д., звязаныя з камунікатыўным намерам аўтара і яго адносінамі да адрасата. Яны адрозніваюцца па сваіх змястоўных, моўных, лагічных, структурна-кампазіцыйных характарыстыках. У розных тыпах тэкстаў пераважаюць розныя тыпы маўленчых выказванняў (камунікатыўных спосабаў).

Навуковы стыль, як вядома, рэалізуецца ў вуснай і пісьмовай формах. Гэта яшчэ адзін з крытэрыяў унутранай дыферэнцыяцыі навуковага стылю.

Традыцыйнымі жанрамі вуснага навуковага маўлення з’яўляюцца: даклад, выступленне, лекцыя, майстар-клас, калоквіум, семінар, апытванне, экзамен і г.д.

Пісьмовае навуковае маўленне рэалізуецца ў навуковых артыкулах, манаграфіях, рэфератах, рэцэнзіях, дысертацыях, анатацыях, інструкцыях, патэнтах, раздзелах веб-сайта і інш.



[1] Прыклады кампазіцыйнай структуры навуковых тэкстаў прыводзяцца ў §5. Асноўныя жанры навуковай літаратуры.