3.1. Лексічныя асаблівасці навуковага стылю
^ Вверх

3.1. Лексічныя асаблівасці навуковага стылю

Вядучай формай навуковага мыслення з’яўляецца паняцце. Дакладна і адназначна называюць спецыяльныя паняцці навуковай сферы зносін і раскрываюць іх змест асаблівыя лексічныя адзінкі — тэрміны.

Тэрмін з’яўляецца асноўнай лексічнай і паняційнай адзінкай навуковай сферы чалавечай дзейнасці. У колькасных адносінах у тэкстах навуковага стылю тэрміны пераважаюць над іншымі відамі спецыяльнай лексікі (наменклатурнымі назвамі, прафесіяналізмамі), у сярэднім тэрміналагічная лексіка звычайна складае 15—20 % ад агульнага аб’ёму лексікі дадзенага стылю. У прыведзеным фрагменце тэксту навуковага стылю тэрміны выдзелены, што дазваляе ўбачыць іх колькасную перавагу ў параўнанні з іншымі лексічнымі адзінкамі:

Пытанне пра этыялогію дыслексіі да цяперашняга часу з’яўляецца дыскусійным.

Некаторыя аўтары адзначаюць спадчынную схільнасць пры парушэннях чытання. Вывучэнне дыслексіі ў блізнят дазволіла даследчыкам зрабіць вывад пра спадчынны характар некаторых фактараў, якія абумоўліваюць узнікненне дыслексіі (парушэнне латэралізацыі, затрымка развіцця маўлення) (Лагапедыя, с.445). Параўнайце: з 39 слоў тэксту 16 — тэрміны, што складае 41 %.

Для тэрмінаў як асноўных лексічных складальнікаў навуковага стылю маўлення, а таксама для іншых слоў навуковага тэксту характэрана выкарыстанне ў адным канкрэтным значэнні.

Абагульненасць, абстрактнасць выкладу ў навуковым стылі на лексічным узроўні рэалізуецца ў выкарыстанні вялікай колькасці лексічных адзінак з абстрактным значэннем (абстрактная лексіка). «Навуковае маўленне супадае з паняційна-лагічным, … паняційнае маўленне выступае як больш абстрактнае».[1]

В.Дз.Мітрафанава [2] адзначае, што лексіка навуковага стылю аднастайная і аднародная. Гэта прыводзіць да павелічэння аб’ёму навуковага тэксту за кошт неаднаразовага паўтору адных і тых жа слоў. Так, па яе дадзеных, у тэкстах па хіміі на аб’ём тэксту ў 150 тысяч лексічных адзінак прыведзеныя ніжэй словы выкарыстаны наступную колькасць разоў: вада — 1431, раствор — 1355, кіслата — 1182, атам — 1011, іон — 947 і да т.п.

Навуковы стыль мае і сваю фразеалогію, якая ўключае тэрміны-словазлучэнні: адораныя дзеці, вядучая дейнасць, дзейсны падыход, камунікатыўная дэпрывацыя, парушэнне маўлення, педагагічны эксперымент, разумовыя дзеянні, рэферэнтная група і г.д.



[1] Балли, Ш. Французская стилистика / Ш.Балли. — М., 1961. — С. 144.

[2] Гл.: Митрофанова, О.Д. Язык научно-технической литературы / О.Д.Митрофанова. — М.: Изд-во МГУ, 1983. — С. 30—31.