РАЗДЗЕЛ 1. МОВА І МАЎЛЕННЕ
^ Вверх

Раздзел 1. Мова і маўленне 

§1. Сутнасць мовы 

З даўніх часоў людзі шукалі адказ на пытанне: што такое мова? Пра гэта сведчаць працы старажытных вучоных Грэцыі, Рыма, Індыі і іншых краін. Такое ж пытанне цікавіць нас і сёння. Мы імкнемся зразумець, што такое мова, як яна ўзнікла, чым яна адрозніваецца ад іншых праяў чалавечай існасці.

У гісторыі навукі існавалі розныя погляды на мову.

Адны вучоныя разглядалі мову як з’яву біялагічную, такую ж, як здольнасць есці, піць, хадзіць і г.д. Гэта значыць, што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну (як колер вачэй, валасоў, форма твару і да т.п.).

Другія вучоныя лічылі мову з’явай псіхічнай, адносілі яе да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці.

Аднак такія меркаванні маюць аднабаковы характар. На самой справе мова — з’ява і біялагічная, і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай. Рэалізаваць гэту здольнасць чалавек можа толькі ў зносінах з іншымі людзьмі — носьбітамі пэўнай мовы. Нагадаем Маўглі з аднайменнай кнігі Р.Кіплінга, які, трапіўшы ў асяроддзе звяроў, набыў іх звычкі.

Неабходна памятаць, што дзіця пачынае гаварыць на той мове, якую чуе з першых дзён жыцця. Значыць, мова асобнага чалавека развіваецца толькі ў асяроддзі людзей.

Атрымліваецца, што кожны чалавек валодае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці некалькімі мовамі), што належаць пэўнаму народу. У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з’ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку, з другога — з’ява грамадская (сацыяльная), бо належыць канкрэтнай грамадскай супольнасці. Сацыяльная прырода мовы заключаецца ў першую чаргу ў тым, што яна аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсальны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва. Мова пранізвае ўсе сферы матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці грамадства і непасрэдна звязана з усімі праявамі сацыяльнага быцця чалавека.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і культурнага развіцця любой грамадскай супольнасці на працягу ўсёй яе гісторыі, з’яўляецца спосабам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры грамадства. Па сутнасці, мова — гэта неабходная ўмова існавання грамадства, яго падмурак. Без мовы не можа быць грамадства, як і сама мова не можа існаваць без грамадства.