§2. Функцыі мовы
^ Вверх

§2. Функцыі мовы 

Чалавек думае, адчувае, вырашае свае праблемы, «жывучы» ў мове. Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца інфармацыяй, наладжваюць кантакты, выказваюць адзін аднаму свае думкі, пачуцці. З яе дапамогай людзі ўсведамляюць і асэнсоўваюць свет, захоўваюць і перадаюць ад пакалення да пакалення набытыя веды і вопыт. Так універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый. У мовазнаўстве няма адзінага меркавання адносна функцый мовы, аднак большасцю даследчыкаў вылучаюцца наступныя асноўныя, базавыя функцыі мовы:

1. Камунікацыйная (лац. сommunicatio — зносіны, сувязь) — гэта значыць, што мова з’яўляецца найважнейшым сродкам зносін паміж людзьмі, сродкам перадачы інфармацыі.

2. Пазнавальная (кагнітыўная) (лац. сognitio — пазнанне), якая забяспечвае чалавеку магчымасць думаць і пазнаваць свет.

Успрыманне і асэнсаванне чалавекам рэчаіснасці адбываецца пры дапамозе мовы. Яна з'яўляецца як бы своеасаблівай прызмай, праз якую чалавек «бачыць» свет.

Камунікацыйная і пазнавальная функцыі мовы ўзаемазвязаныя. Сацыяльны характар жыцця народа, яго рознабаковая пазнавальная дзейнасць вымагаюць пастаяннага кантактавання людзей. Разам з тым самі моўныя зносіны людзей, у адрозненне ад камунікацыі жывёл, — гэта інструмент пазнання. Вызначальную ролю як у дзейнасці асобы, так і грамадства выконвае інфармацыя, якая перадаецца менавіта ў працэсе моўнай камунікацыі. Па сутнасці, уся гісторыя развіцця чалавецтва — гэта найперш гісторыя моўных зносін.

На базе камунікацыйнай і пазнавальнай функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя функцыі.

У складзе камунікацыйнай функцыі мовы вылучаюцца:

  • фатычная (лац. fatum — выраз) — функцыя наладжвання кантактаў, рэгулявання адносін паміж людзьмі;
  • акумуляцыйная — функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай свядомасці народа. Мова захоўвае спадчыну народа, звязвае продкаў і нашчадкаў.

У складзе пазнавальнай функцыі вылучаюцца:

  • намінацыйная (лац. nominatio — называнне) — гэта функцыя наймення прадметаў, з’яў рэчаіснасці. Пазнаючы свет, чалавек пастаянна сутыкаецца з неабходнасцю называць прадметы, з’явы, працэсы. Але называнне — гэта разам з тым працэс размежавання і атаясамлівання з’яў рэчаіснасці, ці інакш — працэс пазнання рэчаіснасці. Невыпадкова гавораць: «Назваць — значыць зразумець».
  • эмацыйная функцыя — гэта функцыя выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою. Пазнавальная функцыя звязана з рознымі формамі псіхічнай дзейнасці чалавека, таму ў ёй вылучаюць эмацыйную функцыю, якая найбольш выразна выступае ў інтанацыі, выклічніках, розных формах мадальнасці, ацэначных суфіксах і інш., па сутнасці пранізвае ўсе ўзроўні мовы.

З камунікацыйнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная функцыя, сутнасць якой заключаецца ў здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам і спалучэннем слоў і г.д. Гэта функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення. Эстэтычная функцыя вызначае ролю слова ў стварэнні мастацкага вобраза, робіць слова «першаэлементам мастацкай літаратуры».

Для многіх моў свету ўласціва этнічная функцыя, калі мова выступае прыметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэта функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з’яўляецца фактарам еднасці (адраджэння) этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці.

Розныя функцыі мовы рэдка выступаюць у маўленні ў чыстым выглядзе. Як правіла, у працэсе камунікацыі яны спалучаюцца адна з адной, бо зносіны звычайна патрабуюць выражэння не толькі думкі, але і эмоцый, волі і г.д.