§2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы
Мова — жывая грамадская з’ява. Шлях развіцця яе абумоўліваецца асаблівасцямі гісторыі, жыцця народа.
Узнікненне і фарміраванне беларускай мовы адбывалася ў непарыўнай сувязі з гісторыяй усяго славянства. Так, у ІІІ тысячагоддзі да н.э. склалася славянская этнічная супольнасць, адзіны славянскі народ са сваёй мовай і культурай. Супольнае жыццё славян працягвалася да сярэдзіны І тысячагоддзя н.э. Увесь гэты час славяне жылі на абмежаванай тэрыторыі. Карысталіся славяне адной мовай, якую ў навуцы прынята называць праславянскай, або агульнаславянскай, якая ў пісьмовых помніках не адлюстравалася.
Агульнаславянскі перыяд быў самым працяглым. Ад яго ў мовах сучасных славян захавалася шмат аднолькавых лексічных адзінак, назіраюцца аднолькавыя фанетычныя працэсы, а таксама рысы граматычнага ладу.
Паступова славяне пашыралі тэрыторыю свайго рассялення і к сярэдзіне І тысячагоддзя н.э. славянская гаворка гучала ўжо ў паўночных рэгіёнах Усходняй Еўропы, на Балканах, на тэрыторыі сучаснай Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі, у Малой Азіі. За час вандровак славян па Еўропе сувязі паміж імі паслабляліся, што і прывяло да распаду агульнаславянскага моўнага адзінства.
У VІ–VІІ ст. утвараюцца тры групы славянскіх плямён: усходнія, заходнія і паўднёвыя славяне. На іх аснове ў наступныя стагоддзі склаліся асобныя славянскія народнасці. Беларуская народнасць сфарміравалася на аснове ўсходнеславянскіх плямёнаў — крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. На працягу Х — ХІІІ ст. усходнеславянскія народнасці, у тым ліку і беларуская, карысталіся адной пісьмовай старажытнаўсходнеславянскай (старажытнарускай) літаратурнай мовай. На гэтай мове створана даволі шмат рукапісных помнікаў (рэлігійных, справавых, мастацкіх і інш.), частка якіх захавалася да нашага часу, праўда, у выглядзе пазнейшых перапісаных копій. Некаторыя з захаваных старажытнаўсходнеславянскіх твораў напісаны на беларускай зямлі нашымі славутымі продкамі К.Тураўскім, К.Смаляцічам, Л.Богшам і інш.
Найбольш знакамітымі помнікамі таго часу з’яўляюцца «Слова пра паход Ігаравы», «Аповесць мінулых часоў», «Руская праўда» і інш. Яны служаць агульнай пісьмовай скарбонкай усіх усходніх славян і перакладзены на сучасныя беларускую, рускую, украінскую мовы.
З улікам наяўнасці пісьмовых помнікаў (мастацкіх тэкстаў, рэлігійнай, справавой, мемуарнай, публіцыстычнай, навуковай і інш. літаратуры), што створаны на нашай зямлі, усю гісторыю беларускай літаратурнай мовы можна падзяліць як мінімум на тры выразныя перыяды яе развіцця. Выдзяленне гэтых перыядаў грунтуецца як на ўнутрымоўных крытэрыях, так і на знешніх асаблівасцях, сацыяльных умовах існавання, функцыянавання і развіцця пісьмовай мовы, беларускага этнасу.
У межах выдзеленых перыядаў, якія можна лічыць агульнапрынятымі, часам робіцца яшчэ больш падрабязны падзел гісторыі фарміравання і развіцця беларускай літаратурнай мовы.
Першы перыяд (Х—ХІVстст.), як ужо засведчана вышэй, — агульны для ўсіх усходніх славян — агульнаўсходнеславянскі перыяд. Гэта час існавання і развіцця старыжытнарускай, ці старажытнаўсходнеславянскай, літаратурнай мовы. На гэты час не было кнігадрукавання, таму усе пісьмовыя помнікі з’яўляюцца рукапіснымі; да нашага часу захавалася каля тысячы разнастайных рукапісаў гэтага перыяду, палова з якіх прыпадае на ХІV ст.
Другі перыяд існавання беларускай літаратурнай мовы ахінае ХІV — ХVІІІ стст. — старажытнабеларускі перыяд. Храналагічна дадзены перыяд супадае з утварэннем і далейшым развіццём беларускай народнасці ў складзе Вялікага княства Літоўскага, у якім землі сучаснай Беларусі складалі асноўную частку яго тэрыторыі. Мову гэтага перыяду прынята называць старажытнай беларускай, або старабеларускай. Яна сфарміравалася ў ХІV —ХV ст. на аснове ўсходнеславянскай літаратурнай мовы, якая пад уплывам вуснай народна-дыялектнай мовы ўсё больш набывала выразныя беларускія асаблівасці. У ХVІ ст. старажытная беларуская мова дасягае найвышэйшай ступені свайго развіцця і выступае ўжо як асобная славянская мова, якая выразна адрозніваецца і ад агульнаўсходнеславянскай, і ад іншых тагачасных славянскіх моў.
Старабеларуская мова з ХІV ст. з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім і выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах гаспадарчага і грамадскага жыцця, ва ўрадавых установах, судзе, школе, дыпламатычнай перапісцы. На працягу ХV—ХVІІ ст. на ёй створана і да нашага часу захавалася багатая пісьмовая спадчына. Збераглася вялікая колькасць справавых дакументаў. Сярод іх найбольш каштоўная — Літоўская метрыка, г.зн. архіў урадавай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага (каля 600 тамоў). Крыніцай вывучэння мовы і гісторыі беларускага народа з’яўляюцца кнігі судовых і іншых запісаў буйных гарадоў Беларусі: Гродна, Мінска, Брэста, Магілёва, Полацка і інш. Развівалася мастацкая літаратура, перакладная і арыгінальная; пашырана было вершаскладанне. Напрыклад, перакладныя тэксты «Александрыя», «Траянская вайна», «Аповесць аб Трыстане» і інш., арыгінальныя паэтычныя тэксты Андрэя Рымшы, Сімяона Полацкага, а таксама творы невядомых аўтараў, публіцыстычныя тэксты («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча» і інш.). Працягвала і развівала традыцыі Кіеўскай Русі беларускае летапісанне (хроніка Быхаўца, Баркулабаўскі летапіс і інш.). Сведчаннем развіцця юрыдычнай думкі эпохі феадалізму з’яўляецца створаны на старажытнай беларускай мове Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (1529, 1566, 1588). Прыкладамі вучэбнай літаратуры могуць служыць «Грамматика Словенска» Лаўрэнція Зізанія (1596), «Грамматики Словенския правильное Синтагма» Мялеція Сматрыцкага (1619), слоўнікі Л.Зізанія, Памвы Бярынды.
Асабліва важную ролю ў развіцці тагачаснай культуры адыграла кнігадрукаванне, заснавальнікам якога быў таленавіты вучоны і асветнік Францыск Скарына. Яго выдавецкая дзейнасць паслужыла пачаткам кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы ўнеслі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.
У канцы ХVІ ст. у сувязі з тым, што Беларусь у выніку Люблінскай уніі (1569) аказалася ў складзе Рэчы Паспалітай, пачынаецца актыўны працэс паланізацыі беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Беларуская мова паступова страчвае сваю поліфункцыянальнасць, выцясняецца з афіцыйнай сферы польскай і лацінскай мовамі.
Забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі выклікалі вялікі разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы. Гэта быў заключны этап у працяглай гісторыі старажытнай беларускай літаратурнай мовы. Ён бедны на пісьмовыя помнікі. Толькі беларуская народна-дыялектная мова па-ранейшаму жыла ў народзе, які нязменна карыстаўся родным словам і стварыў надзвычай багаты фальклор.
Трэці перыяд развіцця беларускай літаратурнай мовы пачынаецца з ХІХ стагоддзя і доўжыцца па наш час, гэта перыяд новай сучаснай літаратурнай мовы, якая ўзнікла, у адрозненне ад амаль усіх астатніх славянскіх моў, без прамой сувязі з папярэднімі кніжнымі традыцыямі на грунце сярэднебеларускіх народных гаворак. Славуты зямляк, знакаміты польскі паэт Адам Міцкевіч называў беларускую мову самай чыстай і багатай з усіх славянскіх моў.
На тэрыторыі Беларусі на працягу ўсяго ХІХ ст. не існавала навучальных устаноў, у якіх выкладанне вялося б на беларускай мове. Супраць нацыянальнага прыгнёту ўспыхвалі паўстанні (1830 і 1863 гг.). У1840 г. на Беларусі было спынена дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага1588 г., ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, якая вяла набажэнства на беларускай мове, было забаронена ўжываць у афіцыйных дакументах нават назву «Беларусь». За ўсё ХІХ ст. на беларускай мове выйшла толькі 75 кніг, якія друкаваліся пераважна лацінкай і нелегальна або за межамі Расійскай дзяржавы. А пасля паўстання1863 г. на працягу трыццаці гадоў на Беларусі не было надрукавана ніводнай кнігі на беларускай мове. Працяглы час заняпаду старажытнай беларускай мовы прывёў да таго, што яе традыцыі былі па сутнасці страчаны, і новая літаратурная мова беларусаў пачала фарміравацца на базе вуснай народна-дыялектнай мовы. У працэсе яе станаўлення галоўную ролю адыграла мастацкая літаратура.
Узнікаюць ананімныя вершаваныя беларускія творы «Тарас на Парнасе», «Энеіда навыварат», што, перад тым як быць надрукаванымі, існавалі ў вуснай і рукапіснай формах. Выходзяць першыя аўтарскія творы на беларускай мове А.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі, Я.Чачота і інш., якія былі напісаны лацінскім алфавітам і добра адлюстроўвалі такія рысы беларускіх народных гаворак, як аканне, яканне, дзеканне, цеканне і інш.
У сярэдзіне ХІХ ст. былі зроблены спробы напісаць кнігі па граматыцы беларускай мовы, але падрыхтаваныя працы П.Шпілеўскага, К.Нядзвецкага не былі апублікаваны.
Да першых публіцыстычных тэкстаў на новай беларускай літаратурнай мове належаць і вершаваныя, і празаічныя пісьмовыя помнікі, што доўжылі традыцыі старабеларускай мовы, напрыклад, вершаваныя — «Гутарка Данілы са Сцяпанам», празаічныя — нелегальная друкаваная газета «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, празаічныя гутаркі «Пра багацце і беднасць», «Размова пана з хлопам», «Гутарка старога дзеда» і інш., адозвы царскага ўрада на беларускай мове да народу («Прамова Старавойта», «Бяседа старога вольніка» і інш.).
На пачатку ХХ ст. падзеяй, што рашуча змяніла ўмовы культурнага развіцця народаў царскай Расіі, была рэвалюцыя 1905—1907 гг. Была знята забарона карыстацца беларускай мовай, друкаваць на ёй. У Пецярбургу дзейнічала беларускае таварыства («суполка») «Загляне сонца і ў наша ваконца», якое выдала 38 кніг агульным тыражом больш за 100 тысяч экземпляраў. Сярод іх «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Жалейка» Янкі Купалы, «Абразкі» Змітрака Бядулі, «Песні» Цішкі Гартнага і інш. Працавалі выдавецтвы і на Беларусі (у Вільні, Мінску і іншых гарадах) «Наша хата», «Мінчук», «Беларускае выдавецкае таварыства», «Палачанін» і інш. Пачынаюць выходзіць легальныя беларускія газеты і часопісы (газеты: «Наша ніва», «Наша доля», «Беларус», «Гоман» і інш., часопісы: «Лучынка», «Крапіва» (сатырычны часопіс), «Саха» (сельска-гаспадарчы часопіс), «Раніца» (студэнцкі часопіс) і інш.) з публіцыстычнымі матэрыяламі побач з вершамі, апавяданнямі, афіцыйнымі паведамленнямі, сацыяльнымі публікацыямі і інш., а таксама ў публіцыстычных выданнях з’яўляюцца нататкі, нарысы, хронікі, інфармацыйныя паведамленні, навукова-папулярныя артыкулы, рэцэнзіі, агляды і да т.п., што спрыяла выпрацоўцы новых сродкаў моўнага выражэння.
Новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы звязаны з будаўніцтвам на пачатку 20-х гг. беларускай дзяржавы, якая стварыла неабмежаваныя ўмовы для яе выкарыстання і развіцця. Беларуская мова стала мовай дзяржаўных і грамадскіх устаноў, мовай школы і навукі, мовай мастацкай літаратуры і перыядычнага друку, радыё і тэатра. Пачалося сістэматычнае і глыбокае даследаванне фанетыкі, лексікі, граматычнага ладу беларускай літаратурнай мовы, выяўляліся тэндэнцыі яе далейшага развіцця.
У 20-я гады ХХ ст. у краіне друкуецца шмат газет як цэнтральных («Савецкая Беларусь», «Звязда» і г.д.), так і мясцовых («Магілёўская праўда», «Чырвоная Полаччына» і г.д.), дзе ў розных формах і прапорцыях былі прадстаўлены тэксты на рускай і беларускай мовах. Неабходна адзначыць, што на пачатку 30-х гадоў ХХ ст. на беларускай мове выходзяць 194 газеты (з 234), 27 часопісаў (з 30).
На гэтым этапе развіцця беларускай літаратурнай мовы ў сувязі з шырокім яе ўжываннем у розных сферах грамадскага жыцця паўстала вострая неабходнасць упарадкаваць яе правапісныя і лексіка-граматычныя нормы.
Гэту задачу фактычна выканаў Браніслаў Тарашкевіч, які ў 1918 годзе выдаў «Беларускую граматыку для школ». Пабудаваная на фактычным матэрыяле жывой народнай гаворкі, беларускіх дарэвалюцыйных выданняў і навуковых прац па роднай мове, граматыка Б.Тарашкевіча даволі паслядоўна вызначала граматычныя рысы беларускай мовы і дакладна сфармулявала яе правапісныя нормы. Яна стала першым удалым вопытам стварэння нарматыўнай граматыкі беларускай мовы, якая з 1918 па 1929 гады вытрымала 5 выданняў. На граматыку Б.Тарашкевіча арыентаваліся і іншыя мовазнаўцы. Так, Язэп Лёсік апублікаваў «Практычную граматыку» (1921) і падручнік «Беларуская мова. Правапіс» (1924).
Аднак і граматыка Б.Тарашкевіча, і іншыя падручнікі не змаглі дакладна вызначыць усе характэрныя рысы беларускай мовы і паслядоўна сфармуляваць іх у адпаведных граматычных правілах, адразу і канчаткова замацаваць граматычныя і арфаграфічныя нормы. Таму ў 20-я гады ХХ ст. разгарнулася шырокая дыскусія па пытаннях нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Для ўпарадкавання норм роднай мовы ў лістападзе 1926 г. была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Прапаноўвалася, напрыклад, увесці поўнае аканне і яканне, адмовіцца ад ужывання мяккага знака для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці (параўн. сьнег — снег, насеньне — насенне, сьцяг — сцяг), перайсці на лацініцу і інш. Аднак Акадэмічная канферэнцыя таксама не змагла выпрацаваць адзіных рэкамендацый.
Для апрацоўкі матэрыялаў канферэнцыі і канчатковай выпрацоўкі праекта правапісу была створана спецыяльная Правапісная камісія. У 1933 быў выдадзены «Праект спрашчэння беларускага правапісу», на аснове якога Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая афіцыйна ўзаконьвала адзіныя і абавязковыя для ўсіх нормы беларускага правапісу і граматыкі.
У 1938 г. выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП (б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». З гэтага часу пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе. Паступова беларуская мова выцясняецца і з многіх іншых сфер грамадскага жыцця.
Аднак праца па ўдасканаленні беларускай літаратурнай мовы працягвалася. У1957 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу», праект якой быў абмеркаваны грамадскасцю. Пастанова анулявала шматлікія выключэнні з правілаў напісання тых ці іншых слоў і словаформ, якія дапускаліся папярэдняй пастановай і ўдакладніла іншыя правілы. Звод правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, арфаграфічны слоўнік, граматыкі, розныя граматычныя даведнікі і лексікаграфічныя дапаможнікі, выдадзеныя з улікам гэтай пастановы, унеслі неабходную дакладнасць у правапіс слоў, урэгулявалі некаторыя ўзаемаадносіны паміж фанетычным і марфалагічным прынцыпамі беларускага правапісу.
Канец 30-х гг. — 80-я гг. ХХ ст. — гэта этап, калі руская мова фактычна выконвала ролю дзяржаўнай, выцесніўшы беларускую, таму што займала дамінуючае становішча ў сферах грамадска-палітычнага, адміністрацыйнага і вытворчага жыцця, дамінавала ў народнай адукацыі, рэспубліканскім друку.
Але нельга сказаць, што праца па ўдасканаленні беларускай літаратурнай мовы ў гэты час не праводзілася. Вялікую работу ў гэтым напрамку праводзілі мовазнаўцы, пісьменнікі і паэты. Новая беларуская мова імкліва праявіла і рэалізавала свае багатыя творчыя патэнцыі ва ўсіх кірунках літаратурных мастацкіх жанраў: паэзія (П.Броўка, П.Глебка, М.Танк, П.Панчанка, А.Куляшоў, Л.Геніюш, Р.Барадулін і інш.), проза (К.Чорны, М.Лынькоў, Я.Брыль, І.Мележ, У.Караткевіч, В.Быкаў, І.Шамякін, І.Навуменка, У.Арлоў і інш.), драматургія (У.Галубок, К.Крапіва, А.Маўзон, А.Макаёнак, А.Дудараў і інш.).
У1990 г. быў прыняты Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», у адпаведнасці з якім беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афіцыйна-дзелавога ўжытку, у адукацыі. 14 мая1995 г. адбыўся першы агульнарэспубліканскі рэферэндум, дзе большая частка насельніцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г.зн. беларуская і руская мовы могуць раўнапраўна выкарыстоўвацца як дзяржаўныя ў розных сферах жыцця рэспублікі. Улічваючы большую пашыранасць рускай мовы ў беларускім грамадстве, такое раўнапраўе дзвюх моў фактычна стварае пэўныя перавагі для рускай мовы.
Тым не менш аптымістычныя падставы для паўсюднага выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім жыцці краіны ёсць, таму што, па-першае, па дадзеных апошняга перапісу (1999), звыш 70 % насельніцтва Беларусі прызнала беларускую мову роднай, а каля 40 % жыхароў рэспублікі карыстаюцца ёю рэгулярна ў сваіх бытавых надзённых справах, дома. Звыш сямі мільёнаў носьбітаў беларускай мовы здольны ў належных сацыяльных варунках зрабіць менавіта сваю мову, родную, выпрацаваную і выпакутаваную некалькімі пакаленнямі нашых землякоў, універсальным сродкам праяўлення свайго багатага духоўнага патэнцыялу. Па-другое, нашым народам створаны адзін з найбагацейшых у Еўропе фальклор і адметнае беларускае прыгожае пісьменства, дзе прадстаўлены арыгінальны светапогляд беларусаў, адлюстраваныя на пісьме светаадчуванне і бачанне навакольнага жыцця, якія ўяўляюць сабой духоўную каштоўнасць сусветнага маштабу, бо не паўтараюць іншыя літаратуры і фальклор, не прыпадабняюцца да іх.