4.1. Беларуская літаратурная мова і яе нормы
^ Вверх

4.1. Беларуская літаратурная мова і яе нормы

Беларуская літаратурная мова — асноўная, вышэйшая форма нацыянальнай мовы. Яна апрацоўвалася і творча ўзбагачалася многімі пакаленнямі пісьменнікаў, дзеячаў культуры і вучоных. Літаратурная мова ўжываецца ў розных сферах жыцця і дзейнасці беларускага народа, і гэта абумовіла выпрацоўку ў ёй разгалінаванай сістэмы функцыянальных стыляў.

Адна з істотных прымет літаратурнай мовы — яе ўнармаванасць. «Моўная норма — сукупнасць найбольш устойлівых, традыцыйных элементаў мовы, гістарычна адабраных і замацаваных грамадскай моўнай практыкай у якасці агульнапрынятых правілаў»[1]. Моўная норма — катэгорыя гістарычная, адносна ўстойлівая і адначасова зменлівая.

Беларуская літаратурная мова, як і іншыя мовы, мае свае нормы:

  • акцэнталагічныя нормы — правільная пастаноўка націску. Напрыклад: выпадак, непрыяцель (вораг), непрыяцель (нядобразычлівец), пасланец і г.д.;
  • арфаграфічныя нормы — напісанне слоў, якое вызначана пэўнымі правіламі. Так, па-беларуску вымаўляецца [γарацк’і], [с’н’эх], [стушка], а пішацца гарадскі, снег, стужка;
  • арфаэпічныя нормы — правільнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў. Напрыклад, нормай з’яўляецца перадача ў вымаўленні мяккіх [з’], [с’] перад наступнымі мяккімі зычнымі [с’ц’ах], [з’н’эс’ц’і], аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова [γолуп], [сат], вымаўленне падоўжанага гука [ч] на месцы спалучэнняў [дч], [тч] [выклачык], [л’очык] і інш.;
  • лексічныя нормы — правільны выбар слова і дарэчнасць яго прымянення ў агульнавядомым значэнні і агульнапрынятых спалучэннях. Напрыклад, не ўсе словы, якія ўжываюцца ў беларускай мове, уваходзяць у літаратурную мову. Так, не ўключаюцца словы, якія маюць грубы ці непрыстойны сэнс (боўдзіла, сапляк, плявузгаць), а таксама жаргонныя і вузкадыялектныя словы, ужыванне якіх абмежавана пэўным асяроддзем або мясцовай гаворкай (вуркаган /злодзей/, катлець /мерзнуць/, кропна /жудасна/, гальнік /дзяркач/);
  • марфалагічныя нормы — правільнае выкарыстанне формаў слоў. Напрыклад, у беларускай мове назоўнікі м.р. у форме Р.скл. адз.л. могуць мець канчатак –а (–я) або –у (–ю) вучня, аленя, ветру, снегу (параўн. з рускай мовай ученика, оленя, ветра, снега), а таксама неабходна ведаць, што род або лік назоўнікаў беларускай мовы не заўсёды супадае з родам ці лікам назоўнікаў рускай мовы (параўн.: /бел./ гусь (ж.р.) — /руск./гусь (м.р.), сабака (м.р.) — собака (ж.р.), дзверы (мн.лік) — дверь (адз.лік);
  • пунктуацыйныя нормы — правільная пастаноўка знакаў прыпынку. Напрыклад, коска ставіцца паміж аднароднымі членамі сказа пры адсутнасці злучнікаў: Добрай раніцы ў полі вятрам-дабрадзеям, каласам умалотным, высокім, рупным жнеям (М.Т.);
  • сінтаксічныя нормы — правільная пабудова словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў. Напрыклад, у словазлучэннях, дзе галоўнае слова лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры, залежныя словы-назоўнікі ўжываюцца ў форме Н.скл. мн.л.: два берагі, тры сталы, чатыры студэнты. У рускай мове ў такіх словазлучэннях назоўнікі маюць форму Р.скл. адз.л.: два берега, три стола, четыре студента;
  • словаўтваральныя нормы — правільнае ўтварэнне новых слоў у адпаведнасці з законамі беларускай мовы. Напрыклад, аддзеяслоўныя назоўнікі найчасцей утвараюцца ад інфінітываў незакончанага трывання. Калі дзеяслоў не мае інфінітыва незакончанага трывання або калі формы інфінітыва абодвух трыванняў супадаюць, то ў аддзеяслоўных назоўніках захоўваецца націск інфінітыва закончанага трывання: спаткáць — спаткáнне, кахáць — кахáнне; прыметнікі на –оўскі ўтвараюцца ад уласных назоўнікаў з націскным канчаткам: Масты — мастоўскі, Літва — літоўскі;
  • стылістычныя нормы — выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасці з пэўным стылем. Напрыклад, лічыцца стылістычнай памылкай нематываванае ўжыванне ў адным стылі слоў, выразаў, сінтаксічных канструкцый, уласцівых іншаму стылю мовы, найчасцей — выкарыстанне ў адным кантэксце рознастылёвай (кніжнай — гутарковай) лексікі: 1. Я працавала ў школе амаль цэлы год і вельмі прывыкла да маіх вучняў, да гэтых хітрых мардашак. 2. Пасля купальскіх светкаванняў яшчэ з тыдзень кожны гаспадар шукае свае вароты. Гэта вынік дзейнасці вясковай моладзі.

Моўныя нормы адлюстроўваюць самыя характэрныя рысы нашай мовы і з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх, хто карыстаецца ёю. Дзякуючы нормам дасягаецца адзінства мовы, разуменне паміж людзьмі ў працэсе моўных зносін.



[1] Сцяцко, П.У. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П.У.Сцяцко, М.Ф.Гуліцкі, Л.А.Антанюк. — Мінск: Выш. школа, 1990. — С.83.