3.5. Антанiмiя
^ Вверх

3.5. Антанiмiя

Семантычныя адносіны ў лексічнай сістэме мовы дапаўняюцца антаніміяй. Тэрміналогіі антанімія ўласціва не менш, чым лексіцы агульналітаратурнай мовы, таму што адным з важных праяўленняў сістэмных адносін у мове і ў тэрміналогіі ёсць сэнсавае супрацьпастаўленне яе элементаў.

Паняцці нярэдка ўзнікаюць парамі, калі адно з іх утрымлівае ў сабе сваю супрацьлегласць, якая грунтуецца на відазмяненнях унутры адной і той жа з’явы (якасці, уласцівасці, стану). Антанімічнасць выступае як асаблівая характарыстыка лексічнага значэння слоў, як спецыфічнае моўнае адлюстраванне відазмяненняў і супрацьлегласцей у прадметах і з’явах аб’ектыўнага свету. Асэнсаванне такой супрацьлегласці дапамагае дакладней устанавіць значэнне слоў, іх узаемасувязь і месца ў лексічнай сістэме мовы. У тэрміналогіі рэалізуюцца два тыпы антаніміі — лексічны і словаўтваральны. Сярод тэрмінаў-слоў, якія складаюць групу лексічных антонімаў, сустракаюцца: а) назоўнікі: халерык — меланхолік: халерык — ‘хуткі, парывісты чалавек, здольны аддавацца справе з выключнай заўзятасцю’; меланхолік — ‘павольны чалавек, які вяла рэагуе на ўсё, што акружае яго’ і да т.п.; б) прыметнікі — кампаненты састаўных тэрмінаў: аналітычная (памяць) — інтуітыўная (памяць), унутранае (маўленне) — знешняе (маўленне), вуснае (маўленне) — пісьмовае (маўленне), агульная (псіхіятрыя) — прыватная (псіхіятрыя) і іншыя.

Словаўтваральная антанімія таксама пашырана: а) назоўнікі, адзін з якіх мае прэфікс дэ-, што выражае сэнсавую супрацьлегласць суадносных паняццяў, напрыклад: градацыя — дэградацыя; б) прыметнікі — кампаненты састаўных тэрмінаў: умоўны (рэфлекс) — безумоўны (рэфлекс), адэкватнае (успрыманне) — неадэкватнае (успрыманне), міжасабовы (канфлікт) — унутрыасабовы (канфлікт), доўгачасовая (рэлаксацыя) — кароткачасовая (рэлаксацыя) і іншыя. У падобных выпадках сродкамі выражэння супрацьлегласці з’яўляюцца прыстаўкі не-, без- у аднаго з членаў антанімічнай пары ці прыстаўкі і першыя часткі складаных слоў доўга- і каротка-, унутры- і між-.