3.2. Адназначнасць
^ Вверх

3.2. Адназначнасць

Пытанне пра адназначнасць тэрмінаў — адно з прынцыповых пытанняў тэрміназнаўства.

Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы ці тэхніцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін. Напрыклад тэрмін слабарозум абазначае «трывалае або малаабарачальнае паслабленне псіхічнай дзейнасці».

Аднак патрабаванне адназначнасці тэрмінаў не заўсёды вытрымліваецца, бо мнагазначнасць як з’ява, шырока прадстаўленая ў агульнай лексіцы, знаходзіць пашырэнне і ў тэрміналогіі. Мнагазначнасць (полісемія) — здольнасць слова мець адначасова некалькі значэнняў, з’яўляецца істотным недахопам тэрміна. Але зразумець дэфініцыю асобных тэрмінаў мы можам дзякуючы кантэксту. Напрыклад, тэрмін рассеянасць мае наступныя значэнні: 1) Паглыбленне ўвагі ў работу, якое выключае з поля зроку чалавека ўсё астатняе; 2) Стан, калі чалавек ні на чым не можа дастаткова доўга засяродзіць увагу і пераключаецца з аднаго аб’екта на другі, што не дазваляе рашыць пастаўленую перад ім задачу. Так, у сказе Рассеянасць у Васіля праяўляецца не толькі на ўроках матэматыкі тэрмін рассеянасць ужываецца ў другім значэнні.

Сапраўды, для мнагазначных тэрміналагічных адзінак абыякавасць да кантэксту не з’яўляецца характэрнай прыметай, таму што ў пэўных кантэкстуальных умовах губляецца мнагазначнасць тэрміна, рэалізуецца толькі адно з яго значэнняў.

Таму ў сферы навуковых або навучальных зносін неабходна стварыць умовы маўлення, якія б забяспечылі слухачу або чытачу магчымасць адназначнага і дакладнага разумення выкарыстанага тэрміна.

Такім чынам, тэрмін павінен быць адназначным, бо ён служыць для абазначэння прадметаў і з’яў функцыянальнага стылю навуковай і тэхнічнай літаратуры, для якой павінны быць характэрны дакладнасць і яснасць.