3.3. Сiнанiмiя, дублетнасць, варыянтнасць
^ Вверх

3.3. Сiнанiмiя, дублетнасць, варыянтнасць

Адно з галоўных патрабаванняў да ідэальнага тэрміна заключаецца ў тым, што ён не павінен мець сінонімаў, бо для тэрмінасістэмы характэрна ўзаемаадназначная адпаведнасць паміж тэрмінам і паняццем: адзін тэрмін  адно паняцце. Аднак у сучасных тэрмінасістэмах сінанімія, дублетнасць і варыянтнасць усё ж існуюць.

Тэрміназнаўства пакуль не мае несупярэчлівай класіфікацыі тэрмінаў-сінонімаў. Многія мовазнаўцы сінонімамі называюць словы: а) роўныя па значэнні і б) блізкія па значэнні. Пры гэтым некаторыя лінгвісты лічаць сінонімамі і тыя, і другія, а некаторыя — толькі адну з гэтых разнавіднасцей. Але найбольш распаўсюджанай з’яўляецца такая класіфікацыя, згодна якой вылучаюцца тэрміны-сінонімы, тэрміны-дублеты і сінанімічныя варыянты тэрмінаў.

Да тэрмінаў-сінонімаў аднoсяць такія тэрміны, якія сваім унутраным зместам адлюстроўваюць розныя класіфікацыйныя прыметы аднаго і таго ж паняцця (іх значэнні супадаюць часткова). Напрыклад: абстракцыя — адцягненасць, аўтаномнае (маўленне) — малое (маўленне), выдумка — уяўленне, знак — сімвал і г.д.

У групу тэрмінаў-дублетаў уключаюцца тэрміны, якія ў сваім паняційным змесце не маюць ніякіх сэнсавых адценняў (іх значэнні супадаюць поўнасцю). Напрыклад: абулія — нерашучасць, звыш-я — супер-эга, імпрытынг — захоўванне, яно — ід і г.д.

Пад варыянтнасцю разумеюць такую з’яву, калі для абазначэння аднаго і таго ж паняцця выкарыстоўваюцца розныя варыянты аднаго і таго ж тэрміна. «Варыянтамі з’яўляюцца разнавіднасці таго самага тэрміна, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі і словаўтваральнымі элементамі ці сродкамі выражэння граматычных значэнняў, але не маюць ніякіх семантычных адценняў і поўнасцю супадаюць сваім значэннем»[1]. Напрыклад: міжклеткавае рэчыва — міжклетачнае рэчыва, узроставыя асаблівасці — асаблівасці ўзросту і г.д.

Тэрміналагічныя сінонімы, дублеты, варыянты — гэта непажаданыя з’явы ў мове навукі, і большасцю даследчыкаў яны характарызуюцца як тэрміналагічная лішкавасць, празмернасць.

Сярод тэрмінаў вылучаюцца наступныя тыпы сінанімічных адпаведнасцей са словазлучэннямі: 1) «слова — словазлучэнне», напрыклад: зоапсіхалогія — псіхалогія жывёл, кананалаг — кантактны аналаг, неакартэкс — новая кара галаўнога мозга, палеакартэкс — старажытная кара галаўнога мозга, архікартэкс — старая кара галаўнога мозга і да т.п.; 2) «словазлучэнне — словазлучэнне», напрыклад: сімвалічная функцыя — знакавая функцыя, уяўная барацьба — рытуалізаваная барацьба, ніжні парог — абсалютны парог і да т.п. 3) «поўная форма тэрміна — кароткая форма тэрміна», напрыклад: абарона псіхалагічная — абарона і д.п.

Такім чынам, у працэсе ўдасканалення беларускай нацыянальнай тэрміналогіі неабходна пазбавіцца ад варыянтаў і ў пэўнай меры абмежаваць сінанімію і дублетнасць.


[1] Красней, В.П. Аб сiнонiмах, дублетах i варыянтах у тэрмiналогii / В.П.Красней // Веснiк БДУ. Сер.4. — 1995. — № 1. — С.27.