2.2. Спецыяльная лексіка
^ Вверх

2.2. Спецыяльная лексіка

Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы, што ўжываюцца прадстаўнікамі пэўнай спецыяльнасці ці галіны навукі. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы.

Усе гэтыя разнавіднасці спецыяльнай лексікі аб’яднаны не толькі адной сферай зносін, але і абавязковай суаднесенасцю са спецыяльным (навуковым або тэхнічным), а не агульнаўжывальным паняццем. І тэрміны, і наменклатурныя назвы, і прафесіяналізмы з’яўляюцца назвамі спецыфічных рэалій або паняццяў са сферы навукі, тэхнікі, вытворчасці і г.д. У той жа час класы тэрмінаў і прафесіяналізмаў супрацьпастаўлены па прымеце «афіцыйнае, узаконенае, нарматыўнае найменне спецыяльнага паняцця» — «неафіцыйнае, неўзаконенае, ненарматыўнае найменне паняцця», а таксама сферай функцыянавання: для тэрмінаў — гэта пісьмовае маўленне, для прафесіяналізмаў — вуснае маўленне прадстаўнікоў розных прафесій.

Наменклатура, у сваю чаргу, супрацьпастаўляецца тэрміналогіі як сукупнасць найменняў прадметаў сукупнасці найменняў паняццяў. Наменклатурны знак называе канкрэтныя прадметы, дакладней клас аднародных прадметаў, а тэрмін — тэарэтычнае паняцце або агульнае паняцце пра клас прадметаў.