2.1. Дыялектная лексіка
^ Вверх

2.1. Дыялектная лексіка

Дыялектная лексіка (грэч. dialektos — гаворка, дыялект) — гэта словы, якія ўжываюцца на пэўнай тэрыторыі і вядомы не ўсім носьбітам беларускай мовы, а толькі тым, хто жыве на той тэрыторыі, дзе яны бытуюць. Аснову кожнай мясцовай гаворкі складаюць словы агульнаўжывальныя. Частка лексікі гаворкі або дыялекта, якая адрозніваецца ад агульнаўжывальнай, складае дыялектную лексіку. Асобнае дыялектнае слова, уведзенае ў літаратурны тэкст, але поўнасцю не асвоенае літаратурнай мовай, называецца дыялектызмам (англ. dialectism).

Дыялектызмы падзяляюцца на пяць разрадаў: 1) лексічныя дылектызмы — гэта мясцовыя словы-назвы агульнавядомых прадметаў, дзеянняў, прымет. У літаратурнай мове такім назвам адпавядаюць агульнаўжывальныя словы. Сярод іх адрозніваюцца: уласналексічныя дыялектызмы — гэта мясцовыя назвы агульнавядомых прадметаў, з’яў і паняццяў, напрыклад: вятроўкі (басаножкі), ясёнка (асенняе паліто), шаліноўка (святочная хустка), змануць (прывыкнуць), жылач (верабей), кулінкі (парэчкі) і г.д.; этнаграфічныя дыялектызмы — гэта словы, якія называюць рэаліі, характэрныя ў пэўнай мясцовасці і для наймення якіх адсутнічаюць літаратурныя словы. Напрыклад, у некаторых гаворках Гродзеншчыны ўжываецца слова кузёмка, якое абазначае пасудзіну з кары для збірання ягад. У іншых мясцінах Беларусі гэты прадмет не сустракаецца, таму прыведзенае вышэй слова абмежавана толькі пэўнай тэрыторыяй, г.зн. абмежавана этнаграфічна. У «Слоўніку гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі» сустракаюцца наступныя этнаграфічныя дыялектызмы: апора — ’корм скаціне з мякіны, мукі, сянной пацярухі’, ясік — ’маленькая падушка’, кляпанкі — ’калошы сваёй работы’, матлахон — ’непаседлівы чалавек’, дахаўка — ’футравае паўпаліто’; 2) семантычныя дыялектызмы — гэта такія мясцовыя назвы, якія ў вымаўленні і напісанні супадаюць з агульнанароднымі словамі, але адрозніваюцца ад іх сваім значэннем. Напрыклад: лазня (дыял.) — ’дзіця, якое ўсюды ўлезе, нашкодзіць’ і лазня (літ.) — ’спецыяльнае памяшканне, у якім мыюцца і парацца’ і ’мыццё ў такім памяшканні’; смага (дыял.) — ’гора, бяда’ і смага (літ.) — ’моцнае жаданне піць’; дубальтоўка (дыял.) — ’падвойная хустка’ і дубальтоўка (літ.) — ’двухствольнае паляўнічае ружжо’; галка (дыял.) — ’плечавы сучтаў’ і галка (літ.) — ’від птушкі’; дрыгва (дыял.) — ’застылы адвар разам з кусочкамі мяса ці без яго’ і дрыгва (літ.) — ’балота’ і г.д.; 3) фанетычныя дыялектызмы — гэта мясцовыя назвы, якія адрозніваюцца ад літаратурных слоў асобнымі гукамі, напрыклад: братачко (братачка), дрянікі (дранікі), пасоля (фасоля), хвартух (фартух), штрап (штраф), аглянуўса (аглянуўся), хадзема (хадзем) і г.д.; 4) словаўтваральныя дыялектызмы — гэта мясцовыя назвы, якія адрозніваюцца ад суадносных літаратурных слоў словаўтваральнымі сродкамі, напрыклад: дабытак (прыбытак), стрывожыцца (устрывожыцца), тамака (там), пявун (певень), жартун (жартаўнік), насевак (насенне) і г.д.; 5) граматычныя дыялектызмы — гэта мясцовыя назвы, якія адрозніваюцца ад літаратурных слоў асобнымі граматычнымі значэннямі ці сродкамі іх выражэння. Напрыклад, дыялектызмы дрыгво, разор, санаторыя, траншэй адрозніваюцца ад адпаведных агульналітаратурных слоў дрыгва, разора, санаторый, траншэя граматычным значэннем роду; дыялектызмы гавора, нясець, ходзя, кажыць ад формаў дзеясловаў гаворыць, нясе, ходзіць, кажа адрозніваюцца канчаткамі, гэта значыць сродкамі выражэння граматычнага значэння 3-й асобы цяперашняга часу адзіночнага ліку.

Дыялектная лексіка — крыніца ўзбагачэння агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы. Шмат слоў, некалі вядомых толькі ў асобных гаворках, так пашырылі сферу свайго ўжывання, што сталі агульнаўжывальнымі, напрыклад: аселіца, акрыяць, бруіцца, нягеглы, плён, плённы і інш.