2.3. Жаргонная і аргатыўная лексіка
^ Вверх

2.3. Жаргонная і аргатыўная лексіка

Ад лексікі дыялектнай і спецыяльнай адрозніваецца так званая жаргонная лексіка. Жаргон (фр. jargon) — сацыяльная разнавіднасць мовы, якой карыстаюцца прафесійныя групы і сацыяльныя праслойкі людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча. Яна адрозніваецца ад літаратурнай мовы спецыфічнай лексікай і фразеалогіяй, створанай на аснове агульнаўжывальных слоў шляхам эмацыянальна-прафесійнага іх пераасэнсавання. Існуе, напрыклад, жаргон гандляроў, спартсменаў, маракоў, вайскоўцаў, студэнтаў, выкладчыкаў і г.д. Жаргон з’яўляецца своеасаблівым дыялектам пэўнай узроставай групы людзей або «прафесійнай» карпарацыі (Л.І.Скварцоў). Таму жаргоны часта называюць сацыяльнымі дыялектамі.

У адрозненне ад тэрытарыяльных дыялектаў жаргонная лексіка не мае сваёй фанетычнай і граматычнай сістэмы. Лексіка жаргона фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Словы і выразы жаргоннай мовы, якія выкарыстоўваюцца за межамі жаргону, называюцца жарганізмамі.

Жарганізмы тэматычна звязаны з рознымі групамі прафесійнай лексікі. Прафесійныя жарганізмы — гэта прастамоўныя словы прафесійнага маўлення, бытавыя, стылістычныя адпаведнікі тэрмінаў і прафесіяналізмаў. Па сваім паходжанні прафесійныя жарганізмы з’яўляюцца або пераасэнсаванымі агульнаўжывальнымі словамі, або новаўтварэннямі ад іх. Але ў адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў, створаных такім самым спосабам, прафесійныя жарганізмы ўяўляюць сабой нематываваныя назвы. Яны даюцца прадмету, з’яве, працэсу на аснове або прыблізнай, або аддаленай асацыяцыі. Напрыклад: гарбач — нямецкі самалёт-разведчык, буйны асетр — пасажыр, які далёка едзе. Аўтамабілісты, напрыклад, часта карыстаюцца словам керагаз (старая дрэнная машына-грузавік), баранка (руль у аўтамашыне), чайнік (нявопытны шафёр).

У маладзёжных калектывах, у прыватнасці ў студэнцкім і вучнёўскім асяроддзі, можна сустрэць такія ўтварэнні, як немка (настаўніца нямецкай мовы), арганіка (арганічная хімія), чыталка (чытальная зала), хвост (не здадзены ў тэрмін экзамен, залік і пад.), продкі (бацькі).

Своеасаблівым жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў негатыўнага характару: халтура (нядобрасумленна выкананая работа), налізацца (напіцца), свіснуць (украсці) і інш.

Жарганізмы ў мастацкай літаратуры выкарыстоўваюцца для тыпізацыі персанажаў, характарыстыкі сацыяльных груп і катэгорый людзей.

Жаргонная лексіка няўстойлівая і часам значна змяняецца. Лексіка розных жаргонаў можа часткова супадаць, утвараючы так званы інтэржаргон. Асобныя жаргонныя словы могуць набываць больш шырокае ўжыванне, захоўваючы зарад экспрэсіўнасці, эмацыянальнай ацэнкі. Некаторыя жарганізмы часам пранікаюць у літаратурную мову і замацоўваюцца ў ёй у сваім пераносным, ацэначным значэнні, напрыклад: Аркадзю пасля таго, як ён зрэзаўся пры паступленні ў педагагічны інстытут, нават боязна было і падумаць паступаць яшчэ куды-небудзь (Р.Сабаленка. Бурштынавае вочка). Аднак ужыванне жарганізмаў у мастацкай літаратуры ў якасці характарыстычных сродкаў патрабуе вялікага майстэрства. Інакш ужыванне жаргоннай лексікі можа засмеціць мову, зрабіць яе грубай, малазразумелай і непрыгожай.

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго (фр. аrgot — замкнуты, нядзейсны). У строга тэрміналагічным сэнсе арго — гэта мова нізоў грамадства, дэкласаваных груп і крымінальнага асяроддзя: жабракоў, злодзеяў, карцёжных шулераў і г.д. Напрыклад: пахан, папаня (неафіцыйны лідэр сярод турэмшчыкаў), вышка (вышэйшая мера пакарання), стукач (даносчык) і да т.п.

Аргатыўныя словы, як і жарганізмы, не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму беларускай літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў літаратурна-мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя, гістарычнай эпохі і пад.