РАЗДЗЕЛ 4. ЛЕКСІКАГРАФІЯ. ТЭРМІНАГРАФІЯ
^ Вверх

Раздзел 4. Лексікаграфія. Тэрмінаграфія 

§1. Паняцце «лексікаграфіі» і «тэрмінаграфіі» 

Лексікаграфія ( ад грэч. lexikós — які адносіцца да слова і graphō — пішу) — гэта 1) тэорыя і практыка складання слоўнікаў; 2) сукупнасць слоўнікаў пэўнай мовы, пэўнага тыпу, пэўнага разраду лексікі і г.д.

Тэрмінаграфія ( ад грэч. terminus — канец, мяжа і graphō — пішу) — гэта 1) адзін з аспектных напрамкаў сучаснай лексікаграфіі; 2) сукупнасць тэрміналагічных слоўнікаў.

Слоўнік — кніга, рукапіс ці электронная праграма, у якіх зафіксаваны ў пэўным парадку (алфавітным, гнездавым, тэматычным, храналагічным, лічбавым або інш.) словы ці іншыя адзінкі мовы з адпаведнымі звесткамі пра іх у выглядзе тлумачэнняў, перакладаў на іншую мову, ілюстрацый з розных жанраў літаратуры і г.д.

Тэрміналагічны слоўнік — гэта даведнік, які адлюстроўвае тэрміны якой-небудзь галіны навукі, тэхнікі, культуры і г.д.

У практычныя задачы лексікаграфіі і тэрмінаграфіі ўваходзіць збор, сістэматызацыя і фіксацыя лексічнага матэрыялу. Лексічным матэрыялам для лексікаграфіі з’яўляецца ў асноўным агульнаўжывальная, дыялектная і жаргонная лексіка, а для тэрмінаграфіі — гэта тэрміны пэўнай галіны навукі, тэхнікі, культуры, вытворчасці, мастацтва і г.д.

У тэарэтычныя задачы лексікаграфіі і тэрмінагарафіі ўваходзіць вызначэнне тыпаў слоўнікаў, прынцыпаў апісання слоў (для тэрмінаграфіі — тэрмінаў) у слоўнікавых артыкулах, распрацоўка сістэмы памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова (ці тэрміна).

Складанне слоўнікаў выклікаецца разнастайнымі навуковымі, культурнымі і практычнымі патрэбамі: растлумачыць значэнне слоў, іх ужыванне, правапіс, паходжанне, дапамагчы ў авалоданні замежнай мовай і інш. Напрыклад, адкрыўшы «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» мы можам даведаецца, што такое экзамен:

Экзамен, -у, мн. –ы, -аў, м. 1. Праверка ведаў па якім-н. вучэбным прадмеце. Э. па фізіцы. 2. перан. Якое-н. выпрабаванне, праверка. Э. на смеласць. || прым. экзаменацыйны, -ая, -ае (да 1 знач.).

А таксама будзем ведаць, што гэта назоўнік мужчынскага роду, які ў родным склоне адзіночнага ліку мае канчатк –у і што гэты назоўнік утварае форму множнага ліку. У множным ліку слова экзамен будзе ўжывацца з канчаткам –ы ў назоўным склоне і з канчаткам –аў — у родным. Ад назоўніка экзамен (у 1 значэнні) утвараецца прыметнік экзаменацыйны, які мае канчаткі –ая (для жаночага роду), -ае (для ніякага роду). Са слоўнікавага артыкула вынікае, што слова экзамен мнагазначнае, што яно можа ўжывацца і ў прамым, і ў пераносным значэнні.