§2. Будова слоўнікавага артыкула, сістэма стылістычных і граматычных памет
^ Вверх

§2. Будова слоўнікавага артыкула, сістэма стылістычных і граматычных памет 

Слова, якое тлумачыцца ў слоўніку, называецца рэестравым (загаловачным) словам. Рэестравае слова разам з усімі звесткамі пра яго складае слоўнікавы артыкул. Загаловачнае слова падаецца ў пачатковай форме: назоўнік, лічэбнік, займеннік — у назоўным склоне адзіночнага ліку, прыметнік, дзеепрыметнік — у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду, дзеяслоў — у неазначальнай форме.

Найчасцей размяшчэнне слоў у слоўніку бывае алфавітным або гнездавым. Напрыклад:

  • алфавітнае размяшчэнне:

враг вораг

вражда варожасць

враждебность варожасць

враждебный варожы

враждовать быць (знаходзіцца) у варожасці, ваяваць

вражеский варожы

вражий варожы /Грабчыкаў (рбс), с.26/.

  • гнездавое размяшчэнне:

вра//г 1. вораг, -га м; классовый в. класавы вораг; в. народа вораг народа; 2. (дьявол) нячысты, -тага м, нячысцік, -ка м, чорт, род чорта м; в.попутал нячысты (нячысцік, чорт) падбіў (падаткнуў); ~ жда варожасць, -ці ж; ~ ждебно нареч. варожа; ~ ждебность варожасць, -ці ж; ~ ждебный варожы; ~ ждовать несов. варагаваць; (воевать) ваяваць. /РБС-93, І, с.221/.

Враж//еский варожы; ~ ий 1. нар.-поэт. варожы; 2. (дьявольский) уст. чартоўскі; ◊ ~ ья сила нячыстая (варожая) сіла. /РБС-93, І, с.221/.

У залежнасці ад тыпу слоўніка, прызначэння і структуры ў слоўнікавым артыкуле могуць падавацца: сэнсавая, граматычная і стылістычная характарыстыка слова; пераклад слова на іншую мову (мовы); этымалогія (паходжанне) слова; ілюстрацыйны матэрыял; тэрміналагічныя і фразеалагічныя словазлучэнні.

Сэнсавую характарыстыку слова складае яго тлумачэнне, якое можа праводзіцца:

1. Апісальна, або шляхам лагічнага вызначэння, напрыклад: Страх, -у, м. 1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху /ТСБМ, V-1, с.337/.

2. Падборам сінонімаў, напрыклад: узнервавацца, -нервуюся, -нервуешся, –нервуецца; зак., разм. Усхвалявацца, разнервавацца /ТСБМ, V-1, с.645/.

3. Устанаўленнем словаўтваральных адносін, напрыклад: вуллёвы. Прым. да вулей /СЦБМ, с.27/.

Усе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле і пазначаюцца арабскімі лічбамі; словы-амонімы — у розных артыкулах.

Граматычная і стылістычная характарыстыкі даюцца шляхам выкарыстання розных памет.

У граматычную характарыстыку ўваходзяць: назвы часцін мовы (выклічнік — выкл., дзеепрыметнік — дзеепрым., дзеепрыслоўе — дзеепрысл., дзеяслоў — дзеясл., займеннік — займ., злучнік — злуч., лічэбнік — ліч., назоўнік — наз., прыметнік — прым., прыназоўнік — прыназ., прыслоўе — прысл., часціца — часц.); паметы роду (м., ж., н.), ліку (адз., няма, толькі мн., мн., толькі адз.), трывання (зак., незак.), асобы (1, 2 ас. не ўжыв.).

У стылістычную — паметы, якія паказваюць абмежаванае ўжыванне слоў (разм., абл., кніж., уст., ласк.), сферу іх выкарыстання (спец., астр., бат., псіхал., філас.).

Пераклад на іншую мову даецца ў перакладных слоўніках, ілюстрацыйны матэрыял залежыць ад тыпу слоўніка, а тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні прыводзяцца адпаведна пасля знакаў ○, ◊.