ДАДАТАК
Паслядоўнасць работы над рэфератам
- Выбар тэмы рэферата.
- Падбор неабходнай літаратуры і састаўленне бібліяграфіі па выбранай тэме.
- Першаснае азнаямленне з літаратурай (спачатку з літаратурай больш агульнага характару, а затым з крыніцамі, у якіх разглядаюцца асобныя пытанні ўзнятай праблемы).
- Фармулёўка мэты і задач рэферата.
- Складанне плана, які раскрывае змест рэферата і паслядоўнасць рашэння задачы.
- Паглыбленае і дэтальнае вывучэнне літаратуры. Канспектаванне асобных палажэнняў з абавязковымі спасылкамі на крыніцу. Даслоўныя цытаты бяруцца ў двукоссе. Спасылкі могуць прыводзіцца ў падрадковых заўвагах або ўнутры тэксту. У апошнім выпадку спасылка афармляецца ў квадратных дужках, дзе першая лічба — парадкавы нумар крыніцы ў агульным спісе выкарыстанай літаратуры, а другая — нумар старонкі. Напрыклад: [33, с.24].
- Пасля збору матэрыялу па кожным пункце матэрыялу здзяйсняецца выклад зместу рэферата, які можа быць праілюстраваны яскравымі прыкладамі з вопыту работы школы. Акрамя думак, якія выкладзены ў літаратуры, рэферат прадугледжвае і ўключэнне ўласных думак аўтара рэферата, яго ацэначныя і асабістае меркаванні.
Структура рэферата
- Тытульны ліст, на якім указваецца: назва навучальнай ўстановы; тэма рэферата; дысцыпліна, па якой выконваецца рэферат; прозвішча, імя, імя па бацьку, факультэт, курс студэнта, які выканаў рэферат; горад, год.
- План (змест) рэферата.
- Уводзіны, дзе адлюстроўваецца актуальнасць праблемы, назва рэферата, мэта, задачы, метады даследавання, якія прымяняліся пры падрыхтоўцы рэферата.
- Асноўны змест рэферата, які раскрываецца ў главах з адпаведнымі назвамі. Главы пры неабходнасці могуць дзяліцца на параграфы. У гэтай частцы раскрываюцца асноўныя тэарэтычныя палажэнні, вывучаемыя праблемы і адлюстроўваецца стан спраў у практыцы.
- Заключэнне, у якім адзначаецца: ці дасягнута мэта, вырашаны пастаўленыя задачы, робяцца агульныя вывады па праблеме, уносяцца рэкамендацыі і прапановы для практыкі.
- Спіс выкарыстаных літаратурных крыніц, якія прадстаўлены ў алфавітным парадку аўтараў ці (калі аўтары на тытульным лісце не ўказаны) па алфавітным размеркаванні загалоўкаў. Паслядоўнасць зыходных дадзеных па крыніцах: прозвішча і ініцыялы аўтара, назва кнігі (артыкула, зборніка), нумар тома, месца выдання, назва выдавецтва, год выдання, нумар часопіса, колькасць старонак.
- Дадатак (калі ёсць).
Афармленне рэферата
Папера стандартнага фармату А 4. Нумерацыя старонак скразная (арабскімі лічбамі ў правым верхнім вугле). На тытульным лісце нумар старонкі не ўказваецца, аднак гэта старонка лічыцца першай.
Назвы глаў і параграфаў абавязкова прыводзяцца ў тэксце. Кожная глава пачынаецца з новай старонкі. Усе структурныя раздзелы рэферата (уводзіны, асноўная частка, спіс выкарыстаных крыніц, заўвагі) пачынаюцца з новай старонкі.
Падрыхтоўка рэцэнзіі
Падрыхтоўка рэцэнзіі ажыццяўляецца ў два этапы: падрыхтоўчы — папярэдні разбор рэцэнзуемай работы, падрабязнае і глыбокае яе вывучэнне, выпісванне асабліва значных момантаў, фіксаванне ўзнікшых уражанняў. Вынікам этапа з’яўляецца канчаткова складзены вобраз аналізуемага твора і сфарміраванае ўражанне аб ім; асноўны — звязаны з напісаннем самой рэцэнзіі. Спачатку складаецца план, куды ўключаюцца: асноўныя пытанні, асвяціўшы якія, можна найбольш поўна апісаць работу і даць ёй адзнаку; паслядоўнасць выкладу матэрыялу з выдзяленнем асноўнага і дадатковага.
Кола пытанняў, якія абмяркоўваюцца рэцэнзентам, уключае:
- Тэму, ідэю работы (аб чым яна і які асноўны вывад робіцца з яе аналізу).
- Праблематыку. Акрамя асноўнай у рабоце можа быць шмат тэм і ідэй. У рэцэнзіі ацэньваюцца найбольш істотныя з іх, высвятляецца навуковая навізна, значнасць і змястоўнасць работы, тэарэтычнае і практычнае значэнне новага.
- Асноўны змест (асноўныя моманты, якія разглядаюцца ў рабоце і з якімі неабходна пазнаёміць чытача).
- Актуальнасць (адзначаецца важнасць пастаўленых аўтарам пытанняў).
Аргументаваны разбор і абгрунтаваны вывад — неабходныя ўмовы рэцэнзіі.
Патрабаванні да зместу рэцэнзіі
- правільная навуковая, метадычная трактоўка пытанняў, якія абмяркоўваюцца рэцэнзентам;
- прынцыповасць і аб’ектыўнасць суджэнняў;
- аргументаванасць вывадаў і рэкамендацый;
- дакладнасць зыходных дадзеных кожнага прыкладу і спасылкі.
План напісання водзыва
- Прадмет аналізу. (У рабоце аўтара…; У прадмеце аналізу …).
- Актуальнасць тэмы. (Работа прысвечана актуальнай тэме ..., Актуальнасць тэмы абумоўлена..., Актуальнасць тэмы не патрабуе дадатковых доказаў (не выклікае сумненняў, відавочная…).
- Фармулёўка асноўнага тэзісу. (Цэнтральным пытаннем работы, дзе аўтар дабіўся найбольш істотных (заўважных, адчувальных...) вынікаў, з’яўляецца..., У артыкуле абгрунтавана на першы план ставіцца пытанне пра...).
- Кароткі змест работы.
- Агульная ацэнка. (Ацэньваючы работу ў цэлым..., Сумуючы вынікі асобных глаў..., Такім чынам, разглядаемая работа..., Аўтар праявіў уменне разбірацца ў ..., сістэматызаваў матэрыял і абагульніў яго..., Безумоўнай заслугай аўтара з’яўляецца новы метадычны падыход (прапанаваная класіфікацыя, некаторыя ўдакладненні існуючых паняццяў…), Аўтар, безумоўна, паглыбляе наша ўяўленне пра даследуемую з’яву..., Работа, бясспрэчна, адкрывае...).
- Недахопы, недакладнасці. (Разам з тым, выклікае сумненне тэзіс пра тое… Да недахопаў (недакладнасцей) работы неабходна аднесці зробленыя аўтарам …, Работа пабудавана нерацыянальна, неабходна было б скараціць… (даць рэкамендацыі), Істотным недахопам работы з’яўляецца…, Адзначаныя недахопы маюць чыста лакальны характар і не ўплываюць на вынікі работы…, Адзначаныя недахопы не зніжаюць высокага ўзроўню, іх хутчэй за ўсё можна лічыць пажаданнямі для далейшай работы аўтара…, Выказаныя недахопы звязаны не столькі з…, колькі з…).
- Вывады. (Уяўляецца, што ў цэлым артыкул… мае важнае значэнне…, Работа можа быць ацэнена станоўча, а яе аўтар заслугоўвае…, Работа заслугоўвае высокай ацэнкі…, Работа адпавядае ўсім патрабаванням…, а яе аўтар заслугоўвае…).
Тэхналогія падрыхтоўкі даклада
- Выбар тэмы даклада. Ацэнка яе актуальнасці на фоне іншых магчымых тэм.
- Фармулёўка мэты даклада і складанне чарнавога варынту плана.
- Работа з літаратурай і іншымі крыніцамі інфармацыі. На асобных лістах выпісваюцца тэзісы і ўласныя разважанні. Падбіраецца фактычны матэрыял і суадносіцца з тлумачальнымі прынцыпамі тэорыі.
- Прагназаванне магчымых рэакцый аўдыторыі на даклад.
- Выбар кульмінацыйнага моманту ў будучым выступленні, будова яго драматургіі. Складанне плана выкладу. Логіка: пазіцыя — аргументы — прыклады — ілюстрацыі — вывады.
- Напісанне тэксту даклада і размеркаванне ўсяго матэрыялу па часе.
- Выбар стылю (жанру) выкладу.
- Прыняцце рашэння пра выкарыстанне наглядных сродкаў, падрыхтоўка наглядных матэрыялаў.
- Выбар спосабу пачатку даклада.
- Рэпетыцыя выступлення.
Узоры афармлення некаторых дакументаў
Аб’ява
20 студзеня 2003 года ў 18.00 у актавай зале вучэбнага корпуса па вул. Леніна, 32 адбудзецца сход членаў студэнцкага прафкама Установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы».
Старшыня прафкама студэнтаў П.П.Нічыпарчык
|
||
Заява
Прашу дазволіць мне датэрмінова здаць зімовую залікова-экзаменацыйную сесію ў сувязі з тым, што ў час сесіі я павінна знаходзіцца на чарговым лячэнні. Даведкі аб стане здароўя дадаюцца.
01.10.08 Лунь А.С.
|
Аўтабіяграфія
Я, Іваноўская Маргарыта Пятроўна, нарадзілася 14 лютага 1981 года ў г.Гродна. Бацька — Іваноўскі Пётр Міхайлавіч, настаўнік гісторыі ў сярэдняй школе №2 г.Гродна. Маці — Іваноўская Марыя Мікалаеўна, старшая медыцынская сястра Гродзенскага абласнога кардыялагічнага дыспансера. У 1988 годзе я паступіла ў сярэднюю школу №2 г.Гродна, якую закончыла ў 1999 годзе. У гэтым жа годзе паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы на філалагічны факультэт. Цяпер займаюся на ІІІ курсе, з’яўляюся старастай 2 групы, членам прафкама студэнтаў. Не замужам.
12.02.08. Іваноўская М.М.
|
Распіска
Я, Паўлоўская Наталія Аляксандраўна, студэнтка 3 групы ІV курса педагагічнага факультэта Установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы», 20 снежня 2002 года атрымала ад каменданта вучэбнага корпуса па вул.Захарава, 32 Яніны Міхайлаўны Місцюк 4 (чатыры) новыя фіранкі і 15 (пятнаццаць) елачных цацак. Пасля святкавання Навагодняга вечара атрыманае вярну на склад.
20.12.02. Паўлоўская Н.А.
|
Даверанасць
Я, Матыс Вадзім Аляксандравіч, студэнт ІІ курса педагагічнага факультэта Установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы», давяраю Банцэвіч Жанне Іванаўне (пашпарт КН 0177657, выдадзены Ленінскім РАУС г.Гродна 10.03.1999 года) атрымаць на пошце пасылку, дасланую на маё імя.
23.02.02 МатысВ.К.
Подпіс студэнта Матыса В.А. сведчу: Дэкан педагагічнага факультэта ____ В.П.Таранцей
23.02.02. М.П.
|
ПЯТРОВА АЛЕНА ІВАНАЎНА
Асабістыя дадзеныя |
25 верасня 1986 г г. Ліда Гродзенскай вобл. Не замужам Грамадзянка Рэспублікі Беларусь Гродна, вул. Мясніцкая, д. 41.корп. 2, кв. 22 Дамашні тэл.: 52-22-64 Мабільны тэл.: 8-029-246-69-97 e-mail; alito @ bk.by |
Мэта |
Атрыманне пасады сацыяльнага педагога |
Адукацыя: |
З 2003 г. — Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы», педагагічны факультэт, спецыяльнасць «Сацыяльная педагогіка» з дадатковай спецыыяльнасцю «Замежная мова» |
|
2001—2003 гг. — курсы англійскай мовы «English first» г.Мінск. |
|
1993—2003 гг. — спецыяльная (з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы) школа № 23 г.Мінска |
Вопыт работы |
Адсутнічае |
Прафесійныя навыкі |
Валоданне англійскай і нямецкай мовамі, веданне ПК і пакета праграм Microsoft Office, машынадруку (200 удараў у хвіліну) |
Якасці асобы |
Таварыская, добразычлівая, адказная, ініцыятыўная |
Захапленне |
Веласпорт, тэатр. |
25.01.07 |
Іванова |