Уводзіны
§1. Беларуская мова — нацыянальная мова беларускага народа
Нацыянальнай называецца мова, якая з’яўляецца сродкам пісьмовых і вусных зносін нацыі. Нацыянальная мова — катэгорыя гістарычыая: яна складваецца ў перыяд пераўтварэння народнасці ў нацыю, таму што нацыя як гістарычная супольнасць акрамя агульнай тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу характарызуецца і агульнасцю мовы. Мова — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі, і агульнасць мовы з'яўляецца важнай умовай эканамічнай і палітычный канцэнтрацыі жыцця грамадства ў перыяд складвання нацыі.
У склад нацыянальнай мовы ўваходзіць і літаратурная мова, і мясцовыя гаворкі, і прастамоўе, і сацыяльныя дыялекты. Аднак яны не з'яўляюцца раўнапраўнымі. У эпоху фарміравання нацый адбываецца станаўленне адзінай літаратурнай мовы, якая пачынае абслугоўваць усе сферы пісьмовых і вусных зносін і паступова выцясняе астатнія разнавіднасці нацыянальнай мовы. Распаўсюджваецца адзінае вуснае літаратурнае маўленне. Працэс пашырэння літаратурнай мовы асабліва паскараецца ў перыяды інтэнсіўнага сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нацыі. Павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню, узрастанне ролі сродкаў масавай інфармацыі (перыядычнага друку, радыё, тэлебачання) ствараюць спрыяльныя ўмовы для шырокага распаўсюджання літаратурнай мовы сярод усіх прадстаўнікоў нацыі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да звужэння ролі і функцый мясцовых гаворак і іншых разнавіднасцей нацыянальнай мовы.
Звычайна кожная нацыя атаясамліваецца з адной нацыянальнай мовай, напрыклад, французы — з французскай, шведы — са шведскай, палякі — з польскай, грузіны — з грузінскай, украінцы — з украінскай і г. д. Аднак у сучасным свеце нярэдкія сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі. Тыповым прыкладам можа служыць Швейцарыя. Швейцарцы — адна нацыя, аднак карыстаюцца французскай, нямецкай, італьянскай і рэтараманскай мовамі. У сучасным Парагваі індзейцы гуарані складаюць больш за 90 % насельніцтва краіны. Таму мова гуарані мае такі ж высокі прэстыж, як і афіцыйная іспанская мова. Сёння гуарані ў гэтай краіне з'яўляецца нацыянальнай мовай, якая выкарыстоўваецца ў розных сферах грамадскага жыцця [1].
3 другога боку, можна прывесці прыклады, калі адна мова з'яўляецца сродкам зносін некалькіх нацый, напрыклад іспанская ў краінах Лацінскай і Цэнтральнай Амерыкі. У такіх выпадках фарміруюцца нацыянальныя варыянты той ці іншай мовы: англійская брытанская, англійская амерыканская, англійская аўстралійская і г. д.
Сучасная літаратурная беларуская мова як вышэйшая форма нацыянальнай мовы пачала складвацца ў ХІХ ст. Гэты працэс супаў з перыядам так званага славянскага адраджэння, калі адбывалася інтэнсіўнае фарміраванне славянскіх нацый і новых славянскіх літаратурных моў. Асаблівасцю складвання мовы беларускай нацыі было тое, што новая беаруская мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай беларускай народнасці — і складвалася на народна-гутарковай аснове.
Упачатку ХХ ст. беларуская мова набыла ўсе правы і функцыі нацыянальнай мовы. Упершыню пасля некалькіх стагоддзяў перарыву яна пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця беларускай нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой беларускай нацыянальнай мовы, і ў першую чаргу яе літаратурнай формы. За кароткі час значна ўзбагаціўся слоўнікавы запас, развіліся функцыянальныя стылі, удасканаліўся граматычны лад, замацаваліся літаратурныя нормы, была створана навуковая тэрміналогія.
На сучасным этапе беларуская нацыянальная мова паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная мастацкая літаратура, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навуковыя працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з'яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця.