Прадмова
У сувязі з пашырэннем сфер выкарыстання беларускай мовы як дзяржаўнай і афіцыйнай мовы краіны да маўленчай культуры будучых спецыялістаў, якім у той ці іншай ступені давядзецца працаваць з моўным матэрыялам, ставяцца высокія патрабаванні. Таму ў сучасных ВНУ Беларусі, у прыватнасці на нефілалагічных факультэтах, вывучаецца такі курс, як «Беларуская мова (прафесійная лексіка)», які накіраваны на тое, каб узбагаціць студэнтаў усімі рэсурсамі роднай мовы. Асабліва важным пры вывучэнні гэтага курса з'яўляецца фарміраванне практычных уменняў і навыкаў будучых спецыялістаў і ўдасканаленне іх маўленчага вопыту ў розных сферах зносін.
Дадзенае вучэбнае выданне пабудавана на аснове сучасных патрабаванняў кампетэнтнаснага падыходу да выкладання дысцыплін у вышэйшых навучальных установах. Вывучэнне беларускай мовы на педагагічных спецыяльнасцях мае на мэце развіццё мовы студэнтаў, авалоданне імі маўленнем як інфарматыўным, інтэрактыўным іперцэптыўным сродкам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: навучальнай, прафесійнай, пазнавальнай, культурнай і інш.
Дапаможнік структурна арганізаваны такім чынам, каб забяспечыць у студэнтаў трывалыя веды па лінгвістычнай тэорыі і выпрацаваць на іх аснове аналітычныя і канструктыўныя ўменні, звязаныя з распазнаваннем, класіфікацыяй і навуковай інтэрпрэтацыяй разнастайных моўных з'яў і працэсаў у галіне псіхолага-педагагічнай тэрміналогіі. Па заканчэнні навучання студэнты павінны засвоіць ролю мовы і маўлення ў працэсе сацыялізацыі асобы; месца беларускай мовы сярод іншых моў свету; асноўныя этапы паходжання і развіцця беларускай мовы; сістэму лексічных і стылістычных сродкаў беларускай мовы і іх камунікатыўныя магчымасці; асноўныя лексікаграфічныя крыніцы па спецыяльнасці, а таксама набыць абагуленыя ўменні аналізаваць і характарызаваць асноўныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў тэкстах вызначаных праграмай стыляў, жанраў, тыпаў з пункту гледжання іх зместу, структуры і мэтанакіраванасці, усведамляць гістарычнае міжмоўнае ўзаемадзеянне ў прычынна-выніковым аспекце. Акрамя таго, студэнты павінны набыць якасці духоўна сталай, маральна выхаванай асобы, здольнай адказваць за лёс краіны і лёс цывілізацыі, абараняць і адстойваць нацынальныя каштоўнасці і гуманістычныя традыцыі, захоўваць гармонію ў грамадстве і прыродзе.
Прапанаваныя ў дапаможніку практыкаванні не толькі ўтрымліваюць неабходны лінгвістычны матэрыял, але і накіраваны на ўдасканаленне і студэнта, і навакольнага свету. Пры падборы матэрыялу ўлічана і тое, што на практыцы задавальненне любых патрэбаў індывіда звязана з узаемадзеяннем з іншымі людзьмі, у тым ліку і ў прафесійнай сферы: практыкаванні арыентуюць на працу з разнастайнай тэрміналагічнай лексікай па спецыяльнасці.
У вучэбным дапаможніку ўлічваюцца асаблівасці выкладання курса «Беларуская мова (прафесійная лексіка)», якія абумоўлены выкарыстаннем не толькі беларускага, але і рускага моўнага матэрыялу з тэкстаў па спецыяльнасці, блізкасцю беларускай і рускай тэрміналогіі, наяўнасцю студэнтаў, для часткі якіх роднай мовай з’яўляецца руская. Таму важнае месца ў дапаможніку займае тэорыя і практыка перакладу з рускай мовы на беларускую.