РАЗДЗЕЛ 2. ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ПАВОДЛЕ СФЕР ЯЕ ВЫКАРЫСТАННЯ
^ Вверх

Раздзел 2. Лексіка беларускай мовы паводле сфер яе выкарыстання 

Лексіка (ад грэч. lexikós — які адносіцца да слова) — гэта сукупнасць слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад. У больш вузкім значэнні лексіка абазначае асобныя пласты слоўнікавага складу мовы, вылучаныя на падставе той або іншай прыметы.

Лексічная сістэма, слоўнікавы склад мовы і асобнае слова як важнейшая адзінка гэтага складу з’яўляюцца прадметам лексікалогіі.

Лексікалогія (ад грэч. lexis — слова і logos — вучэнне) — раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы.

Падзел лексікі з пункту гледжання сфер яе выкарыстання заснаваны на ўліку сацыяльнай структуры таго грамадства, якое абслугоўвае мова. Грамадства — гэта не простая сукупнасць асобных індывідаў, а складаная сістэма самых разнастайных сацыяльных груп насельніцтва: класаў, прафесійных калектываў, грамадскіх і вытворчых арганізацый, прадстаўнікоў розных ідэалагічных, мастацкіх, рэлігійных плыней, жыхароў адной мясцовасці і г.д.

Абмен думкамі з дапамогай мовы адбываецца перш за ўсё ў межах канкрэтных тэрытарыяльных і сацыяльных груп. Карыстаючыся адзіным лексічным запасам, кожная з гэтых груп усё ж характарызуецца пэўнай спецыфічнасцю як у частотнасці ўжывання тых ці іншых разрадаў слоў, так і ў іх складзе. У сувязі з гэтым слоўнікавы склад мовы можа быць сістэматызаваны з улікам такога параметра, як агульнаўжывальнасць — абмежаваная ўжывальнасць. На аснове гэтага параметра ўсе словы нацыянальнага лексікону ўмоўна прынята аб’ядноўваць у дзве вялікія групы: лексіку агульнаўжывальную; лексіку абмежаванага выкарыстання.