§2. Лексіка абмежаванага ўжывання
Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца словы, уласцівыя мове пэўнай тэрытарыяльнай або сацыяльна абмежаванай групы людзей, а таксама выкарыстанне якіх абумоўлена спецыфікай іх лексічнага значэння. У залежнасці ад таго, як яны выкарыстоўваюцца, у складзе лексікі абмежаванага ўжывання можна вылучыць наступныя спецыфічныя пласты:
1) лексіка, якая абмежавана тэрыторыяй ужывання:
- дыялектная лексіка;
2) лексіка, якая характэрна сацыяльна абмежаванай групе людзей:
- спецыяльная лексіка;
- жаргонная і аргатыўная лексіка.
Падзел лексікі на агульнаўжывальную і абмежаваную ў выкарыстанні з’яўляецца ў пэўнай меры ўмоўным і патрабуе некаторых заўваг. Лічыцца, напрыклад, што прадметам лексікалогіі з’яўляецца толькі агульнаўжывальная лексіка, паколькі дыялектныя, жаргонныя, аргатыўныя словы і прафесіяналізмы знаходзяцца па-за межамі ўнармаванай літаратурнай мовы. І ўсё ж азнаямленне з лексікай абмежаванага выкарыстання неабходна па той прычыне, што яна пастаянна ўступае ва ўзаемадзеянне з агульнаўжывальнай лексікай, становячыся адной з найважнейшых крыніц узбагачэння апошняй новымі намінацыйнымі і выяўленча-стылістычнымі сродкамі.