2.2.1 Тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізмы
^ Вверх

2.2.1 Тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізмы

У сучасным мовазнаўстве пакуль што няма адзінага вызначэння паняцця «тэрмін».

Існуе некалькі канцэпцый пры вырашэнні данага пытання, заснаваных на розных камбінацыях прымет, якія прыпісваюцца тэрмінам, тым не менш большасць даследчыкаў падкрэсліваюць, што менавiта сувязь тэрмiна з навуковым або тэхнiчным паняццем з’яўляецца яго асноўнай вызначальнай уласцiвасцю.

Аднак улiк толькi гэтай уласцiвасцi, разуменне тэрмiналагiчных адзiнак як адзiнак, якiя суадносяцца з больш дакладнымi па змесце паняццямi, што арганiзаваны ў строгую сiстэму, i прыводзiць да iдэалiзацыi ўласцiвасцi тэрмiна. Iстотна важна, што тэрмiн застаецца элементам моўнай сiстэмы, на якi яна пастаянна ўплывае, якi жыве па яе законах, чым тлумачыцца парушэнне адназначнай адпаведнасцi тэрмiна i паняцця, характэрнага для большасцi тэрмiнасiстэм. Астатнiя ўласцiвасцi тэрмiна (адсутнасць полiсемii, сiнанiмii, высокая дакладнасць тэрмiна i iнш.) трэба разглядаць як пажаданыя, але цяжка рэалізуемыя на практыцы, разглядаць як тэндэнцыю.

І паколькі праблема лінгвістычнай сутнасці тэрміна канчаткова не вырашана, то тэрмінам можна лічыць слова ці лексікалізаванае спалучэнне, якое суадносіцца з адпаведным спецыяльным паняццем навукі ці тэхнікі і мае дэфініцыю.

Асвятляючы праблему тэрміна, даследчыкі фармулююць шматлікія патрабаванні, якім павінен адпавядаць тэрмін. Абагульніўшы думкі розных даследчыкаў, можна вылучыць наступныя патрабаванні да тэрміна, якія павінны ўлічвацца пры стварэнні тэрмінасістэмы любой галіны навукі і тэхнікі: тэрмін павінен: дакладна суадносіцца з выражаемым паняццем; быць лексічна сістэмным; адпавядаць сінтаксічным нормам літаратурнай мовы; быць па магчымасці кароткім; быць монасемічным; тэрмін не павінен: быць плеанастычным; змяшчаць у сабе лішкавай інфармацыі; мець сінонімаў, амонімаў, морфаварыянтаў.

Наменклатурныя назвы (наменклатура) (лац. nomenclatura — роспіс імён, пералік, спіс) — гэта назвы, якія выкарыстоўваюцца ў якой-небудзь галіне навукі, вытворчасці для абазначэння яе аб’ектаў (у адрозненне ад тэрміналогіі, дзе ўтрымліваюцца назвы абстрактных паняццяў і катэгорый).

Прафесіяналізм — гэта слова або выраз, характэрныя для людзей пэўных прафесій, распаўсюджанае ў гутарковай мове або ўжытае ў мастацкім творы.

Тэрміны і прафесіяналізмы ўваходзяць у паняцце «спецыяльная лексіка». Але тэрміны адрозніваюцца ад прафесіяналізмаў сістэматызаванасцю, унармаванасцю, кадыфікаванасцю. Так, тэрмін з’яўляецца афіцыйна ўзаконенай назвай навуковага паняцця, якая зафіксавана ў слоўніку і пераважае ў пісьмовых тэкстах, а прафесіяналізм — гэта слова, уласцівае гаворцы групы асоб, аб’яднаных агульнай прафесіяй. Прафесіяналізмы амаль заўсёды экспрэсіўныя, а тэрмін звычайна стылістычна нейтральны. Тэрміны маюць агульнанацыянальны і часам інтэрнацыянальны характар, а прафесіяналізмы нярэдка носяць мясцовы характар.