4.3. Cінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў
^ Вверх

4.3. Cінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў

Акрамя тэрмінаў-слоў, значную колькасць у любой тэрмінасістэме складаюць тэрміны-словазлучэнні.

Прадуктыўнасць састаўных найменняў выклікаецца тэндэнцыяй моўнага развіцця, таму што пры ўтварэнні тэрмінаў не прыцягваецца новы моўны матэрыял і не ствараюцца новыя моўныя адзінкі, а выкарыстоўваюцца ўжо існуючыя, на базе якіх і з’яўляюцца састаўныя тэрміны-найменні.

Акрамя таго, састаўныя тэрміны менавіта таму распаўсюджаны ў розных тэрміналогіях, што цалкам пакрываюць значныя ўчасткі паняційнага поля адпаведнай тэрмінасістэмы і па меры назапашвання прымет могуць тэарэтычна бясконца павялічваць склад сваіх кампанентаў.

Адметная асаблівасць тэрмінаў-словазлучэнняў, якая адрознівае іх ад словазлучэнняў агульналітаратурнай мовы, у тым ліку і фразеалагізмаў, заключаецца ў тым, што ім уласціва перш за ўсё класіфікацыйная функцыя: атрыбут у іменных тэрмінах-словазлучэннях паказвае на якую-небудзь адметную прымету паняцця і вылучае яго з больш шырокага класа ў падклас, рад і г.д. У нетэрміналагічных жа словазлучэннях азначальны член не выконвае такой ролі. Параўнаем: безумоўнае тармажэнне, унутранае тармажэнне, лакальнае тармажэнне і Наташын шалік, чырвоны шалік, шарсцяны шалік (адзін і той жа шалік можа быць Наташыным, чырвоным і шарсцяным).

Такім чынам, пры разглядзе тэрмінаў-словазлучэнняў трэба ўлічваць, што састаўны тэрмін — гэта своеасаблівы моўны знак. З аднаго боку, ён функцыянуе ў якасці адзінкі мовы, якая суадносіцца з адным, дакладна вызначаным навуковым паняццем. З другога боку, тэрмін-словазлучэнне будуецца па жывых мадэлях беларускай мовы з некалькіх тэрмінаэлементаў, многія з якіх маюць адпаведнікі ў агульналітаратурнай лексіцы.

Разглядаючы сінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў, нельга не закрануць такое пытанне, як кароткасць тэрмінаў. Агульнавядома, што калі пішуць або гавораць пра тэрмін, то звычайна маюць на ўвазе аднаслоўны або двухслоўны тэрмін. Тэрміны менавіта такой структуры паказваюцца і тлумачацца ў тэрміналагічных слоўніках. Аднак у спецыяльных тэкстах шырока распаўсюджаны шматслоўныя тэрміны.

Патрабаванне кароткасці тэрміна, як адзначаюць некаторыя даследчыкі, павінна ажыццяўляцца ў межах дапушчальнага, гэта значыць, каб кароткасць не супярэчыла семантычнай дакладнасці.

Паступовае дадаванне да зыходнага аднаслоўнага тэрміна відавых азначэнняў выкарыстоўваецца моваю для канкрэтызацыі значэння зыходнага паняцця.. Напрыклад, тэрмін псіхалогія. Яго вытворныя, пабудаваныя шляхам дадавання відавых азначэнняў — асобных слоў, дадуць новыя тэрміны, звязаныя з зыходным, базавым адносінамі канкрэтызацыі і рода-відавымі: псіхалогія  узроставая, псіхалогія глухіх, псіхалогія допыту і паказанняў, псіхалогія выпраўляльная, псіхалогія кампьютарызацыі, псіхалогія крымінальная, псіхалогія навукі і г.д.

Такім чынам, кароткі тэрмін неабходна лічыць удалым, калі яго структура не будзе ўступаць у супярэчнасць з семантычнай дакладнасцю.

Сінтаксічны спосаб, як і іншыя спосабы ўтварэння тэрмінаў, мае адметныя рысы. Амаль усе тэрміны-словазлучэнні ствараюцца ў форме іменных словазлучэнняў субстантыўнага характару. Гэта або спалучэнні прыметнікаў ці дзеепрыметнікаў з назоўнікам, або спалучэнні назоўніка з назоўнікам (прыназоўнікавыя ці беспрыназоўнікавыя). У якасці апорнага кампанента ў тэрмінах-словазлучэннях выкарыстоўваюцца назоўнікі з прадметным значэннем, якія з’яўляюцца найменнямі родавых паняццяў.

Усе тэрміны-словазлучэнні класіфікуюцца ў залежнасці ад іх структуры на простыя і складаныя.

Простыя словазлучэнні складаюцца з двух тэрмінаэлементаў-слоў, з якіх граматычна галоўнае выражае больш шырокае паняцце, а другое (залежнае) надае яму відавое класіфікацыйнае значэнне, напрыклад: нейрапсіхалагічны сіндром, маніякальны сіндром і інш.

Складаныя словазлучэнні ўяўляюць сабой лексікалізаваныя спалучэнні, у якіх залежныя тэрмінаэлементы-словы выражаюць розныя сэнсавыя аспекты галоўнага слова з родавым тэрміналагічным значэннем, напрыклад: адмоўная індукцыя нервовых працэсаў, арганізацыя педагагічнай працы, дыдактычная гульня з правіламі, трываласць засваення ведаў і г.д.

Па марфалагічнаму тыпу галоўнага слова сярод састаўных тэрмінаў вылучаюцца ў асноўным субстантыўныя словазлучэнні з назоўнікамі ў ролі галоўнага кампанента і залежным: назоўнікам: закон Блоха, інтэрарэцэптары звязак, накіраванасць асобы, пакаранне ў школе, стыль лідэрства, тэст Станфорд-Бінэ і да т.п.; прыметнікам: анамальныя дзеці, індывідуальнае распазнаванне, лёгкая дэбільнасць, паталагічная дэпрэсія, педагагічнае майстэрства, прыроджаная амбідэкстрыя, сэнсавы бар’ер,  і г.д.; займеннікам: уяўленне пра сябе, пертынентнасць у сабе.; дзеепрыметнікам: алігафрэнія, ускладненая гідрацэфаліяй.

Сярод тэрмінаў-словазлучэнняў у залежнасці ад сінтаксічнай структуры выдзяляюцца асобныя мадэлі. Найбольш прадуктыўнымі для тэрміналогіі псіхалогіі, педагогікі, лагапедыі, дэфекталогіі і алігафрэнапедагогікі з’яўляюцца наступныя:

1) «назоўнік + прыметнік»: агрэсіўныя паводзіны, алігафрэнічны плюс, узбуджаная псіхапатыя і да т.п.;

Парадак слоў у даных тэрміналагічных словазлучэннях — постпазіцыя або прэпазіцыя (у слоўніках) залежнага кампанента. Галоўны і залежны кампаненты звязаны азначальнымі семантыка-сінтаксічнымі адносінамі. Тып сувязі — дапасаванне.

2) «назоўнік + назоўнік у назоўным склоне»: вектар-параметар, нейроны-дэтэктары і г.д.;

3) «назоўнік + назоўнік ва ўскосным склоне без прыназоўніка»: віды субяседнікаў, змест адукацыі, развіццё асобы, стан маторыкі і г.д.

Тэрміны-словазлучэнні, утвораныя па гэтай мадэлі, характарызуюцца постпазіцыяй залежнага кампанента. Кампанентам словазлучэнняў уласцівы азначальна-прыналежныя адносіны.Тып сувязі — беспрыназоўнікавае кіраванне.

4) «назоўнік + назоўнік ва ўскосным склоне з прыназоўнікам»: мадэляванне ў педагогіцы, пакаранне ў школе і г.д.

Парадак слоў — постпазіцыя залежнага кампанента. Кампаненты звязаны азначальнымі адносінамі. Тып сувязі — прыназоўнікавае кіраванне.

5) «назоўнік + займеннік з прыназоўнікам»: пертынентнасць у сабе, уяўленне пра сябе і г.д.

Даная мадэль характарызуецца постпазіцыяй залежнага кампанента. Кампаненты звязаны азначальнымі адносінамі. Тып сувязі — прыназоўнікавае кіраванне.

Такім чынам, парадак слоў у разгледжаных тэрміналагічных словазлучэннях — постпазіцыя або прэпазіцыя залежнага кампанента. Галоўны і залежны кампаненты звязаны азначальнымі ці азначальна-прыналежнымі сінтаксічнымі адносінамі. Тып сувязі — прыназоўнікавае ці беспрыназоўнікавае кіраванне.

Разглядаючы семантычныя ўласцівасці састаўных тэрмінаў, трэба адзначыць, што іх кампаненты ў сэнсавых адносінах выконваюць розную функцыю. Так, адпаведна сінтаксічнаму крытэрыю састаўны тэрмін інфантылізм гарманічны складаецца з галоўнага кампанента інфантылізм і залежнага кампанента гарманічны. Але пры раскрыцці сутнасці дадзенага тэрміна на першае месца выходзіць залежны кампанент гарманічны, таму што менавіта ён па адпаведнай прымеце выдзяляе данае паняцце з парадыгматычнага раду адпаведных тэрмінаў, параўн.: інфантылізм гарманічны, інфантылізм істэрычны, інфантылізм арганічны, інфантылізм псіхічны і г.д.