4.1. Лексіка-семантычны спосаб утварэння тэрмінаў
^ Вверх

4.1. Лексіка-семантычны спосаб утварэння тэрмінаў

Уласны лексічны фонд беларускай нацыянальнай мовы ва ўсе часы з’яўляецца асноўнай крыніцай стварэння тэрмінаў. Пры гэтым вельмі важнае значэнне набывае лексіка-семантычная дэрывацыя, сутнасць якой заключаецца ў пераасэнсаванні ўжо існуючых лексічных адзінак для абазначэння навуковых паняццяў шляхам надання гэтым адзінкам у новай функцыянальнай сферы асаблівага тэрміналагічнага значэння. «Паміж слоўнікам навукі і слоўнікам быту цесная сувязь. Усякая навука пачынае з вынікаў, здабытых мысленнем і мовай народа, і ў далейшым сваім развіцці не адрываецца ад народнай мовы. Нават так званыя дакладныя навукі да гэтай пары ўтрымліваюць у сваіх слоўніках тэрміны, узятыя з агульнаўжывальнай мовы» [1].

Пры дапамозе лексіка-семантычнага спосабу ўтвараюцца тэрміны пастаянна, хоць і менш інтэнсіўна з прычыны меншай здольнасці адпавядаць патрабаванням словаўтваральнай сістэмнасці тэрміналогіі. Па суадносінах прымет спецыяльнага паняцця і агульнавядомага прадмета, з’явы, прыметы вылучаюць наступныя віды лексіка-семантычнага спосабу ўтварэння тэрмінаў.

Спецыялізацыя значэння — гэта адзін з відаў лексіка-семантычнай дэрывацыі, дзякуючы якому многія агульнаўжывальныя словы сталі тэрмінамі. Спецыялізацыя значэння адбываецца ў тых выпадках, калі ўжо гатовая намінацыйная адзінка тыпу каханне, пачуцці, упартасць і іншыя, будучы выкарыстанай у сферы спецыяльнай камунікацыі, набывае спецыяльнае тэрміналагічнае значэнне, хоць і суадносіцца з тым самым азначаемым, з якім яна суадносіцца і ў шырокай агульналітаратурнай сферы. Відавочна, што ў падобных словах азначальнае і азначаемае ў агульналітаратурнай і навуковай сферы супадаюць. Значыць, «яны называюць такія паняцці, што адначасова (пры розным падыходзе да іх) могуць быць і бытавымі, і навуковымі, г.зн. выступаць носьбітамі двух тыпаў інфармацыі — агульнаўжывальнага і тэрміналагічнага значэнняў»[2].

Напрыкалад агульнаўжывальныя словы каханне, пачуцці, упартасць будуць мець наступныя лексічныя значэнні: каханне — ‘вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полу’; пачуцці — ‘здольнасці ўсведамляць, перажываць, разумець што-небудзь на аснове адчуванняў, уражанняў‘; упартасць незгаворлівасць, імкненне рабіць што-небудзь толькі па-свойму, наперакор каму-небудзь‘. Кожнае з прыведзеных значэнняў уяўляе сабой тыпізаванае ўяўленне людзей пра акаляючую рэчаіснасць, вынік натуральнай жыццёвай логікі пазнання свету і выконвае перш за ўсё функцыю называння адпаведных прадметаў і з’яў і ў плане зместу гэтыя словы вызначаюцца прадметнай суаднесенасцю.

Уведзеныя ў сферу спецыяльнай камунікацыі, словы каханне, пачуцці, упартасць суадносяцца з тымі самымі прадметамі і з’явамі, але апошнія асэнсоўваюцца ўжо на вышэйшай ступені пазнання ў межах паняццяў адпаведнай тэрмінасістэмы. Агульнаўжывальнае слова ў плане зместу напаўняецца элементамі адпаведнай тэорыі, становіцца тэрмінам, значэнне якога без гэтай тэорыі не можа быць дакладна акрэслена, а значыць — асэнсавана і ўспрынята. Так, у тэрмінасістэмах псіхалогіі і педагогікі за названымі вышэй словамі замацаваны наступныя дэфініцыі: каханне — ‘інтымнае глыбокае пачуццё, якое ўключае псіхалагічны і фізічны (сэксуальны) аспекты’ (ПС, с.76); пачуцці — ‘устойлівыя эмацыянальныя адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці, якія адлюстроўваюць сувязь апошніх з яго запатрабаваннямі і матывамі’ (ПС, с.164); упартасць — ‘адмоўная асаблівасць паводзін чалавека (якая пераходзіць у рысы характару), якая выяўляецца ў імкненні рабіць толькі па-свойму, насуперак доказам, просьбам, указанням іншых людзей’ (ПС, с.154).

Параўнанне агульнаўжывальных і тэрміналагічных значэнняў лексічных адзінак паказвае, што першыя значэнні (агульныя, не зусім канкрэтныя, прыблізныя) заснаваны на аснове здаровага жыццёвага сэнсу, таго, што мы ведаем пра прадмет ці з’яву, зыходзячы з іх знешніх прымет і ўласцівасцей; другія (дакладныя, лагічна акрэсленыя як вышэйшая аб’ектыўнасць думкі) — на аснове навуковага пазнання і асэнсавання ўнутраных заканамернасцей тых самых прадметаў і з’яў пад уздзеяннем адпаведнай навуковай тэорыі.

Звужэнне значэння — гэта такі від лексіка-семантычнай дэрывацыі, дзякуючы якому агульнаўжывальнае слова, стаўшы тэрмінам, звузіла сваё значэнне. Напрыклад, тэрмін адчуванне мае значэнне ’псіхічны працэс успрымання з’яў аб’ектыўнага свету пры іх уздзеянні на органы пачуццяў’, а агульнаўжывальнае слова адчуванне мае два значэнні:1) ’працэс успрымання з’яў аб’ектыўнага свету пры іх уздзеянні на органы пачуццяў’ (адчуванне дотыку); 2) ’стан духоўных і фізічных сіл чалавека’ (кепскае адчуванне). Як паказвае прыклад, тэрмін адчуванне ў тэрміналогіі псіхалогіі звузіў сваю семантыку і ўжываецца толькі ў першым значэнні.

Метафарычны перанос. У класічным варыянце сутнасць метафары заключаецца ў «прысваенні прадметам імені, якое належыць чаму-небудзь іншаму. Перанос назвы (імені) звычайна адбываецца на аснове падабенства або па знешніх прыметах і ўласцівасцях, або па функцыях»[3].

Узбагачэнне ведаў пра свет зручна і натуральна фіксаваць з дапамогай ужо вядомых вобразаў, замацаваных у лексічных значэннях. Чым больш у існуючым значэнні слова ўтрымліваецца інфармацыі, якая супадае з уласцівасцямі пазнаваемага аб’екта, тым вышэй верагоднасць выбару гэтага слова для абазначэння аб’екта, які называецца. На аснове агульнай, інтэгральнай прыметы адбываецца метафарычны перанос назвы з агульнаўжывальнага на навуковае паняцце.

Прыметы, на падставе якіх адбываецца метафарызацыя, могуць быць самымі разнастайнымі і паказваць як на знешняе, так і на ўнутранае падабенства прадметаў і паняццяў. Нярэдка пры метафарычным тэрмінаўтварэнні дадатковай з’яўляецца асацыятыўная прымета. Таму ў аснове тэрмінаў метафарычнага ўтварэння іншы раз побач з аб’ектыўнай прыметай (знешні выгляд, функцыя, форма, колер і г.д.) прысутнічае і суб’ектыўная прымета (асацыятыўная), без якой агульнаўжывальныя і навуковыя паняцці цяжка супаставіць.

Сярод тэрмінаў, што ўзніклі ў выніку метафарызацыі агульнаўжывальных слоў, вылучаецца некалькі груп у залежнасці ад таго, на аснове якой інтэгральнай прыметы адбыўся метафарычны перанос[4]:

  • на аснове падабенства формы (перанос адбываецца на аснове падабенства знешняга выгляду спецыяльнага і агульнага паняццяў): мяцёлка, падушачка, парасонік, парус, шапачка;
  • на аснове падабенства выконваемай функцыі (значэнні слоў ва ўсіх выпадках іх ужывання адлюстроўваюць функцыянальную ролю адпаведных прадметаў ці паняццяў): аснова, абгортка, шво;
  • на аснове асацыятыўнага падабенства прадметаў ці з’яў (метафарызаваныя словы цесна звязаны асацыятыўнымі сувязямі са словамі-дамінантамі, пры метафарычным пераносе па асацыяцыі асноўную ролю адыгрываюць эмоцыі чалавека, таму што прыметы, якія б рэальна існавалі, аб’ектыўна ўспрымаліся, могуць адсутнічаць): бар’ер, пласцінка, тканка;
  • на аснове некалькіх прымет (група тэрмінаў, у якіх цяжка вызначыць адну прымету, на аснове якой адбыўся метафарычны перанос): панцыр, створка.

Метанімічны перанос заснаваны на пераносе назвы аднаго прадмета ці з’явы на іншы прадмет ці з’яву на аснове пэўнай знешняй ці ўнутранай сувязі паміж імі. У выніку метанімізацыі адбываецца ўзбагачэнне семантычнай структуры слова новым значэннем. Метанімізацыя спрыяе развіццю мнагазначнасці, ці полісеміі. Напрыклад: ананас — паўднёвая травяністая расліна з прадаўгаватым духмяным і сакавітым плодам’ і ананас — ’плод гэтай расліны’ (ТСБЛМ-96, с.57); кукуруза — ’аднагадовая травяністая расліна сям. злакавых з высокім і тоўстым сцяблом і ядомымі буйнымі жоўтымі зярнятамі, сабранымі ў пачаткі’ і ’зерне гэтай расліны’ (ТСБМ, ІІІ, с.751); лімон’паўднёвае вечназялёнае цытрусавае дрэва сям. рутавых’ і ’авальны плод гэтага дрэва’ (ТСБМ, ІІІ, с.45) і да т.п.

Неабходна адзначыць, што гэты від лексіка-семантычнага спосабу ўтварэння не праяўляецца ў межах тэрмінасістэм псіхалогіі, педагогікі, дэфекталогіі, лагапедыі, алігафрэнапедагогікі.

Сутнасць семантычнага калькавання заключаецца ў тым, што тэрміналагізацыя агульнаўжывальных слоў беларускай мовы адбываецца паводле іншамоўнага ўзору.

Так, у межах тэрмінасістэм на пачатковым этапе іх развіцця вылучаліся тэрміны, утвораныя шляхам семантычнага калькавання, як асяродак (бел.) — центр (руск.); сон — сновидение; прытомны — сознательный і да т.п.

Гэты шлях тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў быў прадуктыўным у 20—30-х гадах. Не ўсе семантычныя калькі аказаліся ўдалымі і замацаваліся ў складзе адпаведных тэрмінасістэм.



[1] Виноградов, В.В. Основные типы лексических значений слов / В.В.Виноградов // Вопросы языкознания. — 1953. — № 5. — С. 6.

[2] Мацюк, Г.П. Про термiнологiзацiю одиниць загальновживаноi лексики / Г.П.Мацюк // Мовознавство. — 1984. — № 5.— С.69.

[3] Петров, А.А. Семантика научных терминов / А.А.Петров. — Новосибирск, 1982. — С.74.

[4] Тэрмінаў, што ўзніклі ў выніку метафарызацыі агульнаўжывальных слоў, у межах тэрмінасістэм педагогікі, дэфекталогіі і псіхалогіі намі не было выяўлена, таму прыклады прыводзяцца з батанічнай тэрміналогіі, дзе дадзены від лексіка-семантычнага спосабу ўтварэння найбольш яскрава прадстаўлены.