4.3. Метады выкладання літаратуры
^ Вверх

4.3. Метады выкладання літаратуры

 

 

Метад творчага чытання. Спецыфіка дадзенага метаду заключаецца ў актывізацыі мастацкага ўспрыняцця і эстэтычнага перажывання, якія з’яўляюцца першай і неабходнай ступенню ў разуменні літаратуры. Гэта чытанне не ў звычайным сэнсе, яно патрабуе спецыяльнай увагі да слова, фразы, рытму, інтанацыйнага малюнка.Дадзены метад утрымлівае ўсе метадычныя прыёмы: выразнае чытанне настаўніка, артыста, вучняў і г.д., а таксама не выключае кароткую гутарку, каментар, самастойную інтэрпрэтацыю, разгляд ілюстрацый. Метад творчага чытання выкарыстоўваецца ў самым пачатку вывучэння твора і пасля яго аналізу, калі твор успрымаецца вучнямі ўжо значна глыбей.

 

 

Эўрыстычны метад. Яго прызначэнне ў паглыбленні першапачатковага эмацыйнага ўспрымання школьнікамі, стымуляцыі іх інтэлектуальных магчымасцей. Задача настаўніка — шляхам разнастайных метадычных прыёмаў (гутаркі, заданняў, пытанняў, назіранняў і г.д.) дапамагчы вучням знайсці праблемы, узнятыя аўтарам у творы, прааналізаваць іх адлюстраванне ў мастацкім тэксце. Эўрыстычны метад садзейнічае засваенню вучнямі метадаў аналізу літаратурнага твора, развівае крытычную думку.

 

 

 

Даследчы  метад скіраваны на самастойную працу вучняў. Дадзены метад блізкі да эўрыстычнага, але функцыя настаўніка заключаецца не ў дапамозе вучням у аналізе матэрыялу, а ў тым, каб шляхам пастаноўкі праблемных пытанняў, даследчых заданняў нацэльваць на самастойныя даследаванні літаратурнага матэрыялу, выбудоўванне ўласных абгрунтаванняў і меркаванняў вучняў.

 

 

 

Рэпрадуктыўны метад вызначаецца тым, што вучні атрымліваюць веды ў гатовым выглядзе: у слове або лекцыі настаўніка, у падручніку, дапаможніку і г.д. Гэты метад прадуктыўны толькі пры ўмове не механічнага запамінання, а асэнсаванага засваення, якому садзейнічаюць праблемнае выкладанне матэрыялу, шырокае выкарыстанне нагляднасці, спадарожныя заданні. Рэпрадуктыўны метад эфектыўны пры выкладанні вялікага, новага для вучняў, матэрыялу, пры сістэматызацыі і абагульненні.

 

 

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

  1. Падрыхтаваць рэфератыўныя паведамленні па працах І.Я. Лернера і М.Н. Скаткіна, змешчаных у метадычным дапаможніку “О методах обучения» (Москва, 1965).
  2. Падрыхтуйце разгорнутыя паведамленні на аснове схемы “Метады выкладання літаратуры”, карыстаючыся падручнікам «Методыка выкладання беларускай літаратуры» пад рэд. В.Я. Ляшук.
  3. Падрыхтуйце табліцу «Класіфікацыя метадаў у сучаснай метадычнай навуцы».
  4. Праілюструйце выкарыстанне кожнага з метадаў пры вывучэнні твораў са школьнай праграмы па беларускай літаратуры (на выбар).
  5. Карыстаючыся матэрыяламі ўрокаў, змешчаных у часопісах «Роднае слова», «Беларуская мова і літаратура ў школе», патлумачце выкарыстанне розных метадаў выкладання.
  6. Раскрыйце змест дыдактычных прынцыпаў выкладання літаратуры.
  7. Раскрыйце змест прынцыпу літаратуразнаўчага аналізу.

 

Спіс літаратуры

  1. Лернер, И.Я. Дидактические основы методов обучения / Лернер И.Я. – М., 1981.
  2. Лернер И.Я., О методах обучения / И.Я. Лернер, М.Н. Скаткин. – М., 1965.
  3. Ляшук, В.Я. Метады і прыёмы вывучэння літаратуры ў школе / В.Я. Ляшук Лабараторныя заняткі па методыцы выкладання беларускай літаратуры. – Мінск, 1988. – С. 24 – 37.
  4. Грынько, С.Д. Вывучэнне літаратурнага працэсу нашаніўскага перыяду праз арганізацыі супрацоўніцтва “Музей – школа” / С.Д. Грынько // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. прац / рэдкалегія: У.І. Каяла (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007. – С. 112 – 116.
  5. Альшук, С.І. Методыка выпрацоўкі самастойных навукова-даследчых навыкаў старшакласнікаў на ўроках па вывучэнні творчасці Янкі Купалы // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. прац / рэдкалегія: У.І. Каяла (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007. – С. 88 – 100.
  6. Руцкая, А.В. Праблематызацыя вучэбнага матэрыялу як сродак паглыблення аналізу мастацкага твора (на прыкладзе твораў Янкі Купалы) / А.В. Руцкая // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні:  зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: У.І. Каяла (адк.рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009. – С. 132 – 136.
  7. Нівяркевіч, С.І. Формы самастойнай працы старшакласнікаў пры вывучэнні творчасці Янкі Купалы / С.І. Нівяркевіч // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні:  зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: У.І. Каяла (адк.рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009. – С. 113 – 118.
  8. Лясун, Л. Мастацкая літаратура і гісторыя: Метадычныя падыходы да вывучэння твораў на гістарычную тэму / Л. Лясун // Роднае слова. – 2007. – № 1.