Тэма 18. СПЕЦЫФІКА ВЫВУЧЭННЯ ЭПІЧНЫХ ТВОРАЎ У ШКОЛЕ
Эпічныя творы складаюць значную частку школьнай праграмы. Эпас прадстаўлены ў школе разнастайнымі жанрамі (навела, апавяданне, аповесць, раман).
Пры аналізе твораў увага заўсёды канцэнтруецца на тых кампанентах мастацкага тэксту, якія з’яўляюцца істотнымі для эпічнага роду літаратуры. У школьных умовах гэта:
- тэма, праблематыка, сюжэт(разглядаючы іх, вучні асэнсоўваюць адлюстраваныя ў творах жыццёвыя падзеі);
- вобразы (знаёмячыся з імі, вучні ўсведамляюць разнастайнасць характараў, тыпаў, светапоглядаў);
- вобраз аўтара (вучні спасцігаюць індывідуальнасць аўтарскага бачання, якая выказваецца ў кампазіцыі твора, стылі, мастацкіх сродках і г.д).
Каб разгледзець вышэй пазначанае, неабходна, выкарыстоўваючы багаты арсенал метадычных прыёмаў, спыніцца на важнейшых эпізодах, сэнсавых вузлах. Яны аналізуюцца глыбока і злучаюцца звязваючымі каментарамі.
Калі размова ідзе аб вялікіх творах, то на падрыхтоўчым этапе важна выбраць шлях аналізу, эпізоды і акцэнціроўку ў іх інтэрпрэтацыі. Працэс аналізу складаецца з работы над эпізодамі. Тэкстуальны аналіз эпізодаў дае магчымасць зразумець увесь твор. Каб праца над эпізодам не разбурала ў свядомасці вучняў цэласнага ўяўлення пра твор, неабходна звязваць іх аналіз з усім творам і разнастайваць прыёмы працы над кожным эпізодам.
Сучаснай методыкай створаны прыкладны план-алгарытм працы над эпізодам (сцэнай):
- Чытанне ці пераказ.
- Абмеркаванне ўражанняў, якія ўзніклі ў вучняў.
- Вызначэнне месца дадзенай сцэны ў сюжэце твора, кампазіцыйнай ролі.
- Раскрыццё значэння эпізоду ў характарыстыцы персанажаў.
- Тэкстуальны аналіз, асэнсаванне ролі мастацкіх сродкаў.
- Фармуляванне абагульненняў або канкрэтызацыя высноў.
- Тлумачэнне эпізоду як звяна ў цэласнай структуры твора.
У старэйшых класах, дзе вывучаюцца эпічныя творы вялікай формы, выкарыстоўваецца наступная метадычная схема аналізу твора:
1. Агульная характарыстыка гістарычных абставін, у якіх быў напісаны твор або пра якія напісаны твор.
2. Месца твора ў сістэме літаратурнай дзейнасці пісьменніка.
3. Звесткі аб першай публікацыі твора, аб уплыве на свядомасць чытача, аб крытычных ацэнках твора (звяртаецца ўвага і на новае прачытанне).
4. Характарыстыка:
- часу, падзей, персанажаў, якія апісваюцца ў творы;
- асаблівасцей сюжэта, кампазіцыі, стылю твора;
- праблематыкі, канфлікту;
- мастацкіх сродкаў;
- ідэйнага зместу твора.
5. Аналіз філасофскай канцэпцыі аўтара.
6. Месца твора ў гісторыі нацыянальнай і сусветнай літаратуры.
Спіс літаратуры
- Карухіна, В.А. Урокі беларускай літаратуры ў 8 класе: вучэб.-метад. дапам. для наст. / В.А. Карухіна, П.І. Лявонава, І.М. Слесарава. – Мінск, 2006. – 214 с.
- Русілка, В.І. Эпас, лірыка, драма: дыферэнцыяцыя метадаў і прыёмаў школьнага аналізу твораў / В.І. Русілка // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 171 – 174.
- Восприятие и изучение произведений в их родовой и жанровой специфике // Методика преподавания литературы: в 2 ч. / под ред. О.Ю. Багдановой, В.Г. Маранцмана. – Москва, 1994. – Ч. 2. – 288 с.