Тэма 9. АНАЛІЗ МАСТАЦКАГА ТВОРА НА ЎРОКАХ ЛІТАРАТУРЫ
^ Вверх

Тэма 9. АНАЛІЗ МАСТАЦКАГА ТВОРА НА ЎРОКАХ ЛІТАРАТУРЫ

 

Аналіз - гэта метад навуковага даследавання, пры якім прадмет вывучэння раскладваецца на састаўныя часткі ці ўяўна расчляняецца шляхам лагічнай абстракцыі. Прааналізаваць твор — г.зн. знайсці той узровень зносін з мастацтвам, калі адбываецца пераход ад успрымання да мастацкіх абагульненняў.

Аналіз мастацкага твора займае найбольш часу, які вылучаецца школьнай праграмай. На яго можа адводзіцца частка ўрока, цэлы ўрок або нават некалькі ўрокаў. Ён узбагачае школьнікаў новымі ведамі, паглыбляе іх літаратурнае развіццё.

Школьны аналіз мастацкіх твораў заснаваны на літаратуразнаўчым, але істотна адрозніваецца ад яго і мае сваю спецыфіку.

Сутнасць галоўнага адрознення заключаецца ў навучальным характары, у тым, што школьны аналіз педагагічна арыентаваны.

Калі ў літаратуразнаўчым даследаванні ў цэнтры ўвагі можа быць адзін аспект аналізу, то школьны аналіз часцей за ўсё бывае комплексным, у ім выдзяляюцца найбольш істотныя бакі ідэйна-мастацкага зместу твора.

Спецыфіка школьнага аналізу выяўляецца праз дыдактычныя метады, сярод якіх важнейшае значэнне мае мэтанакіраванасць аналізу (наяўнасць скразной ідэі).

Асноўныя патрабаванні да аналізу мастацкага твора падзяляюцца на агульныя і непасрэдныя.

Агульныя патрабаванні :

- узбагаціць новымі ведамі,

- паглыбіць літаратурнае развіццё,

- фармаваць чытацкія ўменні (культуру чытання),

- садзейнічаць набыццю этычнага вопыту,

- развіваць мову, камунікатыўныя навыкі,

- садзейнічаць выхаванню асобы,

- развіваць творчыя здольнасці.

Непасрэдныя патрабаванні:

- асэнсавана чытаць,

- вызначаць асноўную праблематыку,

- вызначаць спецыфіку жанру, сюжэта, кампазіцыі,

- бачыць аўтарскую пазіцыю,

- характарызаваць вобразы, сістэму вобразаў, супастаўляць іх,

- характарызаваць спецыфіку мовы, ролю выяўленчых сродкаў,

- умець абгрунтоўваць сваю ацэнку прачытанага.

Для старэйшых класаў дзейнічаюць вышэйназваныя патрабаванні, а таксама вылучаюцца яшчэ і наступныя:

- бачыць узаемасувязь з гістарычнымі ўмовамі і грамадскімі праблемамі,

- ахарактарызаваць светапогляд і эстэтычныя ідэалы аўтара,

- бачыць індывідуальнасць творчай манеры пісьменніка,

Школьны аналіз — гэта складаны від прафесійнай дзейнасці настаўніка. Нават самая дасканалая методыка не дае вычарпальных рэкамендацый у гэтым напрамку. Падрыхтоўчым этапам да аналізу мастацкага твора з’яўляецца вызначэнне асноўных кірункаў:

І. Вызначэнне зместавага кірунку

Выбар канцэпцыі ў тлумачэнні твора.

Вызначэнне характару маральна-эстэтычных праблем.

Вызначэнне кола літаратурных ведаў.

ІІ. Вызначэнне структурнага кірунку

Распрацоўка арыенціровачных заданняў.

Разбіўка матэрыялу на «сэнсавыя» вузлы.

Размеркаванне матэрыялу па ўроках (перспектыўнае планаванне).

ІІІ. Вызначэнне тэхналагічнага кірунку

Выбар тыпу ўрока.

Выбар формы працы настаўніка.

Планаванне дзейнасці вучняў.

 

Існуе тыповы парадак аналізу твора

1. Уступныя заняткі.
2. Чытанне мастацкага твора.
3. Праверка правільнасці ўспрымання.
4. Слоўнікавая праца.
5. Пераказ.
6. Складанне планаў.
7. Уласна аналіз:

  • тэматыка,
  • праблематыка,
  • ідэйная накіраванасць,
  • эмацыйны пафас,
  • жанравая своеадметнасць,
  • асноўныя мастацкія вобразы ў іх сістэме і ўнутраных сувязях,
  • цэнтральныя персанажы,
  • сюжэт і асаблівасці пабудовы канфлікту,
  • пейзаж, партрэт, дыялогі і маналогі персанажаў, інтэр’ер, атмасфера дзеяння
  • моўны лад твора (аўтарскае апісанне, апавяданне, адступленне, разважанне),
  • кампазіцыя сюжэта і асобных вобразаў,
  • агульная архітэктоніка твора. 

8. Заключныя заняткі.
9. Навучанне выразнаму чытанню*.
10. Завучванне на памяць*.
11. Творчыя заданні, пісьмовыя працы.

* Пункты 9, 10 — пры неабходнасці.

Гэтыя агульныя метадычныя палажэнні павінны своеасабліва рэалізоўвацца ў кожным канкрэтным выпадку.