Тэма 16. ВЫВУЧЭННЕ ВУСНАЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ
Школьнымі праграмамі па беларускай літаратуры прадугледжана вывучэнне фальклору. Вусная народная творчасць мае вялікае пазнавальнае значэнне, гэта своеасаблівы ключ да разумення канцэптуальных накірункаў у творчасці пісьменнікаў, якія будуць вывучацца ў старэйшых класах. Акрамя таго, разуменне агульначалавечых каштоўнасцей не магчыма без сувязі з традыцыямі свайго народа.
Урокі вывучэння фальклору дапамогуць вучням усвядоміць сябе як прадстаўнікоў нацыі з самабытнай культурай.
Такім чынам, задача настаўніка заключаецца ў тым, кабпазнаёміць вучняў
- з жанравай разнастайнасцю фальклору,
- з мастацкай адметнасцю кожнага жанру,
- з багаццем ідэйнага зместу і паэтычнай вобразнасці,
- з уплывам фальклору на развіццё нацыянальнай культуры.
Вывучаючы розныя жанры народнай творчасці, настаўнік павінен выбіраць аптымальныя метады і прыёмы.
Вывучэнне казак, легендаў і паданняў неабходна пачынаць з уступнай гутаркі, даць вучням прачытаць любімыя творы, скіраваць увагу на светабачанне і светаразуменне народа, на жанравыя адметнасці. Асноўныя прыёмы вывучэння – гэта чытанне (дзе можна – па ролях), мастацкае расказванне, ілюстраванне, назіранне над жанравай спецыфікай і мовай, інсцэніраванне.
Пры вывучэнні каляндарна-абрадавай паэзіі эфектыўна выкарыстоўваць грамзапісы, ствараць пэўны эмацыянальны настрой або заахвочваць да выканання народных песень на ўроках удзельнікаў школьнай самадзейнасці.
Каб вучні зразумелі прыроду каляндарна-абрадавай паэзіі, важна расказаць пра абрадавы каляндар беларусаў, пры гэтым пажадана выкарыстоўваць ілюстрацыйны матэрыял (ручнікі, каза, зорка і г.д.).
Важна і патлумачыць сутнасць дзеянняў абрадаў. Варта заахвочваць вучняў рыхтаваць паведамленні пра месяцовыя абрады і фальклор. Але асноўная ўвага павінна ўдзяляцца назіранням над вобразнай сімволікай, паэтыкай народных песень, таму што гэта − ключ да разумення канцэптуальна-эстэтычных накірункаў у творчасці пісьменнікаў, якая будзе вывучацца ў старэйшых класах.
Пры вывучэнні прыказак, прымавак, загадак асабліва важна звярнуць увагу на мову. Трапнасць, вобразнасць, філасафічнасць мовы гэтых малых жанраў фальклору павінны дэталёва разглядацца вучнямі. Такі аналіз скіруе вучняў на ўзбагачэнне ўласнага слоўнікавага запасу. Улічваючы, што вывучэнне ідзе ў сярэдніх класах, настаўнік павінен старацца прадумаць, каб урокі былі цікавымі, яркімі, запамінальнымі, а таму выкарыстоўваць як мага больш нагляднасці, а таксама гульнявыя элементы, элементы спаборніцтва, таму што само навучальнае дзейства ўплывае на засваенне матэрыялу.
Заданні для абмеркавання на практычных занятках
1. Падрыхтуйце паведамленні па наступных тэмах:
- Месца фальклору ў школьнай праграме;
- Вывучэнне казак на ўроках літаратуры;
- Вывучэнне каляндарна-абрадавай паэзіі ў школе;
- Вывучэнне прыказак, прымавак і загадак у школе.
- Выкарыстанне нагляднасці пры вывучэнні вуснай народнай творчасці.
2. Падрыхтуйце перспектыўнае тэматычна-паўрочнае планаванне па тэме “Вусная народная творчасць” (5 клас).
Спіс літаратуры
- Асташонак, Л.В. Беларуская літаратура ў 4 класе / Л.В. Асташонак. – Мінск, 2002.
- Бельскі, А.І. Яшчэ раз пра вывучэнне фальклору / А.І. Бельскі. Літаратурацэнтрызм: педагагічныя артыкулы, нарысы / Алесь Бельскі. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2008. – С. 48 – 62.
- Грынько, М.У. Рэгіянальны аспект пры вывучэнні тэмы “Беларускія народныя песні” (5 клас) / М.У. Грынько // Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў вышэйшай і сярэдняй школе: Мат. рэсп. навук. канф. 30 кастрычніка 2002 г. / пад рэд. У.І. Каялы, Т.І. Тамашэвіча. – Гродна: ГрДУ, 2003. – С. 29 – 32.
- Казакова, І.В. Роля фальклору ў сістэме адукацыі / І.В. Казакова // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 81 – 82.
- Літвіновіч, А.Ф. Праблемы вывучэння беларускага фальклору ў У класе / А.Ф. Літвіновіч // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 112 – 114.
- Ляшук, В.Я. Вывучэнне эпічных твораў: 5 – 8 класы / В.Я. Ляшук. – Мінск, 1987.
- Праскаловіч, В.У. Народная педагогіка і сучасныя ідэі педагагічнай навукі на ўроках беларускай літаратуры ў старшых класах / В.У. Праскаловіч // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 165 – 168.