ПРАДМОВА
Рэфармаванне сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь суправаджаецца істотнымі зменамі, сярод якіх і змена адукацыйнай парадыгмы. Будучым настаўнікам неабходна авалодаць сучаснымі тэхналогіямі навучання і выхавання, а таксама кіравацца ў сваёй дзейнасці навуковымі ведамі, у аснове якіх ляжыць назапашаны, сістэматызаваны і апрабаваны метадычнай тэорыяй і практыкай вопыт.
Гэтаму дапаможніку папярэднічала выданне 2004 года, што дазволіла аўтарам апрабаваць матэрыял на практыцы і ўнесці неабходныя карэктывы і дапаўненні. Апошнія зроблены ў сувязі з тым, што новыя падыходы да выкладання ў ВНУ прапануюць пэўную частку гадзін пераводзіць на самастойную працу, якая і павінна быць забяспечана неабходным матэрыялам.
Дадзены вучэбны дапаможнік складзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнага прадмета і вызначаецца стандартам вышэйшай прафесійнай адукацыі.
Дапаможнік пабудаваны ў форме лаканічнага тэзіснага выкладання вучэбнага матэрыялу для таго, каб, па-першае, больш рэльефна паказаць унутраную логіку вывучаемых метадычных праблем; па-другое, даць магчымасць чытачу на аснове прачытання адносна кароткага тэксту абагульніць інфармацыю, атрыманую з іншых крыніц; па-трэцяе, стымуляваць чытача да самастойнага актыўнага пошуку.
З мэтай стварэння ўмоў для абагульнення вучэбнага матэрыялу, алгарытмізацыі, ілюстравання прычынна-выніковых сувязей, паказу ўнутранай структуры метадычных падыходаў і паняццяў прапануюцца схемы, апоры, табліцы. Яны прызваны таксама ў спалучэнні з тэкстам узмацніць актыўнасць ўспрыняцця матэрыялу, павысіць канцэнтрацыю ўвагі і знізіць стамляльнасць, якая непазбежна ўзнікае пры чытанні вялікіх тэкставых блокаў.
З гэтай жа мэтай уводзіцца адпаведнае шрыфтавае афармленне асобных частак тэксту, выдзяленне, пазначэнне, размежаванне.
Разглядаючы развіццё педагагічнай мовы чытача як важную задачу, аўтары палічылі мэтазгодным прапанаваць своеасаблівы метадычны слоўнік, які ўключае асноўныя дэфініцыі.
Змест асноўных раздзелаў адлюстроўвае найбольш актуальныя праблемы ў школьнай літаратурнай адукацыі. Кожная тэма — асноўная структурная адзінка гэтага выдання — завяршаецца комплексам пытанняў і заданняў, якія пабуджаюць чытача да рознабаковага разгляду матэрыялу і мэтанакіраванай самастойнай працы, а таксама да эфектыўнай работы на практычных і лабараторных занятках. Тэм практычных заняткаў распрацавана больш, чым прапануецца праграмай. Гэта зроблена з мэтай забяспечыць выкладчыку магчымасць выбару, варыянтнасць.
Дадзеная кніга будзе карысна як студэнту, пачынаючаму педагогу, так і настаўніку са стажам.