Тэма 19. ВЫВУЧЭННЕ ДРАМАТЫЧНЫХ ТВОРАЎ У ШКОЛЕ
У адрозненне ад лірычных і эпічных твораў, драматычныя ў школьнай праграме прадстаўлены невялікай колькасцю. Складанасць драмы як літаратурнага роду і яе спецыфіка абумоўліваюць пэўную цяжкасць яе ўспрымання вучнямі. Таму вельмі важна падрыхтаваць вучняў да ўспрымання драматычнага твора.
Каб абудзіць актыўную разумовую дзейнасць, настаўнік павінен:
- падрабязна патлумачыць падзеі, праблемы, якія знайшлі адлюстраванне ў творы;
- паказаць погляды і пазіцыю драматурга і патлумачыць адметнасць выяўлення аўтарскай пазіцыі ў драматычным творы. На дошцы варта змясціць наступную памятку:
- даць характарыстыку адметнасці драматычнага жанру (фабула, рэпліка, дыялог, маналог, дзеючыя асобы, рэмаркі, канфлікт). Асабліва важна спыніць увагу вучняў на канфлікце. Для гэтага школьнікам варта прапанаваць наступныя памяткі:
На ўступных занятках перад вывучэннем п’есы важна расказаць аб яе сцэнічным жыцці, аб першых пастаноўках на сцэне, аб рэакцыі гледача і крытыкі.
Першым этапам вывучэння драматычнага твора з’яўляецца чытанне п’есы, бо першыя дзеі, як правіла, знаёмяць і з героямі, і з сутнасцю канфлікту. Чытаць па ролях можна толькі тады, калі настаўнік патлумачыць, што сабой уяўляюць персанажы.
Другі этап — назіранне над сцэнічным дзеяннем. Аналізуецца цэнтральная лінія і «пабочныя». Паколькі дзеянне драматычнага твора праяўляецца ў характарах, уступаючых у канфлікт, то адначасова ідзе назіранне над вобразамі-персанажамі.
Для актывізацыі вучнёўскіх уяўленняў малююцца мізансцэны.
Назіраючы за паводзінамі, учынкамі, перажываннямі персанажаў у розных сітуацыях, школьнікі спасцігаюць сутнасць характараў, раскрытых драматургам. Асаблівая ўвага надаецца назіранню над мовай.
У сваёй прынцыповай схеме аналіз ключавых дыялогаў і маналогаў павінен ахопліваць наступныя пытанні:
У якіх абставінах пачаўся і вядзецца дыялог (маналог)?
Якія яго прычыны?
Які яго змест?
Якія рысы герояў раскрываюцца ў ім?
Як паводзяць сябе героі?
Трэці этап — абагульненне назіранняў. Яно праводзіцца пасля тэкстуальнага аналізу, назіранняў над праблемай і над вобразамі. Гэта праца ў кожным канкрэтным выпадку носіць спецыфічны характар, але ёсць і тыповыя пытанні. Яны наступныя:
Якая роля дадзенага героя ў агульнай плыні падзей, адлюстраваных у п’есе?
Якое яго месца ў канфлікце?
Што пашырае нашы веды пра лёс героя?
Як характарызуе героя той ці іншы ўчынак?
Якую ацэнку даюць яму іншыя персанажы?
Як характарызуе героя яго мова?
У якім напрамку развіваецца характар героя?
Якія эстэтычныя функцыі вобраза?
Адначасова з аналізам сцэн, вобразаў неабходна тлумачыць і жанравую спецыфіку твора (Чаму драма? або Чаму філасофска-сатырычная камедыя?).
Самым эфектыўным шляхам аналізу драматычнага твора, як паказвае практыка, з’яўляецца шлях «следам за аўтарам».
Заданні для абмеркавання на практычных занятках
1. Пакажыце асноўныя родавыя адрозненні драматычных твораў.
2. Карыстаючыся праграмамі па беларускай літаратуры, падрыхтуйце паведамленне на тэму «Месца драматургіі ў школьным курсе беларускай літаратуры».
3. Карыстаючыся метадычнай літаратурай, падрыхтуйце адказы на наступныя пытанні:
а) Чаму драматычныя творы вывучаюцца ў старшых класах?
б) У чым спецыфіка ўспрыняцця вучнямі драматычных твораў?
в) У чым спецыфіка сюжэта, кампазіцыі, вобразаў і мовы п'есы?
г) Якія шляхі і прыёмы звароту да тэатральнага мастацтва і як яны выкарыстоўваюцца пры асэнсаванні тэкста п’есы.
4. Распрацуйце сістэму ўрокаў па вывучэнні п'есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» і Андрэя Макаёнка «Зацюканы апостал».
5. Распрацуйце план-каспект урока па тэме “Сатырычныя вобразы-характары камедыі Віталя Вольскага “Несцерка” (8 клас)”.
Спіс літаратуры
- Валынец, Ю.І. Вывучэнне драматычных твораў / Ю.І. Валынец // Методыка выкладання беларускай літаратуры. / Пад рэд. Ляшук В.Я. – Мінск, 1999. – С. 215 – 230.
- Верціхоўская, М. Вывучэнне камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» / М. Верціхоўская // Беларуская мова і літаратураў школе. – 1989. № 9.
- Восприятие и изучение произведений в их родовой и жанровой специфике // Методика преподавания литературы: в 2 ч. / под ред. О.Ю. Багдановой, В.Г. Маранцмана. – Москва, 1994. – Ч. 2. – 288 с.
- Карухіна, В.А. Урокі беларускай літаратуры ў 8 класе: вучэб.-метад. дапам. для наст. / В.А. Карухіна, П.І. Лявонава, І.М. Слесарава. – Мінск, 2006. – 214 с.
- Ляшук В.Я. Аляксей Дудараў // Родная літаратура ў 9 класе / Пад рэд. В.Я. Ляшук – Мінск, – 2000. С. 217 – 228.
- Русілка, В.І. Эпас, лірыка, драма: дыферэнцыяцыя метадаў і прыёмаў школьнага аналізу твораў / В.І. Русілка // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 171 – 174.
- Смыкоўская, В. Вывучэнне п’есы “Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка. Х клас / В. Смыкоўская // Роднае слова. – 2006. – № 10.