Тэма 24. ВЫВУЧЭННЕ ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫХ АРТЫКУЛАЎ У ШКОЛЕ
Артыкулам літаратурна-крытычнага зместу належыць важная роля ў змесце і структуры кожнай тэмы падручнікаў.
Формы працы над крытычнымі артыкуламі залежаць ад спецыфікі матэрыялу, змешчанага ў падручніках, і ад узроставых асаблівасцей вучняў.
У 5—6 класах змест такіх артыкулаў звычайна складаюць ацэнкі тых ці іншых твораў, трапныя характарыстыкі майстэрства іх аўтараў іншымі пісьменнікамі ці крытыкамі. Дадзены матэрыял абавязкова зачытваецца і абмяркоўваецца. Можна даваць вучням заданне адшукаць у артыкулах змястоўныя выказванні пра твор, які вывучаецца, і выкарыстаць іх у сваіх адказах.
У 7—9 класах падручнікі хрэстаматыйнага тыпу, але ў іх пададзены грунтоўныя артыкулы літаратуразнаўчага зместу. Задача настаўніка — праз чытанне, абмеркаванне, каменціраванне, самастойныя назіранні, канспектаванне дапамагчы вучням убачыць сувязь артыкула з мастацкімі творамі і мэтанакіравана выкарыстаць яго пры аналізе тэкстаў, раскрыць творчую індывідуальнасць пісьменніка, паглыбіць веды па тэорыі літаратуры. Настаўнік павінен даць узоры творчага выкарыстання артыкулаў у разгорнутых адказах на пытанні, пры выкананні пісьмовых прац.
У старэйшых класах вучні знаёмяцца з самім паняццем «літаратурная крытыка». Артыкулы навукова-метадалагічнага кшталту (напр., К. Крапіва «Канфлікт — аснова п’есы») неабходна падрабязна аналізаваць на ўроках. Аглядавыя артыкулы неабходна канспектаваць. Вучням варта даваць заданні складаць на аснове літаратуразнаўчага матэрыялу табліцы, схемы, апоры. Настаўнік павінен нацэльваць вучняў звяртацца не толькі да артыкулаў, пададзеных у падручніках, але і да тых, якія змешчаны ў зборніках і літаратурных часопісах.
Спіс літаратуры
- Методыка выкладання беларускай літаратуры / пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 1999.
- Шаўлякова-Барзенка, І.Л. Вывучэнне тэорыі літаратуры ў школе / І.Л. Шаўлякова-Барзенка // Беларуская мова і літаратура. – 2007. – № 10.