Тэма 23. ВЫВУЧЭННЕ БІЯГРАФІІ ПІСЬМЕННІКА
^ Вверх

Тэма 23. ВЫВУЧЭННЕ БІЯГРАФІІ ПІСЬМЕННІКА

 

У школьным курсе беларускай літаратуры немалое месца належыць вывучэнню біяграфіі таго ці іншага пісьменніка. Але разам з тым, вывучэнне жыццёвых фактаў творцы не ёсць самамэта ў літаратурнай адукацыі, а каштоўны арыентацыйны матэрыял, які дапаможа ў далейшым школьнікам спасцігнуць сутнасць мастацкіх твораў дадзенага аўтара, стане своеасаблівым ключом да разумення яго індывідуальнай адметнасці. 

Вывучэнне біяграфіі пісьменніка адрозніваецца ў залежнасці ад узросту вучняў.

У сярэдніх класах праграма і падручнікі не прадугледжваюць вывучэнне біяграфіі і не ўтрымліваюць адпаведнага матэрыялу. Але гэта не выключае выкарыстання настаўнікам цікавых міні-аповедаў, краязнаўчых і ілюстрацыйных матэрыялаў, якія стануць своеасаблівай візітнай карткай пры знаёмстве з мастацкім творам пэўнага аўтара. Адзінае патрабаванне да такіх матэрыялаў – лаканічнасць.

Так, напрыклад, праграма, прапануючы вывучэнне верша Рыгора Барадуліна «Бацьку», падмацоўваецца ў падручніку невялікім матэрыялам з жыцця паэта.

Хаця вывучэнне біяграфіі і не прадугледжана ў гэтых класах, настаўнік мае права вельмі коратка паведаміць вучням пра жыццё пісьменніка, каб яны атрымалі ўяўленне пра гістарычныя вытокі твора.

У 7—8 класах падаецца невялікі эпізадычны матэрыял з біяграфіі, які раскрывае пісьменніка як асобу, паказвае яго мастацкае крэда або з’яўляецца матэрыялам для больш глыбокага разумення твора.

Каб заахвоціць вучняў да знаёмства з пэўным творам, зацікавіць асобай пісьменніка, для сярэдніх класаў варта выбіраць значныя і яркія прыклады з жыцця творцы, дзённікавыя матэрыялы або ўспаміны сучаснікаў, сяброў, мемуары.

У старшых класах творчасць пісьменніка і яго біяграфія вывучаюцца падрабязна і грунтоўна.

Практычным вопытам выпрацавана прыкладная метадычная схема вывучэння жыцця і творчасці пісьменніка. Яна складаецца з наступных пунктаў:

1. Агульная характарыстыка гістарычнага перыяду, у які працаваў ці працуе пісьменнік.
2. Асноўныя асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу.
3. Кароткія звесткі з біяграфіі пісьменніка.
4. Характарыстыка творчасці пісьменніка:

а) пачатак літаратурнай дзейнасці;

б) этапы ці перыяды дзейнасці.

Можна выкарыстоўваць сінхранічныя табліцы. Напрыклад, па біяграфіі М.Танка:

 

Даты (перыяд)

Адметнасць часу

Жыццё пісьменніка

Творы

1921 − 1939 (давераснёўскі перыяд)

Заходняя і Усходняя Беларусь

Жыве і вучыцца у Нарачанскім краі (Танк)

Зборнік

 "Па  этапах"

 

в) агульная характарыстыка тэматыкі, праблематыкі і мастацкіх асаблівасцей найбольш значных твораў і зборнікаў.

5. Пісьменнік і грамадства:

а)  сацыяльная пазіцыя мастака, яго ўдзел у грамадскім жыцці;

б)  уплывы грамадска-палітычных абставін на творчасць пісьменніка;

в)  ацэнкі твораў або новае прачытанне ў сувязі са зменамі грамадска-палітычных абставін.

6. Значэнне дзейнасці пісьменніка і яго суаднесенасць з сусветным літаратурным працэсам.

Вывучэнне біяграфічнага матэрыялу павінна суправаджацца шырокім выкарыстаннем нагляднасці.

Сучасная метадычная думка прапаноўвае шэраг нетрадыцыйных метадаў вывучэння біяграфіі пісьменніка ў школе. Гэта такія, як: урок-экскурсія «Па жыццёвых сцежках Францыска Скарыны», дзе вучні выступаюць у ролі экскурсаводаў і ў экскурсійных паведамленнях з выкарыстаннем карты расказваюць пра жыццёвы лёс першадрукара; урок-завочнае падарожжа «Па старонках сямейнага альбома Багдановічаў», на якім знаёмства з біяграфіяй адбываецца на аснове фотаздымкаў; урок-выстава «Жыццёвыя сцежкі Янкі Купалы ў творах жывапісу», дзе лёс пісьменніка ад дзяцінства і да апошніх гадоў жыцця прасочваецца на аснове рэпрадукцый жывапісных палотнаў і інш.

Плённай формай вывучэння біяграфіі з’яўляецца калектыўнае складанне табліц. Улічыўшы той факт, што падручнік па літаратуры не можа ахапіць усе моманты жыцця і творчасці пісьменніка, для вучняў прапаноўваецца выкарыстанне шэрагу навуковых, навукова-метадычных прац, даведачнай літаратуры, твораў мастацкай літаратуры.

Вучні павінны з аб’ёмнага матэрыялу выбраць і запомніць толькі найбольш вартаснае, г.зн. тыя факты з жыцця, якія прынцыпова паўплывалі на творчую свядомасць класіка. Такім чынам, адбываецца знаёмства не толькі з біяграфіяй пісьменніка, але скіроўваецца ўвага і на даследчую працу вучняў.

Акрамя навуковага падыходу да вывучэння біяграфіі пісьменніка, варта выкарыстоўваць і творчыя працы. Гэта могуць быць такія віды працы, як сачыненне, водгук, эсэ і г.д.

Такі дыферэнцыйны падыход, зварот да шматлікай навуковай і дакументальнай літаратуры, выкарыстанне нагляднасці, а таксама разнастайныя творчыя працы дазволяць сучаснаму школьніку трывала засвоіць асноўныя звесткі з жыцця пісьменніка.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

 

  1. Падрыхтуйце паведамленні па наступных тэмах: «Знаёмства з біяграфіяй пісьменніка як ключ да разумення яго творчасці», «Спецыфіка знаёмства з біяграфіяй пісьменніка ў сярэдніх класах», «Спецыфіка знаёмства з біяграфіяй пісьменніка ў старшых класах».
  2. Прааналізуйце метадычную працу Івашына В.У. «Вывучэнне жыццёвай і творчай біяграфіі пісьменніка як тэарэтыка-метадычная праблема» (Беларуская мова і літаратура, 2001. – №3).
  3. На аснове метадычнай схемы вывучэння жыцця і творчасці пісьменнка падрыхтуйце матэрыял па вывучэнні біяграфіі пісьменніка са школьнай праграмы за 10-11 класы (на выбар).
  4. Абмеркаванне творчых заданняў па нетрадыцыйных метадах вывучэння біяграфіі пісьменнка:

- Па старонках сямейнага альбома Багдановічаў;

- Жыццёвыя сцежкі Янкі Купалы ў творах жывапісу;

- Урок-экскурсія «Па жыццёвых сцежках Францыска Скарыны».

 

Спіс літаратуры

  1. Аскірка, В. Вывучэнне біяграфіі пісьменнікаў з выкарыстаннем камп’ютэрнай тэхналогіі: На прыкладзе біяграфіі Максіма Багдановіча. ХІ клас / В. Аскірка // Роднае слова. – 2007. – № 4.
  2. Грынько, М.У. Асаблівасці вывучэння біяграфіі Янкі Купалы ў сярэдняй школе / М.У. Грынько // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: Зборнік навуковых прац. – Гродна: ГрДУ імя Я.Купалы, 2006. — С. 84-88.
  3. Грынько, М.У. Вывучэнне біяграфіі пісьменніка / М.У. Грынько // Беларуская мова і літаратура. – 2007. – № 7.
  4. Лойка, А. Як агонь, як вада...: Раман-эсэ пра Янку Купалу / А. лойка. – Мінск, 2000. –  478 с.
  5. Ляшук, В.Я. Вывучэнне біяграфіі пісьменніка / В.Я. Ляшук // Методыка выкладання беларускай літаратуры. Пад рэд. В.Я. Ляшук. — Мінск, 1999.
  6. Метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў па беларускай літаратуры (Родная літаратура ў 5 (7,8…) класе.
  7. Падручнікі па беларускай літаратуры.
  8. Руцкая, А.В. Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе / А.В. Руцкая. – Гродна, 1999. — 107 с.
  9. Руцкая, А.В. Шляхамі Скарыны: Урок-падарожжа / А.В. Руцкая // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990. № 8.
  10. Янка Купала ў выяўленчым мастацтве. – Мінск, 2002.
  11. Янка Купала ў творчасці Мастакоў. Фотаальбом. – Мінск, 1982.