Тэма 13. ПРАЦА ПА ВЫВУЧЭННІ ВОБРАЗА-ПЕРСАНАЖА МАСТАЦКАГА ТВОРА
^ Вверх

Тэма 13. ПРАЦА ПА ВЫВУЧЭННІ ВОБРАЗА-ПЕРСАНАЖА  МАСТАЦКАГА ТВОРА

 

Мастацкі вобраз - форма пазнання і адлюстравання жыцця ў мастацкай літаратуры. Гэта можа быць вобраз-малюнак, вобраз-рэч, вобраз-сімвал, вобраз-перажыванне, вобраз лірычнага героя, вобраз-тып, вобраз-персанаж і інш.

Вобраз-тып - гэта персаніфікаваная ідэя, увасабленне ў канкрэтным лёсе пэўных сацыяльных прынцыпаў і нормаў.

Вобраз-персанаж - гэта мастацка пераканальны вобраз чалавека з глыбока і яскрава выяўленымі індывідуальнымі рысамі.

Пры аналізе мастацкага твора важным звяном з'яўляецца аналіз вобразаў-персанажаў, паколькі пранікненне ў «біяграфію» кожнай рысы асобы персанажа паглыбляе бачанне і разуменне ідэйна-мастацкага багацця літаратурнага твора. У першую чаргу настаўнік павінен даць азначэнне, што такое вобраз-персанаж.

Разглядаючы генезіс асобы літаратурнага героя, пранікаючы ў глыбіню гісторыі яго жыцця, у таямніцу яго лёсу, настаўнік раскрывае перад вучнямі паняцце псіхалагізму ў літаратуры, выпрацоўвае ўяўленне пра тыповасць характараў. Вобраз-персанаж — гэта эпіцэнтр мастацкага твора, а таму нельга зводзіць яго аналіз да складання характарыстыкі, і ў той жа час характарыстыку нельга замяняць пераказам сюжэтнага лёсу героя або ўвогуле зместу твора. Вучні павінны бачыць мастацкую ролю персанажа. Малодшыя падлеткі павінны ўмець матываваць паводзіны герояў, а старшакласнікі — матываваць і тлумачыць не столькі паводзіны, колькі маральную пазіцыю, перакананні, псіхалогію, устанаўліваць прычынную сувязь паміж рысамі характару і паводзінамі героя, бачыць і тлумачыць уплывы эпохі і асяроддзя.

Каб вучням лягчэй усвядоміць гэта патрабаванне, можна прапанаваць іх увазе наступную схему:

 

 

 

Аналіз вобразаў-персанажаў павінен быць зарыентаваны на ўзроставыя асаблівасці вучняў. Зыходзячы з гэтага, неабходна ўлічваць наступныя патрабаванні працы над вобразам-персанажам:

5-6 класы

  • Навучыць самастойна ацэньваць адну з'яву, адзін факт з паводзін персанажа, выводзіць з яго рысу характару і ацэньваць яе значэнне ў грамадскім жыцці.
  • З некалькіх фактаў выяўляць і абагульняць некалькі рыс.
  • Самастойна знаходзіць 2-3 асноўныя рысы персанажаў.
  • Навучыць параўноўваць і супрацьпастаўляць вобразы.

7-8 класы

  • Навучыць аналізаваць фарміраванне характару героя.
  • Развіваць уменне самастойна складаць план характарыстыкі героя.
  • Навучыць здзяйсняць параўнальную характарыстыку па паралельнай і паслядоўнай схемах:

 

 

 

Старшыя класы

  • Навучыць раскрываць характары праз прычынна-выніковыя сувязі.
  • Бачыць герояў у кантэксце гістарычнай эпохі і грамадскага асяроддзя.
  • Прасочваць спецыфіку раскрыцця характару героя з улікам аўтарскай індывідуальнасці пісьменніка. 

Нягледзячы на тое, што кожны мастацкі твор, а значыць і кожны персанаж, адрозніваецца ад іншых, усё ж існуюць пэўныя тыповыя аспекты, на якія неабходна звяртаць увагу пры аналізе літаратурнага героя. Гэтыя аспекты і ўтвараюць цэласную характарыстыку вобраза-персанажа. Яе можна прадставіць у выглядзе наступнай схемы-апоры.

 

 

 

Гэту схему варта змяшчаць на дошцы ў час працы над вобразам. Яна будзе садзейнічаць лагічнасці і мэтанакіраванасці вучнёўскіх назіранняў.

У падручніках не заўсёды змяшчаецца (гэта абумоўлена абмежаванасцю аб’ёму) дастатковая колькасць пытанняў, неабходных для ўсебаковага аналізу вобраза-персанажа вучнямі. Асабліва гэта тычыцца перажыванняў, настрояў і ўчынкаў героя, якія, як правіла, найбольш складана асэнсоўваць вучням. А таму настаўніку варта кіравацца шэрагам наступных пытанняў:

1. Перажыванні, настроі, думкі.

Чаго хоча, чаго дабіваецца, да чаго імкнецца герой? Ці ёсць у яго мэта? Ці значная гэта мэта? Што ён можа? На што ён рэальна здольны? Ці ёсць у яго ідэалы, сіла волі?  Як ставіцца герой да сябе? Ці здольны ён ацаніць сябе і сваё месца ў жыцці? Ці ўступае ў барацьбу сам з сабою, са сваімі недахопамі?

2. Учынкі

Што герой робіць, чым займаецца? У якіх падзеях прымае ўдзел? Ці адпавядаюць яго заняткі яго імкненням? Чаму ён гэта робіць? З якой мэтай? Якія матывы яго паводзін у кожным эпізодзе? Якія з’явы жыцця адлюстраваны ў вобразе героя?

Адказ на кожнае з пытанняў аргументуецца, падмацоўваецца спасылкай на тэкст. 

Адказ падмацоўваецца праз паралельнае асвятленне пытанняў

- як гэта паказвае аўтар?

- як ацэньвае?

- якія пачуцці гэты паказ і ацэнкі выклікаюць у чытача?

 

Асаблівую ўвагу вучняў неабходна скіроўваць на аналіз мовы героя, паколькі вобраз-персанаж раскрываецца аўтарам праз індывідуалізацыю яго мовы. Гэта назіранне павінна ажыццяўляцца на аснове трох аспектаў. Для вучняў гэта можа быць прадстаўлена ў выглядзе наступнай схемы-памяткі: 

Мова

характарызуе

героя

прычынна-выніковы характар

праз тое, чаму гаворыцца

логіка-сэнсавы бок

праз тое, што гаворыцца

форма выражэння зместу

праз тое, як гаворыцца

 

Значную дапамогу вучням пры падрыхтоўцы вуснага разгорнутага адказу па характарыстыцы вобраза-персанажа акажа наступны план-алгарытм.

 

ХАРАКТАРЫСТЫКА МАСТАЦКАГА ВОБРАЗА-ПЕРСАНАЖА

(ПРЫКЛАДНЫ ПЛАН РАЗГОРНУТАГА АДКАЗУ ВУЧНЯЎ)

 

Уступ. Праблема, якая прывяла аўтара да стварэння дадзенага вобраза і месца персанажа ў сістэме вобразаў твора. 

Галоўная частка. Характарыстыка персанажа як пэўнага сацыяльнага тыпа.

1. Фабульны лёс героя.

2. Сацыяльнае і матэрыяльнае становішча.

3. Своеасаблівасць светаўспрымання і светаразумення, кола разумовых інтарэсаў, схільнасцей і звычак:

  • характар дзейнасці і асноўных жыццёвых памкненняў,
  • уплыў на акружаючых.

4. Вобласць пачуццяў:

  • асаблівасці ўнутраных перажыванняў;
  • сімпатыі і антыпатыі.

5. Аўтарскія адносіны да персанажа.

6. Якія рысы асобы героя выяўляюцца ў творы:

  • з дапамогай партрэта,
  • у аўтарскай характарыстыцы,
  • праз характарыстыку іншых дзейных асоб,
  • з дапамогай прадгістырыі або біяграфіі,
  • праз ланцужок учынкаў,
  • праз моўную характарыстыку,
  • праз інтэр'ер,
  • праз пейзаж. 

Заключэнне. Што хацеў сказаць аўтар праз увядзенне дадзенага вобраза.