Тэма 15. ЗАКЛЮЧНЫЯ ЗАНЯТКІ
^ Вверх

Тэма 15. ЗАКЛЮЧНЫЯ ЗАНЯТКІ

 

Заключныя заняткі — своеасаблівае падвядзенне вынікаў у сістэме працы над літаратурным творам. На іх сінтэзуюцца і абагульняюцца набытыя веды, выяўляецца трываласць і самастойнасць вучнёўскіх меркаванняў, адбываецца карэкцыя набытых ведаў і ўменняў і выкарыстанне іх у новай сітуацыі. Неабходна пераканаць вучняў у справядлівасці, правільнасці меркаванняў, якія склаліся ў класе, яшчэ раз актуалізаваць і абараніць высновы, да якіх прывёў сумесны аналіз, сфармаваць канчатковы варыянт ключавога абагульнення. Тут павінен выявіцца новы для вучняў ракурс погляду на твор. Толькі ў такім выпадку школьнікі прыйдуць да паглыбленага асэнсавання літаратурнай тэмы ў цэлым, бо нават найлепшыя ўрокі па аналізе тэксту мастацкіх твораў не даюць жаданых вынікаў, калі не паклапаціцца аб паглыбленні і замацаванні. Для гэтага на заключных занятках неабходна стварыць умовы, у якіх школьнікам патрабуецца не проста паўтарыць вывучанае, але і асэнсаваць яго нанова.

Плануючы заключныя заняткі, настаўнік павінен кіравацца асноўнымі патрабаваннямі да ведаў, уменняў, літаратурнага развіцця, якія падаюцца ў праграме. Зыходзячы з гэтага, асабліва яскрава і дакладна ў новым ракурсе павінны быць яшчэ раз прадстаўлены як асноўныя аспекты:

  • ідэйна-тэматычная сутнасць,
  • аўтарская пазіцыя,
  • сістэма вобразаў,
  • ідэйна-мастацкая роля асноўных выяўленчых сродкаў,
  • уласная інтэрпрэтацыя літаратурна-крытычных меркаванняў.

Не менш важна арыентавацца і на наступныя асноўныя задачы заключных заняткаў:

  • пасля аналізу тэкста ў дэталях выпрацаваць погляд на твор у цэлым, прывесці вучняў да больш абагульненых высноў;
  • увядзеннем новага матэрыялу, новых ракурсаў аналізу, супастаўленнем трактовак (часам розных) твора ў крытыцы і, калі ёсць, у сумежных відах мастацтва, паглыбіць веды;
  • стварэннем новых праблемных сітуацый падвесці вучняў да вырашэння больш складаных задач, да рэалізацыі даследчых і творчых здольнасцей на аснове набытых ведаў, уменняў і навыкаў;
  • дапамагаць класу самастойна знайсці ўнутраную мэту аўтара ў творы;
  • убачыць своеасаблівасць стылю, творчай індывідуальнасці мастака слова;
  • замацаваць  трываласць перакананняў, якія склаліся ў вучняў у ходзе вывучэння твора.

Агульнае, што забяспечвае поспех усіх відаў заключных заняткаў – гэта ўлік узроставых асаблівасцей. У сярэдніх класах на вывучэнне твораў пераважна адводзіцца 1-3 гадзіны, а таму заключныя заняткі найчасцей праводзяцца як фрагмент урока. Можна праводзіць іх пасля вывучэння некалькіх, тэматычна аб’яднаных твораў, або выкарыстоўваць урокі развіцця мовы, сінтэзуючы іх спецыфіку са спецыфікай заключных заняткаў. Кіруючыся тым, што асноўная функцыя ўрокаў развіцця мовы – гэта навучанне розным відам і жанрам маналагічных выказванняў на літаратурную тэму, настаўнік павінен як бы спраецыраваць змест абагульняючага матэрыялу на пэўны жанр. Для гэтага варта карыстацца наступнай класіфікацыяй маналагічных выказванняў:

 

І. Рэпрадуктыўныя выказванні

  • узнаўляючыя і творчыя пераказы мастацкага тэксту,
  • пераказы артыкулаў падручніка, фрагментаў літаратурна-крытычных крыніц,
  • пераказы мемуарных і эпісталярных матэрыялаў (напрыклад, падагульняючы вывучэнне давераснёўскай лірыкі Максіма Танка, выкарыстоўваюцца “Лісткі календара”)

ІІ. Прадуктыўныя выказванні

  • разгорнуты адказ, паведамленне, даклад,
  • крытычнае эсэ, літаратурны агляд,
  • рэферат або даклад пра сувязь з сумежнымі відамі мастацтва (напрыклад, “Творы Максіма Багдановіча ў музыцы і жывапісе.

ІІІ. Мастацка-творчыя выказванні

  • водгукі на прачытаныя творы,
  • вуснае маляванне,
  • уласныя вершы, апавяданні, замалёўкі і г.д. вучняў.

 

Прадуманае выкарыстанне розных жанраў выказванняў дае магчымасць працаваць над вядомым матэрыялам па-новаму.

Плануючы такія ўрокі, настаўнік павінен не пакідаць без увагі пэўныя праблемныя аспекты і задачы і забяспечыць іх вырашэнне.

Па-першае, у малодшых падлеткаў, як правіла, узнікае адчуванне знаёмасці твора, калі ўсё ў ім здаецца вядомым і далейшыя размовы пра твор уяўляюцца непатрэбнымі. Такая праблема здымаецца, калі выкарыстоўваюцца новыя формы працы (гэта намі адзначана вышэй), новыя пытанні, падключаюцца сумежныя віды мастацтва, краязнаўчы матэрыял (напрыклад, да тэмы “Легенды і паданні” (5 клас) – “Легенды нашай мясцовасці”).

 Па-другое, сучасныя падлеткі, як адзначаюць псіхолагі, вызначаюцца тэхнанізаваным мысленнем, паколькі інфармацыю атрымліваюць пераважна візуальна з электронных крыніц. Улічваючы гэта, варта шырока выкарыстоўваць графічную арганізацыю падагульняючага матэрыялу: табліцы, схемы, апоры, кластэры. Напрыклад, падагульняючы працу над камедыяй Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”, варта яшчэ раз зрабіць акцэнт на бачанне вучнямі сутнасці канфлікту, бо ён аснова сюжэту і аснова выяўлення характараў. Для гэтага вучням можна прапанаваць дапоўніць і пракаменціраваць наступны кластэр:

 

 

Вельмі эфектыўным прыёмам на заключных занятках з’яўляецца параўнанне планаў, якія складаліся вучнямі ў працэсе аналізу твора або планаў, якія вучні спецыяльна рыхтуюць да заключных урокаў.

Напрыклад, праводзячы заключныя заняткі па паэме “Новая зямля” Якуба Коласа, можна прапанаваць абмеркаванне і параўнанне наступных планаў.

 

 

Варыянт 2

 

 

 


Так, з’яўленню ў вучняў агульнага погляду на твор часта дапамагае калектыўная праца над крытычным артыкулам, супастаўленне розных трактовак і поглядаў даследчыкаў, абмеркаванне рэфератаў.
 

Вучням павінна быць цікава, яны павінны актыўна працаваць, самастойна абараняць пэўную думку, пазіцыю, падсумоўваць веды.

Заключныя заняткі ў старшых класах будуюцца па тых  жа прынцыпах, але на больш высокім узроўні: узмацняецца ступень самастойнасці, ускладняюцца заданні.

Эфектыўнай з’яўляецца і падагульняючая  міні-лекцыя настаўніка. Зместам такой лекцыі павінны быць вывады па творах, па ўсёй творчасці пісьменніка або дадатковы матэрыял.

Запіс такой лекцыі вучнямі, нават самы кароткі, вельмі дапаможа ім пры паўтарэнні і асабліва пры падрыхтоўцы да экзаменаў. 

Для замацавання ўзнаўлення цэласнасці успрымання твора пасля аналізу на заключных занятках можна практыкаваць маналагічныя разгорнутыя выказванні па адпаведных схемах. Адной з іх можа быць схема цэласнага аналізу мастацкага твора.

  1. Гісторыя стварэння.
  2. Тэматыка.
  3. Праблематыка.
  4. Ідэйная накіраванасць твора і яго эмацыйны пафас.
  5. Жанравая своеадметнасць.
  6. Асноўныя мастацкія вобразы ў іх сістэме і ўнутраных сувязях.
  7. Цэнтральныя персанажы.
  8. Асаблівасці сюжэтабудавання.
  9. Пейзаж, партрэт, дыялогі і маналогі перасанажаў, абставіны дзеяння.
  10. Маўленчы строй (аўтарскае апісанне, апавяданне, адступленні, разважанні, характарыстыкі).
  11. Кампазіцыя сюжэта і асобных вобразаў, а таксама агульная архітэктоніка твора.
  12. Месца твора ў творчасці пісьменніка і ў нацыянальнай літаратуры.

 

Заключныя заняткі могуць праходзіць як роздум пра жанр, адметнасць кампазіцыі, пра актуальнасць твора, пра вартасць экранізацыі (калі такая ёсць).

Па сваёй структуры заключныя заняткі могуць быць абагульняльныя, праблемныя, паглыбляльныя (накіраваныя на больш поўнае разуменне характараў герояў, мастацкай адметнасці твора, яго ролі ў літаратурным працэсе).

Змест заключных заняткаў, выбар метадычных прыёмаў і формаў правядзення залежыць ад іх тэматыкі, характару матэрыялу, акрэсленай настаўнікам структуры.

Найбольш эфектыўнымі для абагульняльных заняткаў з’яўляюцца віктарыны, міні-алімпіяды, конкурсы, падагульняючае слова настаўніка, франтальная работа з класам (па цікавых пытаннях і заданнях) і інш.

Зместавая скіраванасць пытанняў і заданняў да франтальнай работы пасля вывучэння драмы Янкі Купалы “Раскіданае гняздо” можа быць наступнай:

  1. Што дапамагае ўбачыць рэалістычны і філасофскі план драмы?
  2. У чым бачыць Янка Купала прычыну дэфармацыі чалавека ў чалавеку?
  3. Чым сугучна з нашым часам драма “Раскіданае гняздо”?
  4. Што не губляе ў гэтым творы свайго значэння, і чым ён можа духоўна ўзбагаціць нас?
  5. Як вы патлумачыце апошнюю рэмарку аўтара “…знікаюць у цемры”?

 

Для праблемных заняткаў можна выкарыстоўваць гутарку або дыскусію па пытаннях, якія патрабуюць асэнсавання твора ў новым аспекце, прапаноўваць заданні на параўнанне, супастаўленне.

Для паглыбляльных заняткаў прынясе карысць знаёмства з дзённікамі, успамінамі, мемуарамі; аналіз сугучных твораў сумежных відаў мастацтва, экспазіцый; абмеркаванне новых поглядаў на твор, крытычных артыкулаў, заслухоўванне творчых справаздач вучняў (па папярэдне дадзеных заданнях), напісанне сачыненняў, водгукаў.

Заключныя заняткі – гэта этап аналізу, дзе ўсе яго аспекты павінны знайсці сваё закончанае выражэнне.

 

Спіс літаратуры

 

  1. Арцімёнак, Т.М. Тэарэтычныя веды як аснова спасціжэння мастацкага твора / Т.М. Арцімёнак // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 13 – 16.
  2. Гарадніцкі Я.А. Выкарыстанне катэгорыі “мастацкі свет” пры аналізе літаратуры / Я.А. Гарадніцкі // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 41 – 45.
  3. Рагойша, В. Кантакты / В. Рагойша. – Мінск, 1982.
  4. Рагойша, В. Паэтычны слоўнік / В.Рагойша. – Мінск, 2003.
  5. Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. Дапаможнік / В. Рагойша. – Мінск, 2001.
  6. Руцкая, А.В. Заключныя заняткі ў сістэме працы над творам / А.В. Руцкая // Беларуская мова і літаратура. – 2008. – № 3.
  7. Савіцкі, М. Пра тэарэтыка-літаратурную падрыхтоўку ў сістэме літаратурнай адукацыі / М. Савіцкі // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: УІІІ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 125-годдзю з дня нарадж. Янкі Купалы і Якуба Коласа, 1 – 3 лістап. 2007 г., Мінск, БДУ: зб. навук. арт. / рэдкал. Т.І. Шамякіна (адк. рэд.) [і інш.]; пад агул. рэд. І.С. Роўды. – Мінск: выд. цэнтр БДУ, 2008. – С. 287 – 291.
  1. Тамашэвіч, З.М. Вывучэнне тэорыі літаратуры на ўроках чытання ў пачатковых класах / З.М. Тамашэвіч // Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў вышэйшай і сярэдняй школе: Мат. рэсп. навук. канф. 30 кастрычніка 2002 г. / пад рэд. У.І. Каялы, Т.І. Тамашэвіча. – Гродна: ГрДУ, 2003. – С. 67 – 69.
  2. Шаўлякова-Барзенка, І.Л. Вывучэнне тэорыі літаратуры ў школе / І.Л. Шаўлякова-Барзенка // Беларуская мова і літаратура. – 2007. – № 10.