28.3. Графічныя формы арганізацыі матэрыялу
^ Вверх

28.3. Роля графічных формаў арганізацыі матэрыялу ў развіцці творчага мыслення вучняў на ўроках беларускай літаратуры

 

Выкладанне літаратуры ў школе, кажучы словамі выдатнага дзеяча адукацыі, акадэміка М.А. Лазарука, заўсёды было “навучаннем і выхаваннем творчасцю”, было справай складанай, чуйнай да асаблівасцей часу, да канцэптуальных змен. Сёння таксама ідзе актыўны працэс змянення зместавай асновы гуманітарнай адукацыі. Характэрная прыкмета – новая парадыгматыка, а ў прыватнасці – арыентацыя на асобасны прыярытэт, на фарміраванне ўласнай актыўнай пазіцыі вучня, саміх спосабаў пазнавальнай дзейнасці, на развіццё творчага і лагічнага мыслення.

Нельга скідаць з рахункаў, што сучасны вучань больш прагматычны, тэхналагізаваны. Гэта абумоўлена ходам гістарычнага развіцця, рухам цывілізацыйных працэсаў і інфармацыйным прагрэсам. Усё вышэйакрэсленае вымагае пошуку новых шляхоў дзейнасці, а таксама перагляду і універсалізацыі лепшых здабыткаў вопыту выкладання беларускай літаратуры. Адным з накірункаў такога падыходу з’яўляецца шырокае выкарыстанне візуальных формаў арганізацыі матэрыялу. Гэтыя формы выкарыстоўваюцца як творчая рэфлексія, але не толькі. З іх дапамогай вучні атрымліваюць магчымасць мэтанакіравана працаваць, выказваць свае ідэі, сістэматызаваць матэрыял, рабіць высновы і інш. Для настаўніка некаторыя з гэтых формаў могуць стаць вядучай стратэгіяй урока. Графічная арганізацыя матэрыялу робіць нагляднымі тыя мысліцельныя працэсы, якія адбываюцца пры вывучэнні той ці іншай літаратурнай тэмы. Аднак эфектыўнасці можна дасягнуць толькі тады, калі настаўнік будзе кіравацца наступнымі правіламі:

  • грунтоўна і дэталёва прадумваць графічнае выкладанне матэрыялу, яго самадастатковасць;
  • папярэдне тлумачыць вучням сутнасць прапаноўваемых табліц, схем, апор, кластэраў, умоўных знакаў і г.д.;
  • дакладна вызначаць мэты і формы працы.

Такім чынам будзе дасягнута абуджэнне цікавасці да абранай тэмы, да самога працэсу даследавання і пазнання, а ўрок будзе цікавым, насычаным, прадуктыўным.

Напрыклад, праводзячы падагульняючы ўрок па манаграфічнай тэме “Васіль Быкаў”, настаўнік можа прапанаваць вучням запоўніць наступную табліцу:

  

№ п.п.

Прыкметы

Лаканічныя абгрунтаванні і прыклады

1

Абмежаванасць часавай прасторы

 

2

Лакальнасць месца дзеяння

 

3

Звычайныя героі

 

4

Экстрэмальнасць умоў

 

5

Праблема маральнага выбару

 

6

Прыём рэтраспекцыі

 

7

Эпічны паралелізм

 

8

Выкарыстанне сімвалаў

 

9

Трагедыйнасць і філасофскасць

 

 

Узор табліцы падаецца на дошцы, а перад вучнямі ставіцца задача запоўніць яе пустую калонку. Гэта запаўненне можа быць калектыўным або індывідуальным з наступным абмеркаваннем. Першы пункт пажадана ўсё ж запаўняць усім класам, каб вучні атрымалі ўяўленне таго, што ад іх патрабуецца.

Вышэйпрыведзены прыклад з’яўляецца стратэгіяй правядзення ўсяго ўрока, але візуальныя формы могуць працаваць і на асобных яго стадыях. Напрыклад, на ўроку па вывучэнні беларускіх народных песень, пасля знаёмства з адпаведным артыкулам падручніка можна прапанаваць скласці кластэр (выдзяленне сэнсавых адзінак тэксту і графічнае іх афармленне ў пэўным парадку ў выглядзе гронкі) і нават дапоўніць, аздобіць малюнкамі-сімваламі. Пасля завяршэння працы праводзіцца міні-прэзентацыя, лепшыя работы вывешваюцца на дошцы.

Выглядаць яны могуць наступным чынам:

 

 

З пэўным ускладненнем такое заданне можа быць прапанавана ў якасці хатняга. Запаўненне кластэраў больш складанага, прычынна-выніковага характару можа весціся пад кіраўніцтвам настаўніка. Так, стрыжнем працы над драматычным творам з’яўляецца бачанне сутнасці і развіцця канфлікту, бо ён – тая пружына, якая рухае дзеянне і выяўляе характары.

Такая графічная форма матэрыялу не толькі дапамагае вучням працаваць з тэкстам, але і наглядна дэманструе працэс пераходу ад няведання да ведання, робіць працэс чытання, аналізу, абмеркавання больш асэнсаваным, дапамагае выдзяляць асноўныя аспекты, актывізуе творчае мысленне.

Графічныя формы арганізацыі матэрыялу могуць стаць вядучымі і пры неабходнасці параўнальнага аналізу, супастаўлення літаратурных з’яў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Ад рамантызму да рэалізму” настаўнік можа прапанаваць вучням пракаменціраваць і параўнаць дзве памяткі-апоры:

 

 

Візуальна пададзеная інфармацыя будзе не толькі больш актыўна ўспрымацца, але і сістэматызавацца і асэнсоўвацца творча.

На ўроках у старшых класах часта выкарыстоўваецца лекцыйная форма падачы матэрыялу. Перавагі і недахопы традыцыйнай лекцыі добра вядомыя. Асноўныя яе недахопам з’яўляецца пасіўнасць успрыняцця, звязаная з аднастайнасцю дзейнасці. Выкарыстанне табліц, схем, апор актывізуе ўспрыманне. Было б няправільным не адзначыць, што настаўнікі, праводзячы ўрокі-лекцыі, карыстаюцца нагляднасцю даволі шырока, але больш прадуктыўным становяцца засваенне, калі вучням прапануецца, слухаючы матэрыял, занатоўваць, адлюстроўваць пачутае ў графічным выглядзе. Так, знаёмячы вучняў з тэматычнай і жанравай разнастайнасцю сучаснай драматургіі, настаўнік можа прапанаваць вучням падрыхтаваць табліцу па наступнай форме:

 

Аўтары

Творы

Тэмы

Жанры

 

 

 

 

 

 

 

Эфектыўнай графічнай формай з’яўляюцца інструктыўныя памяткі, алгарытмы, апоры. Яны арганізуюць працу вучняў, накіроўваюць у патрэбнае рэчышча, асабліва пры выкананні самастойнай працы, творчых заданняў, засваенні паняццяў па тэорыі літаратуры. Да таго ж яны садзейнічаюць лагічнаму і паслядоўнаму выбудоўванню разгорнутых адказаў па зададзенай тэме. Адным са шматлікіх прыкладаў можа быць памятка-план адказу на пытанне аб значэнні творчасці пісьменніка:

              I. Месца пісьменніка ў развіцці беларускай літаратуры. 

1. Асноўныя праблемы эпохі і адносіны да іх пісьменніка.
2. Традыцыі і наватарства пісьменніка ў галіне:

  • ідэй,
  • тэматыкі, праблематыкі,
  • творчага метаду і стылю,
  • жанру,
  • моўнага стылю.

          II. Ацэнка творчасці пісьменніка крытыкамі.

Як бачым, графічная арганізацыя матэрыялу наглядна паказвае змест, сутнасць, ідэі, высновы і інш. яшчэ да іх выяўлення і агучвання, а гэта надзейны рухавік для працэсу пазнання і творчасці.

 

Спіс літаратуры

 

  1. Аляхновіч, Р.В. Творы сумежных відаў мастацтваў на ўроках літаратуры / Р.В. Аляхновіч // Выкладанне беларускай мовы і літаратуры / Пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск, 1983. – С. 158 – 175.
  2. Бяспалы, А.А. Выяўленчае мастацтва Беларусі і сродкі яго адлюстравання / А.А. Бяспалы. – Мінск, 1994. – 128 с.
  3. Грынько, М.У. Вывучэнне асобных лірычных твораў Янкі Купалы ў спалучэнні з сумежнымі відамі мастацтва / М.У. Грынько // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: матэрыялы навук. канф., 24 кастр. 2003 г. Гродна / Пад рэд. У.І. Каялы. – Гродна: ГрДУ, 2003. – С. 105 – 108.
  4. Маранцман, В.Г. Содружество искусств на уроках литературы / Маранцман В.Г. – Москва, 1972. – 98 с.
  5. Новік, М.І. Міжпрадметныя сувязі на ўроках беларускай літаратуры / М.І. Новік // Вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў школе / Пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск, 1988. – С. 44 – 55.
  6. Салаўёва, Т.М. Творы Петруся Броўкі ў музыцы / Т.М. Салаўёва // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1988. – № 2. – С. 67 – 70.
  7. Шаршанеў, Я. Рытм і рыфма (інтэграваны ўрок літаратуры і тэорыі музыкі) / Я. Шаршанеў // Роднае слова. – 2000. – № 8. – С. 86 – 87.
  8. Якушина, Л.С. Использование экранных и звуковых средств на уроках литературы / Л.С. Якушина. – Москва, 1985.