28.1. Спецыфіка працы з нагляднасцю на ўроках літаратуры
Адным з асноўных прынцыпаў, на якіх базуецца вывучэнне літаратуры, з’яўляецца прынцып нагляднасці, што рэалізуецца праз актывізацыю пачуццёва-зрокавага ўспрымання, багатую ілюстраванасцю.
Аўтарам гэтага прынцыпу з’яўляецца вядомы чэшскі педагог Ян Амос Каменскі, які вялікую ўвагу надаваў “залатому правілу педагогікі”, сутнасць якога ў наступным: “Усё, што толькі магчыма, трэба забяспечваць для ўспрымання пачуццямі. Калі якія-небудзь прадметы можна адразу ўспрыняць некалькімі пачуццямі, то няхай яны ахопліваюцца некалькімі пачуццямі”.
Нагляднасць актывізуе ўспрыманне матэрыялу, яна ўтварае зрокавы рад, які садзейнічае ўзмацненню засваення матэрыялу. Урокі, на якіх выкарыстоўваюцца рознага віду нагляднасці, маюць, несумненна, большы плён.
Разам з тым, выкарыстанне нагляднасці – гэта не ёсць самамэта, а актыўнае рацыянальнае ўключэнне ў адукацыйны працэс наглядных дапаможнікаў з наступнымі мэтамі:
- нагляднасць як сродак фармавання абстракцыі,
- назапашванне ўяўленняў аб аб’ектыўнай рэчаіснасці.
Вылучаюцца наступныя віды нагляднасці:
1. Славесная нагляднасць – слова настаўніка, праслухоўванне гуказапісаў, заданні па выразным і творчым чытанні і пераказе, якія агучваюць вучні. Настаўнік, як правіла, дае ўзор мовы, разважання, пытання да адказу, маналагічнай мовы, вядзення дыялогу.
2. Прадметная нагляднасць. Яна выкарыстоўваецца ў выглядзе кніжак, выстаў, дапаможнікаў, энцыклапедычных даведнікаў, радзей – вызначальных прадметаў ці фотаздымкаў гэтых прадметаў.
3. Графічная нагляднасць: табліцы, схемы, эпіграфы да ўрокаў. Такая нагляднасць дапамагае лагічна размежаваць матэрыял, арганізаваць запамінанне, дапамагае пабудаваць працу на ўроку і станоўча ўплывае на індывідуальныя адказы вучняў.
Існуюць пэўныя патрабаванні да стварэння і афармлення графічнай нагляднасці:
- акуратнасць,
- разборлівасць,
- выразнасць,
- самадастатковасць.
Такая нагляднасць дапамагае зафіксаваць у памяці складаны матэрыял. Графічная нагляднасць рыхтуецца самім настаўнікам ці даручаецца вучням, але па эскізах і тлумачэннях настаўніка. Настаўнік павінен правесці кансультацыю з вучнем, якому даручана стварыць той ці іншы від нагляднасці. Так, напрыклад, калі вучань рыхтуе нейкую схему ці табліцу, то выкладчыку варта паказаць некалькі ўзораў, ужо зробленых вучнямі нагляднасцей. Акрамя таго, неабходна звярнуць увагу дзяцей на тое, што павінна быць галоўным у нагляднасці, а што другасным (калі такая нагляднасць ствараецца пры дапамозе камп’ютэра, то часткі нагляднасці павінны быць напісаны адпаведнымі шрыфтамі, кеглямі, а таксама, па магчымасці, выдзелены тым ці іншым колерам. Усё гэта будзе спрыяць лепшаму засваенню нагляднага матэрыялу і, разам з тым, выконваць вялікую эстэтычную функцыю.
Калі ж настаўнік у якасці нагляднасці выкарыстоўвае эпіграф да ўрока, то ў такім выпадку неабходна памятаць пра тое, што эпіграф – гэта цытата, якая змяшчаецца ў пачатку твора ці асобнага раздзела і выражае асноўную ідэю твора. Зыходзячы з гэтага, у якасці эпіграфа да пэўнага ўрока літаратуры неабходна выкарыстоўваць тую цытату, якая будзе актуальнай на працягу ўсяго ўрока. Эпіграф павінен змяшчаць у сабе асноўную ідэю, якая будзе данесена настаўнікам класу. Так, напрыклад, у 11 класе эпіграфам да ўрока “Іван Мележ. “Людзі на балоце”: творчая задума і гісторыя стварэння твора” ў якасці эпіграфа могуць быць радкі Ніла Гілевіча “Да ўздыху апошняга ён жыў лёсам людзей на балоце”. Таксама на такім уроку могуць быць і словы самога аўтара: “Кніга, якую я не мог не напісаць”. Калі настаўнік выкарыстоўвае эпіграф да ўрока, то на яго абавязкова павінна быць звернута вучнёўская ўвага (па магчымасці – некалькі разоў).
Настаўнік павінен памятаць і пра патрабаванні да выкарыстання нагляднасці:
- Нагляднасць павінна дакладна адпавядаць навучальнаму матэрыялу.
- Нагляднасць павінна быць якаснай.
- Выкарыстанне нагляднасці, яе розных відаў павінна быць колькасна і часава абмежаванай, інакш яна будзе адцягваць увагу вучняў ад асноўнага матэрыялу. Пажадана на адным уроку выкарыстоўваць не больш як 3 нагляднасці.
- Звяртаючыся да нагляднасці, настаўнік павінен не адрываць увагу ад класа.
- Калі нагляднасць невялікая па памерах і настаўнік яе аддае для прагляду ў клас, то ў гэты час неабходна зрабіць паўзу або не тлумачыць самы важны матэрыял, а скіроўваць увагу на другасныя дэталі.
- Уся нагляднасць, якая прынесена на ўрок, абавязкова павінна быць выкарыстана. У іншым выпадку яна будзе адцягваць увагу вучняў.