27.3. Развіцце маўлення лагічнага тыпу
^ Вверх

27.3. Развіцце маўлення лагічнага тыпу

 

На сённяшні дзень у патрабаваннях да развіцця маўлення ўзмацняецца акцэнт на ўкараненне навуковага элемента ў працэс навучання. Найбольшы плён у працы па развіцці маўлення вучняў дасягаецца ва ўмовах камунікатыўнай дзейнасці. Таму ў педагагічную практыку настаўнікаў трывала ўваходзіць псіхалінгвістычны тэрмін “маўленчая дзейнасць”. Працуючы над развіццём маўлення школьнікаў на ўроках літаратуры, настаўніку неабходна абапірацца на веданне асаблівасцей камунікатыўнай дзейнасці, бо засваенне мовы (пашырэнне слоўнікавага запасу, удасканаленне тэхнікі і логікі маўлення) найбольш плённа адбываецца ў працэсе зносін.

У такога роду навучальнай працы развіваюцца творчыя здольнасці, школьнікі разумеюць практычную накіраванасць сваёй дзейнасці, а таксама ацэньваюць уласныя магчымасці, што павышае зацікаўленасць у выніках. Такім чынам фарміруюцца свядомыя адносіны да інтэлектуальнай працы.

Асаблівая значнасць надаецца звароту да такіх формаў навучання, якія развіваюць самастойна-пошукавую дзейнасць навучэнцаў, мысленне і, як вынік, інтэлект. Зыходзячы з гэтага, неабходна сістэматычна і паслядоўна садзейнічаць развіццю і ўдасканаленню формаў і метадаў узаемадзеяння навучэнцаў з крыніцамі пазнання (падручнікамі, разнастайнымі дапаможнікамі, часопісамі і інш.); выкарыстоўваць асэнсаваныя, практычныя адносіны да пачутага і прачытанага; выпрацоўваць уменні канспектаваць, рыхтаваць даклады і рэфераты, выступаць з імі перад аўдыторыяй і інш.

Гэтыя патрабаванні закладзены і ў рознаўзроўневую сістэму кантролю за ведамі. Для атрымання вышэйшых адзнак прапаноўваецца нацэльваць навучэнцаў на падрыхтоўку розных жанраў творчых і даследчых прац, у тым ліку рэфератаў, дакладаў, канспектаў. Але, каб выконваць такія заданні, вучню неабходна дапамагчы авалодаць адпаведным інструментарыем, спецыфічнымі прыёмамі і спосабамі працы па іх падрыхтоўцы.

Для гэтага мэтазгодна праводзіць шэраг дапаможных навучальных работ. Каб навучыць пісаць рэфераты і даклады, у першую чаргу неабходна выпрацоўваць навыкі правільнага карыстання першакрыніцамі.

Асноўным пытаннем у самастойнай працы з крыніцай (артыкулам, кнігай) з’яўляецца пытанне пра арганізацыю матэрыялу тым, хто чытае.

Арганізацыя матэрыялу ўключае:

  • дакладнае разуменне пабудовы артыкула;
  • адбор найбольш важнага, асноўнага;
  • найбольш мэтазгоднае вядзенне запісаў

Састаўленне, афармленне запісаў залежыць ад спецыфікі мыслення асобы, спецыфікі асэнсавання і запамінання, але выдзяляюцца і тыповыя формы запісаў занатовак: план, тэзісы, выпіскі, канспект. Гэта і ёсць тыя базавыя навыкі, з якіх ідзе падрыхтоўка да больш складаных формаў. Праца пачынаецца з увядзення паняцця (тэрміна). Напрыклад, план. Навучэнцы павінны ўсвядоміць, што план — гэта пералічэнне ў пэўнай паслядоўнасці асноўных думак, пытанняў, якія разгледжаны або будуць разглядацца, што працэс складання плана распадаецца на тры моманты. Першы — чытанне артыкула, другі — дзяленне артыкула на часткі, трэці — кароткае называнне кожнай часткі. У працэсе складання планаў чытач глыбей унікае ў змест артыкула, бачыць яго ўнутраную логіку. Складанне плана дапамагае выпрацоўваць уменне сцісла запісваць і паслядоўна выкладаць думкі. Ён мабілізуе ўвагу, дапамагае хутка ўзнавіць у памяці тое. што прачытана.

Вельмі важны від дапаможнай працы — складанне тэзісаў. Навучанне тэзіраванню варта пачынаць пры вывучэнні літаратуры ў сярэдніх класах. Спачатку праца павінна быць калектыўнай. Для складання тэзісаў можна браць артыкулы з падручніка ці хрэстаматыі па літаратуры. Неабходна патлумачыць, што тэзісы істотна адрозніваюцца ад плана. Яны перадаюць змест, асноўныя вывады аўтара і іх абгрунтаванне. З дапамогай тэзісаў сцісла перадаецца тое, што падрабязна раскрываецца ў артыкуле. Тэзісы могуць быць простымі, калі яны перадаюць толькі галоўную думку, і складанымі, калі, акрамя галоўнай думкі, яны ўтрымліваюць кароткія доказы гэтай думкі.

Пры складанні тэзісаў неабходна працаваць з кожным абзацам, выдзяляць, якую думку даказвае тут аўтар, якія факты, прыклады ілюструюць, падмацоўваюць гэту думку.

Ёсць два віды тэзіравання:

— выбарка аўтарскіх тэзісаў з тэксту;

— фармуляванне асноўных палажэнняў  артыкула або раздзела кнігі сваімі словамі.

У першым выпадку ў тэксце адшукваюцца і вылучаюцца асноўныя думкі, якія выказвае аўтар. Яны выпісваюцца і размяшчаюцца ў той паслядоўнасці, у якой развіваецца і аўтарская, як адзначаецца ў методыцы, “следам за аўтарам”.

У другім выпадку таксама вылучаюцца асноўныя аўтарскія думкі ў тэксце, але перадаюцца і запісваюцца паслядоўна сваімі словамі.

Часам побач з тэзісамі або на пакінутых палях насупраць запісваецца вельмі коратка, “штрыхамі” і частка фактычнага матэрыялу, які служыць доказнай базай і можа спатрэбіцца для тлумачэння. Такая форма запісаў з’яўляецца практычна неабходнай пры падрыхтоўцы да вусных выступленняў.

Навучанне складанню тэзісаў дапамагае глыбей зразумець і выдзеліць галоўнае, а таксама развівае лагічнае мысленне, культуру вуснай і пісьмовай мовы.

Без умення складаць тэзісы цяжка выпрацаваць уменне рахтаваць рэфераты і даклады.

Напрыклад, урывак з артыкула пра п’есу А. Дударава “Вечар”:

“А. Дудараў стварыў каларытныя, шматмерныя характары.

Вобраз Ганны здаецца досыць знаёмым, традыцыйным. Бабуля пражыла доўгае жыццё і так нарабілася на сваім вяку, што пад старасць не засталося сілы, каб утрымаць каля сябе няўдалага сына.

Ганна — мудрая і разважлівая. Яе мудрасць адметная. Яна бачыць дабро і зло, як бы яны ні перамешваліся, ні перапляталіся ў жыцці. Яна не суддзя чужым учынкам. Яна на дабро адказвае дабром, здольная спачуваць іншым, дараваць крыўду, калі на тое ёсць хаця б маленькая падстава”.

Уважліва прааналізаваўшы ўрывак, можна  вылучыць наступныя тэзіс:

“Вобраз Ганны каларытны і традыцыйны. Бабуля пражыла доўгае жыццё, бачыла многа крыўды, але не ачарсцвела душою. Яна мудрая, разважлівая. Бачыць дабро і зло, але кіруецца законамі дабра”.

Або

“Вобраз Ганны — традыцыйны, каларытны, глыбока гуманістычны”.

 

Прыступаючы да тэзіравання, неабходна ўважліва прачытаць артыкул цалкам, прадумаць, асэнсаваць асноўныя думкі, затым, перачытваючы абзацы, занатоўваць асноўныя думкі ў выглядзе паслядоўных пунктаў. У тэзісы не ўключаецца падрабязны фактычны матэрыял. Асноўная ўвага засяроджваецца на высновах аўтара. Таму для тэзісаў характэрна некаторая адрывістасць выкладання, лаканічнасць і катэгарычнасць.

Асаблівай увагі патрабуе навучанне вуснаму выступленню (рэферат, даклад). Каб гэтыя жанры размяжоўваліся навучэнцамі, неабходна іх азнаёміць з тэрмінамі і азначэннямі:

Рэферат — кароткі выклад якога-небудзь пытання, зместу якой-небудзь кнігі, артыкула.

Даклад — публічнае паведамленне на пэўную тэму, які мае новыя для аўдыторыі звесткі навуковага характару.

Варта таксама прапанаваць памяткі, якія будуць арыенціровачным апаратам і забяспечаць эфектыўнасць выканання працы.

 

 

 

 

 

Асобна неабходна спыніцца на навучанні выбару структуры даклада. Традыцыйна прымяняецца трохчасткавая кампазіцыя (уступ, асноўная частка, заключэнне), а для разгортвання асноўнай часткі неабходна пазнаёміць вучняў са спецыяльнымі метадамі і спосабамі. У кнізе У. Калесніка і Ф. Янкоўскага вызначаюцца парады ў гэтым накірунку: “пішучы тэкст даклада, неабходна прытрымлівацца аднаго з двух мажлівых спосабаў выкладання думкі – індукцыйнага або дэдукцыйнага. Індукцыйны спосаб заключаецца ў тым, што спачатку прыводзяцца факты альбо назіранні, затым яны аналізуюцца… і ўрэшце даецца заключэнне – вывад. Дэдукцыйны спосаб пачынаецца з фармулёўкі агульнага палажэння, якое затым абгрунтоўваецца фактамі, назіраннямі, доказамі”[1]. На сённяшні дзень методыка прапануе яшчэ некалькі метадаў разгортвання асноўнай часкі даклада:

храналагічны, які прадугледжвае выкладанне матэрыялу ад пачатку ў яго гістарычным развіцці;

праблемны (шляхам пастаноўкі пытанняў), які выбудоўваецца на ўзор пытанне – адказ, або паралельнае разважанне як пошук правільнага рашэння;

канцэнтрычны, які прадугледжвае размяшчэнне матэрыялу вакол галоўнай праблемы ад цэнтральнага пытання да яго аспектаў;

ступеньчаты, які патрабуе паслядоўнага разгляду мікратэм або пытанняў аднаго за другім.

Задача настаўніка – навучыць, арыентуючыся на зместавае напаўненне, выбіраць адпаведны метад разгортвання асноўнай часткі. Вельмі важна ўлічваць, што ў працы па навучанні дакладам у 10-11 класах настаўнік і вучні павінны бачыць розніцу ў характары, мэтах і задачах гэтых відаў выступленняў, інакш кажучы, класіфікаваць іх. Гэта асабліва садзейнічае наступнаму рацыянальнаму ўключэнню падрыхтаваных дакладаў у межы пэўнага ўрока і спалучэнню з другімі формамі і прыёмамі працы на ўроку, а тым самым вырашэнню складаных задач, якія паўстаюць перад славеснікам у працы па развіцці вуснай маналагічнай мовы старшакласнікаў. Па прызначэнні і спосабах арганізацыі  матэрыялу даклады можна ўмоўна падзяляць на інфарматыўныя, даследчыя і праблемна-дыскусійныя. Інфарматыўныя даклады маюць на мэце перадачу новых для вучняў звестак, у асноўным фактычных, з элементамі аналізу і ацэнкі, але без элементаў спрэчнасці, дыскусійнасці, звестак, якія пашыраюць літаратурныя веды вучняў. Інфарматыўныя даклады, ў сваю чаргу, падзяляюцца на два падвіды: інфарматыўна-ілюструючыя і інфарматыўна-дапаўняючыя.

Інфарматыўна-ілюструючыя даклады канкрэтызуюць і дапаўняюць тое, што разглядаецца на ўроку, жывым літаратурна-мастацкім, мемуарным або мастацтвазнаўчым матэрыялам. Адсюль ідэя і змест даклада ў першую чаргу неабходна суадносіць з агульнай накіраванасцю таго, што вывучаецца на ўроку. Найбольш плённае іх выкарыстанне пры вывучэнні аглядавых тэм, калі асноўныя тэндэнцыі, якія звычайна тлумачыць настаўнік, канкрэтызуюцца цікавымі дапаўненнямі. Напрыклад, гаворка ідзе пра асноўныя тэндэнцыі грамадскага і літаратурнага развіцця эпохі, а вучні-дакладчыкі ў сваіх  выступленнях разглядаюць канкрэтныя творы літаратуры і другіх відаў мастацтва, якія адлюстроўваюць гэтыя тэндэнцыі. Інфармацыйна-ілюструючыя даклады найперш базуюцца на параўнальным дапаўненні-аналізе літаратурных матэрыялаў з прыкладамі з сумежных відаў мастацтва.

Інфармацыйна-дапаўняючыя даклады  вельмі цесна звязаны з лекцыяй настаўніка. Напрыклад, пры разглядзе біяграфіі тэмай такога  выступлення можа быць асобны этап творчасці, гісторыя напісання твора і інш.

Сутнасць даследчага даклада заключаецца ў тым, што ствараецца ён у выніку самастойнага разгляду вучнем мастацкага тэксту ў ракурсе пэўнай праблемы. У такім дакладзе на першае месца выходзяць уласныя меркаванні выступоўцы, якія выцякаюць з аналізу фактычнага матэрыялу, а таксама са знаёмства з вучэбнай і крытычнай літаратурай. Методыка падрыхтоўкі такіх дакладаў дастаткова складаная. Таму карысна праводзіць на ўроках літаратуры калектыўную падрыхтоўку  да такога даклада на тэму, якая была б не вельмі падрабязна асветлена ў падручніку і дапаможніках, а, з другога боку, была б цікавай для вучняў. Вялікае  значэнне маюць таксама індывідуальныя кансультацыі.

Праблемна-дыскусійныя даклады патрабуюць ад вучняў максімальнай самастойнасці. Такі даклад вымагае разгляду розных пазіцый, выказаных крытыкамі на твор у цэлым або яго мастацкія вобразы, а таксама абгрунтавання ўласнай думкі. У сваім выступленні вучань можа і палемізаваць, і пераконваць, і выказваць свой пункт погляду. Такія даклады найбольш эфектыўна выкарыстоўваць на ўроках паглыбленага аналізу твораў, на заключных занятках, на ўроках пазакласнага чытання і развіцця вуснай мовы.

Такім чынам, удумліва выпрацаванае ўменне рыхтаваць даклады розных відаў, а таксама практыка выступлення з імі эфектыўна развіваюць у вучняў інтэлектуальна-маўленчыя ўменні.

Такая арганізацыя працы вучыць працаваць асэнсавана і творча, істотна развівае маўленне вучняў.

 

Заданні для абмеркавання на практычных (лабараторных) занятках

па тэме «Развіццё вуснага маўлення на ўроках літаратуры”

 

  1. Значэнне і актуальнасць развіцця вуснага маўлення на ўроках беларускай літаратуры.
  2. Складзіце пытанні і заданні, звязаныя з арганізацыяй лексіка-фразеалагічнай працы, пры вывучэнні тэкстаў розных жанраў у 5 – 7 класах (на выбар).
  3. Заданні для працы творчых груп (выконваецца на выбар студэнтаў).
  • Распрацуйце ўрок развіцця мовы ў сярэдніх класах (клас і тэма – на выбар).
  • Распрацуйце фрагмент урока па навучанні аднаму з відаў пераказаў.
  • Распрацуйце розныя ўзоры планаў па вывучэнні вобразаў.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

па тэме «Методыка напісання сачынення»

 

  1. Месца і значэнне сачыненняў у школьным курсе беларускай літаратуры.
  2. Сачыненні на літаратурную тэму і патрабаванні да іх.
  3. Спецыфіка сачыненняў на вольную тэму.
  4. Віды планаў.
  5. Складанне планаў сачыненняў. (студэнты прадстаўляюць падрыхтаваныя загадзя ўзоры планаў).
  6. Аналіз узораў прапанаваных планаў.
  7. Патрабаванні да праверкі вучнёўскіх сачыненняў.
  8. Аналіз вучнёўскіх сачыненняў.
  9. Аналіз падрыхтаваных студэнтамі блокаў тэм на літаратурныя і вольныя тэмы (блок з 10 тэм).

 

Спіс літаратуры

  1. Методыка выкладання беларускай літаратуры. / Пад рэд. В.Я.Ляшук. – Мінск, 1999.
  2. Старычонак, В.Дз. Ах, сачыненні, сачыненні… / В.Дз. Старычонак. – Мінск, 1995.
  3. Старычонак, В.Дз. Як правільна пісаць сачыненні па беларускай мове і літаратуры / В.Дз. Старычонак. – Гродна, 1997.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

па тэме «Методыка напісання рэфератаў і дакладаў»

 

  1. Месца рэфератаў і дакладаў у школьным курсе беларускай літаратуры.
  2. Методыка напісання рэфератаў па адной і некалькіх крыніцах.
  3. Арганізацыя кансультацый па напісанні рэфератаў.
  4. Патрабаванні да аналізу, абмеркавання і ацэнкі рэфератаў
  5. Аналіз прапанаваных вучнёўскіх рэфератаў.
  6. Абмеркаванне папярэдне распрацаваных тэзісных планаў урока абароны рэфератаў (на выбар студэнтаў).

 

Спіс літаратуры

  1. Методыка выкладання беларускай літаратуры. Пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 1999.
  2. Руцкая, А.В. Развіццё ў вучняў інтэлектуальна-маўленчых уменняў праз навучанне аналітычным жанрам творчых прац / А.В. Руцкая //  Шостыя Калеснікаўскія чытанні. Матэрыялы рэспубл. навуковай канфер. – Брэст: БрДУ, 2008. – С. 111 – 115.
  3. Руцкая, А.В. Творчыя працы па беларускай літаратуры як сродак рэалізацыі камунікатыўнага навучання / А.В. Руцкая // Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў вышэйшай і сярэдняй школе: Мат. рэсп. навук. канф. — Гродна: ГрДУ, 2003. — С. 62 – 67.

 

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

па тэме «Літаратурна-краязнаўчая праца ў школе»

 

  1. Значэнне літаратурна-краязнаўчай працы ў сістэме літаратурнай адукацыі.
  2. Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры.
  3. Спецыфіка планавання, арганізацыі і правядзення літаратурна-краязнаўчай працы ў школе.
  4. Музеі і музейныя куткі ў школах.
  5. Вопыт настаўнікаў-славеснікаў па арганізацыі літаратурна-краязнаўчай працы.
  6. Аналіз працы Алеся Белакоза «Сродкамі літаратурнага краязнаўчага музея» (Мінск, 1985).

 

Спіс літаратуры

  1. Грынько, С.Д. Вывучэнне літаратурнага працэсу нашаніўскага перыяду праз арганізацыі супрацоўніцтва “Музей – школа” / С.Д. Грынько // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. прац / рэдкалегія: У.І. Каяла (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007. – С. 112 – 116.
  2. Карнейчык, Л.У. Літаратурнае краязнаўства як эфектыўны сродак фарміравання нацыянальнай свядомасці (Купала і Слонімшчына) / Л.У. Карнейчык // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: У.І. Каяла (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009. – С. 57 – 262.
  3. Краязнаўства як адзін з накірункаў вучэбна-выхаваўчай работы ў школе і ВНУ: матэрыялы рэсп. навук. канф., Брэст, 28 – 29 сак. 2008 г. / Пад агул. рэд. У.А. Сенькаўца. – Брэст: Альтернатива, 2008.
  4. Лепешев, И.Я. Литературно-краеведческий кружок / И.Я. Лепешев. – Минск, 1969.
  5. Ляшук, В.Я. Літаратурнае краязнаўства ў школе / В.Я. Ляшук. – Мінск, 1991.
  6. Трафімчык, Т.У. Работа над словам-вобразам на занятках літаратурнага гуртка / Т.У. Трафімчык // Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў вышэйшай і сярэдняй школе: Мат. рэсп. навук. канф. 30 кастрычніка 2002 г. / пад рэд. У.І. Каялы, Т.І. Тамашэвіча. – Гродна: грДУ, 2003. – С. 47 – 53.
  7. Фрыдман, Э.С. Школьны музей Янкі Купалы  / Э.С. Фрыдман. – // Народная асвета, 1985.


[1] Калеснік У.А., Янкоўскі Ф.М. Вусная мова і выразнае чытанне. – Мінск, 1962. – С. 29.