27.2. Развіцце пісьмовага маўлення вучняў
^ Вверх

27.2. Развіцце пісьмовага маўлення вучняў

 

Развіццё вуснага і пісьмовага маўлення цесна ўзаемазвязана. Гэта адзначаецца як у Канцэпцыі літаратурнай адукацыі, так і ў вучэбных праграмах.

Асноўныя жанры творчых прац па літаратуры класіфікуюцца па наступных групах:

* пераказ, эцюд, эсэ, сачыненне;

* анатацыя, водгук, рэцэнзія;

* казка, апавяданне, верш;

* нататка, замалёўка, рэпартаж, інтэрв’ю, нарыс;

* канспект, рэферат, даклад;

* ліст, дзённік.

Такі жанравы падзел абумоўлены адрозненнем зместу і спосабам яго выкладання. Падлічана, што чалавек за жыццё выкарыстоўвае каля 800 жанравых тэкстаў у сваёй маўленчай практыцы. Такім чынам, навучанне розным жанрам як відам творчага афармлення мовы з’яўляецца практычна неабходным.

Кожны жанр творчай працы мае сваю адметнасць, але тэхналогія навучання розным жанрам засноўваецца на агульнай структуры ці, можна сказаць, этапах, асабліва, калі навучанне адбываецца непасрэдна на ўроках развіцця мовы.

Першы этап — гэта ўвядзенне паняцця. Ён прадугледжвае азнаямленне з азначэннем жанру, які абраны для вывучэння, яго відамі і асаблівасцямі. Засваенне сутнасці паняцця пачынаецца з увядзення тэрмінаў, іх асэнсавання. Тэрміны неабходна абавязкова запісваць на дошцы. Па-першае, наяўнасць зрокавага раду павышае эфектыўнасць успрымання інфармацыі, па-другое, ажыццяўляецца слоўнікавая праца, прывіваецца элементарная пісьменнасць.

Напрыклад, распачынаючы працу па навучанні напісанню анатацый, настаўнік запісвае на дошцы апорны матэрыял наступнага зместу:

Анатацыя — кароткае паведамленне пра змест і значэнне твора.

Віды анатацый: кароткая (выдавецкая) — агульнае паведамленне, у некалькіх сказах перадаецца змест, указваецца прызначэнне; разгорнутая (творчая, рэкламная) — паведамленне пра змест з элементамі зацікаўлення, інтрыгуючай устаўкай.

Прызначэнне анатацый — даць інфармацыю, зацікавіць, пазнаёміць у самых агульных рысах з аўтарам, зместам твора (асноўнай тэматыкай і праблематыкай, калі гэта зборнік), пазнаёміць з героямі, заахвоціць прачытаць кнігу.

Другі этап — гэта азнаямленне і аналітычнае назіранне.

Вучням лягчэй скласці аб нечым уяўленне, засвоіць матэрыял, калі яны маюць магчымасць звярнуцца да адпаведных прыкладаў, узораў. Але мэта аналітычнага назірання – не магчымасць калькавання, а сродак самастойнай выпрацоўкі своеасаблівага алгарытму, які адлюструе асноўныя патрабаванні і жанравыя прыкметы, дапаможа фармаваць неабходныя ўменні.

Неабходна ўлічваць, што праца над адным жанрам вядзецца ў адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі па беларускай літаратуры ў розных узроставых групах, а значыць, і матэрыялы для аналітычнага назірання, і складзеныя на аснове іх алгарытмы павінны быць зарыентаваны на ўзроставыя асаблівасці.

Напрыклад, малодшыя падлеткі, разгледзеўшы з дапамогай настаўніка некалькі ўзораў анатацый, змогуць скласці план-алгарытм наступнага зместу:

  1. Хто аўтар, якая назва і жанр твора?
  2. Аб чым гаворыцца ў творы (скарыстаць элемент зацікаўлення)?
  3. Каму адрасуецца твор?

Настаўніку неабходна паказаць вучням, дзе ў кнізе змяшчаюцца анатацыі, зачытаць іх. Напрыклад, варта звяртацца да розных відаў анатацый на адзін і той жа твор, папярэдняе знаёмства з якім не праводзілася.

Возьмем за прыкладны варыянт анатацыі на казку Уладзіміра Бутрамеева «Птушка шчасця».

І варыянт

Казка У. Бутрамеева апавядае пра тое, як чатыры браты шукалі сваю сінюю птушку шчасця, праз якія выпрабаванні прайшоў кожны з іх.

Казка прадназначаецца для сярэдняга школьнага ўзросту.

ІІ варыянт

Вы любіце чытаць кнігі аб неверагодных прыгодах? Тады вы не пашкадуеце, калі прачытаеце казку У. Бутрамеева «Птушка шчасця». Вы пражывяце чатыры цікавыя лёсы. Разам з першым братам павандруеце па далёкіх марах на пірацкім караблі, з другім — трапіце ў лабараторыю алхімікаў, з трэцім — пройдзеце шляхамі купецкіх караванаў. А з чацвёртым... Але не будзем трапіць час. Адгортвайце старонку — і наперад!

 

Апорны матэрыял дапаможа вучням хутка вызначаць віды анатацый і іх прызначэнне.

Трэці этап — гэта планаванне і назапашванне матэрыялу. Гэты прадтэкставы этап найбольш дыферэнцыраваны, бо кожны жанр творчай працы ў сілу сваёй адметнасці патрабуе і адметнай, спецыфічнай падрыхтоўкі. З найбольш агульных можна вызначыць вывучэнне і адбор матэрыялу, ключавых слоў, прыкладаў, занатоўка тэзісаў, аргументаў. Асноўныя намаганні скіроўваюцца на выпрацоўку ўмення ўявіць у думках, «спраектаваць» вобраз будучай працы (рэцэнзіі, эсэ, сачынення ці інш.), а затым зафіксаваць, запісаць план-накід. Важна таксама прывіць уменне занатоўваць. Практыка паказвае, што калі вучань прачытае матэрыял прыкладна ў тысячу слоў, а ў працэсе чытання або адразу пасля яго напіша пяцьдзесят слоў, у якіх падагульніць прачытанае, то справіцца з працай больш якасна, чым калі прачытае дзесяць тысяч слоў і не запіша нічога. Сам працэс занатовак абвастрае ўвагу, дапамагае вучню чытаць або абдумваць матэрыял асэнсавана. Калі звяртацца да абранага намі канкрэтнага прыкладу працы з малодшымі падлеткамі над анатацыяй, то для яе мэтанакіраванага, лагічнага і паслядоўнага правядзення выкарыстоўваецца наступны план.

1. Чытанне і асэнсаванне твора.

2. Вызначэнне зместу і афармленне яго перадачы некалькімі сказамі.

3. Вызначэнне сэнсавых частак тэксту твора.

4. Выбар сказаў, у якіх перададзена галоўная думка кожнай часткі.

5. Назапашванне ключавых слоў.

6. Адбор і афармленне інтрыгуючых момантаў (не дагаварыць, спыніцца на самым цікавым месцы).

 

Праілюструем у асноўных рысах парадак вышэйазначанай працы на аснове легенды У. Караткевіча «Лебядзіны скіт».

Пасля прачытання твора і гутаркі-абмеркавання пачынаецца праца па назапашванні базавага матэрыялу, якая праводзіцца праз наступныя ўстановачныя заданні.

1. Якія ключавыя словы адабралі б вы для напісання анатацыі?

Сівая даўніна, балотная зямля, хан Батый, Юсуфі, спрэчка, старац, нявольнікі, скіт, лебедзі, камень, страх, вачніцы, слёзы, Белая Русь і г.д.

2. Падзяліце тэкст на часткі і выберыце тую, якая можа стаць асновай для зацікаўленасці.

Спрэчка хана і Юсуфі.

Адбыўся цуд.

Ханскія войскі ў жаху пакінулі балотную зямлю.

 

Чацвёрты этап — тэкставы. Гэта праца над стварэннем уласнага тэксту. На гэтым этапе актуалізуюцца веды па тэорыі літаратуры, узгадваюцца паняцці — тэкст, тып тэксту, стыль, логіка-кампазіцыйная структура. Гэтыя веды даюць магчымасць паглыбляць уменні фармуляваць тэму, ідэю, тэзісы ў адпаведнасці са зместам; уменні звязваць кампаненты працы, улічваючы заканамернасці маўленчай камунікацыі; уменні выкарыстоўваць сродкі выразнасці, характэрныя жанру, над якім вядзецца праца.

За аснову кампазіцыйнай будовы бярэцца традыцыйнае трохчасткавае дзяленне: пачатак, асноўная частка, заключэнне.

Практыка паказвае, што даволі складаным для вучняў з’яўляецца падбор, пабудова першага, пачатковага сказа, а таму настаўніку варта ўдзяліць гэтаму належную ўвагу. Эфектыўны метад — калектыўная праца над пачатковымі сказамі, асабліва тады, калі настаўнік прапануе вучням прааналізаваць некалькі ўзораў адной творчай працы.

Апроч таго, што кожны пачатак індывідуальны, вучні павінны з дапамогай настаўніка вылучыць пэўную тыповасць. Яна заключаецца ў тым, што творчая праца можа пачынацца з вызначэння тэмы, асабістай думкі, цытаты, рытарычнага пытання, параўнання, заінтрыгоўваючай фразы, міні-экскурсу і г.д. Такім чынам, наступным этапам працы будзе калектыўная пабудова пачатковых сказаў па зададзеных накірунках. Адразу ж зазаначым, што аналагічным чынам будуецца праца і над заключэннямі.

Пры пабудове асноўнай часткі вучні выпрацоўваюць навыкі фармавання тэксту са зместавым напаўненнем адпаведна жанру, спосабаў арганізацыі і сувязі тэкставых кампанентаў. Найперш пры стварэнні тэксту вучні павінны арыентавацца на чатыры асноўныя правілы:

–   падпарадкоўваць увесь матэрыял тэме і асноўнай думцы;

–   вытрымліваць паслядоўнасць, не дапускаць пераскоквання думкі;

–   адбіраць словы і сказы, якія найбольш дакладна перадаюць думкі;

–   лагічна звязваць часткі, абзацы.

 

У нашым прыкладзе перад вучнямі ставяцца наступныя пытанні:

1. Якім бы сказам вы распачалі анатацыю?

А ці чулі вы?..

Давайце зазірнем у сівую мінуўшчыну.

Давайце з Уладзімірам Караткевічам адправімся ў падарожжа.

Мы раім вам прачытаць легенду Уладзмір Караткевіча.

Калі вы цікавіцеся гісторыяй (мінулым нашага народа),  то гэта кніжка для вас.

2. Падумайце, як завяршыць анатацыю.

Калі вы адкрыеце першую старонку, то не зможаце адкласці кніжку пакуль не дачытаеце да канца. Гісторыя, апісаная У. Караткевічам, цікавая і хвалюючая.

 

Пяты этап — паслятэкставы, або рэдагаванне. Пры стварэнні тэксту, нават маючы адпаведны вопыт, складана пазбегнуць пэўных пралікаў. Рэдагаванне дапамагае дабіцца неабходнай дасканаласці. Выпрацоўку навыкаў рэдагавання мэтазгодна праводзіць, першапачаткова азнаёміўшы вучняў з наступнымі патрабаваннямі:

–   прааналізуйце, ці рэалізавана ваша задума;

–   адкіньце лішняе;

–   узмацніце малавыразныя моманты;

–   абдумайце сродкі выразнасці;

–   прасачыце стылёвую вытрыманасць;

–   прааналізуйце звязнасць і лагічную завершанасць;

–  зрабіце неабходныя папраўкі: замяніце слова, словазлучэнне, сказ; памяняйце паслядоўнасць, зрабіце перастаноўку сказаў, частак тэксту там, дзе гэта неабходна.

 

У нашым прыкладзе тэкст, створаны вучнямі, набудзе наступны выгляд:

Я раю вам прачытаць легенду У. Караткевіча «Лебядзіны скіт». Гэта захапляльнае апавяданне пра сівую мінуўшчыну, калі на нашу зямлю прыйшлі заваёўнікі, татара-манголы, і прывёў іх жорсткі хан Батый. Самаўлюбёны хан паспрачаўся са сваім прыдворным паэтам Юсуфі. Аб чым была спрэчка? Гэта ты даведаешся, калі прачытаеш легенду.

А яшчэ ты будзеш сведкам вялікага цуда, сведкам мужнасці і даведаешся, чаму нашу радзіму называюць Белай Руссю.

Гісторыя, апісаная У. Караткевічам, цікавая і хвалюючая.

 

Зазначым аднак, што, звяртаючыся да выкарыстання прыведзеных вышэй патрабаванняў, схем, апор, нельга лічыць навучанне жанрам творчых прац за чыста тэхнічную работу. Нельга дасягнуць поспеху, не арыентуючыся на індывідуальнасць вучня, не актывізуючы яго фантазію, асацыяцыі, уяўленні, бо сам працэс навучання творчым працам павінен быць творчым.

Свае адметныя асаблівасці мае і падрыхтоўка да напісання эсэ і сачыненняў. Удасканаленне літаратурнай адукацыі ўзмацняе акцэнт на ўкараненне сінтэзаванага навуковага і творчага элемента ў працэсе навучання маўленню, скіроўвае ўвагу на культурнафарміруючы аспект.

Адна з дамінуючых роляў у развіцці пісьмовага маўлення належыць такім жанрам, як пераказ, эцюд, эсэ, сачыненне.  Мы дазволім сабе не спыняцца на тэхналогіі навучання пераказу, бо на сённяшні дзень гэта тэхналогія добра распрацавана.

Настаўніку важна ўлічваць, што, перш чым прыступіць непасрэдна да навучання гэтым жанрам, неабходна выкарыстоўваць цэлую сістэму практыкаванняў, якія падрыхтоўваюць да напісання звязанага тэксту.

Такімі практыкаваннямі могуць быць:

  • тлумачэнне загалоўка тэксту або падбор яго і матываванне;
  • выдзяленне абзацаў у тэксце, устанаўленне логікі пабудовы;
  • выдзяленне ў тэксце апавядання, апісання, разважання і тлумачэнне мэтазгоднасці іх;
  • адказы на пытанні, складанне сказаў, аб’яднаных тэмай;
  • аднаўленне дэфармаванага тэксту, скарачэнне частак тэксту ці перастаноўка іх;
  • выяўленне непаўнаты тэксту і дапаўненне яго неабходным матэрыялам;
  • дапісванне пачатку ці заканчэння тэксту;
  • замена ў тэксце няўдалых выразаў, падбор больш яркіх і вобразных планаў;
  • складанне планаў, пераказаў;
  • аналіз ключавых слоў, слоў-арыенціраў, якія нясуць найбольшую сэнсавую і вобразную нагрузку і інш.

Зразумела, што такія практыкаванні выконваюцца ў сярэдніх класах. Такім чынам рыхтуецца база для больш складанай працы ў старшых класах.

Апошнім часам у якасці падрыхтоўчай працы ў 6-7 класах настаўнікамі выкарыстоўваецца такі жанр, як эцюд.

Эцюд называюць малой формай творчай працы вучняў, які дазваляе ім усвядоміць сябе як асобу, паспрабаваць разабрацца і паразважаць над нейкай з’явай, фактам, падзеяй. Слова “эцюд” абазначае першапачатковы накід (звычайна з натуры) будучага твора або яго часткі. У плане развіцця творчых здольнасцей вучняў гэта навучанне замалёўцы з натуры нейкага эпізоду жыцця, які можа быць статычным, як фотаздымак, або дынамічным, як кінафільм. Самае ж важнае, на чым настаўнік павінен акцэнтаваць увагу вучняў, — гэта перадача ўласных уражанняў і перажыванняў ад убачанага.

Выпрацоўка ўмення пісаць эцюды арганічна падводзіць вучняў да больш складанага жанру – эсэ.

Эсэ ў перакладзе з французскай мовы абазначае вопыт, накід. Яшчэ можна сустрэць такія назвы, як спроба, узважванне, разважанне, нарыс. Падаецца і некалькі азначэнняў гэтага жанру. Вучняў якраз і мэтазгодна знаёміць з некалькімі, даючы ім магчымасць параўнаць, паразважаць.

Спынімся на трох прыкладах.

1. Эсэ – гэта суб’ектыўнае разважанне, якое трактуе філасофскія, сацыяльныя, літаратурныя праблемы не ў сістэматызавана-навуковым выглядзе, а ў вольнай форме.

2. Эсэ – празаічнае сачыненне, якое прадстаўляе ў нязмушанай форме агульныя або папярэднія меркаванні па канкрэтным пытанні і не прэтэндуе на яго вычарпальную трактоўку.

3. Эсэ – суб’ектыўнае ўспрыняцце, уражанне, суб’ектыўная ацэнка, незвычайны пункт погляду на прадмет размовы, выкладзены ў адвольнай форме.

Для больш грунтоўнага ўсведамлення сутнасці жанру эсэ вучняў варта пазнаёміць з некалькімі ўзорамі-прыкладамі і падвесці да наступных высноў:

  • эсэ перадае індывідуальнае бачанне і ацэнку, расказвае аб нечым праз сябе;
  • эсэ можа ўтрымліваць як апісанне з’яў, падзей, так і разважанні аўтара, яго роздум;
  • эсэ мае свабодную кампазіцыю, успрымаецца як плынь свядомасці, думак;
  • эсэ пішацца вобразнай, арыентаванай на размоўную, мовай;
  • эсэ мае невялікі аб’ём.

Па жанрава-стылістычнай форме эсэ падзяляюцца на некалькі відаў:

- эсэ-нататка, блізкая да газетнага жанру;

- эсэ-мастацкая замалёўка, лірычная мініяцюра, эскіз з натуры;

- эсэ-партрэт;

- эсэ-біяграфія або аўтабіяграфія;

-  эсэ-ўспамін;

- эсэ-дзённікавы запіс;

- эсэ-водгук (ён выказвае меркаванне, роздум, але не прэтэндуе на разгорнутую і аргументаваную ацэнку) і інш.

Вучняў неабходна знаёміць з імі, заахвочваючы да самастойнай расшыфроўкі, дапаўняючы і ілюструючы ўрыўкамі-прыкладамі.

Поспех і добрыя вынікі пры напісанні эсэ залежаць, па-першае, ад таго, наколькі трывала і асэнсавана вучні ўсвядомілі асноўныя прыкметы гэтага жанру. Настаўніку варта падрыхтаваць і выкарыстоўваць наступную памятку.

 

Асноўныя патрабаванні да эсэ:

 

Вучню неабходна:

 

1. Канкрэтная тэма.

Дакладна вызначыць, сфармуляваць і абдумаць тэму.

2. Навукова-канкрэтная аснова.

Азнаёміцца і прааналізаваць матэрыял па тэме.

3. Падкрэсленая суб’ектыўнасць выказвання.

Выявіць асабістую пазіцыю.

4. Арыентаванасць на жывую гутарковую мовы.

Выкарыстоўваць вобразныя сродкі.

5. Права на дадумванне, фантазію, вымысел.

Спраецыраваць уласны вымысел на тэму, прытрымлівацца рэальнага, гістарычнага або іншага кантэксту.

6. Свабодная кампазіцыя.

Выбраць форму, структуру.

7. Камунікатыўнасць, адрасаванасць другому чытачу.

Уявіць адрасата.

8. Праблемнасць.

Пры магчымасці ўбачыць праблему ў тэме і раскрыць яе.

9.Арыентацыя на мэту.

Падзяліцца роздумам, перажываннямі, расказаць пра пэўную з’яву, твор, аўтара і інш. праз сябе.

 

Авалоданне школьнікамі ўмення пісаць эсэ з’яўляецца добрай асновай да напісання сачыненняў.

З мэтай навучання і ўдасканалення маўленчай дзейнасці вучняў у праграме па беларускай літаратуры прадугледжана навучанне такому жанру працы.

Сачыненне – гэта развагі таго, хто піша аб прачытаным і прааналізаваным мастацкім творы або ўрыўку з яго, ствараючы ўласны тэкст.

Ідэя сачынення самастойна вызначаецца вучнем у выніку роздуму над мастацкім тэкстам пасля вывучэння крытычнай і навукова-папулярнай літаратуры.

Сачыненне мае сваю адметную кампазіцыю, якая самастойна выбіраецца вучнем у адпаведнасці з тэмай.

Сачыненні па літаратуры дзеляцца на 2 віды: сачыненні на літаратурную тэму, сачыненні на вольную тэму.

Паводле будовы кожнае сачыненне павінна мець тры асноўныя часткі: уступ, галоўную частку, заключэнне.

Уступ — гэта своеасаблівая прадмова, падрыхтоўка да ўспрыняцця разважання вучня. Ён (уступ) не павінен быць расцягнутым, перагружаным непатрэбнымі фактамі, якія не маюць дачынення да тэмы. Аб'ём уступа — 1/6 часткі ўсяго сачынення, або 1/4 галоўнай часткі. Ва ўступе можна сказаць пра час, калі жыў аўтар, паведаміць біяграфічныя звесткі, адзначыць асноўныя творы аўтара, падаць абгрунтаванне выбару тэмы.

Галоўная частка — гэта сістэма тэзісаў і аргументаў, само разважанне. Гэта частка самая важная ў рабоце, тут кожная думка аргументуецца, пацвярджаецца прыкладамі з мастацкага тэксту, а таксама тэзісамі з крытычнай літаратуры. Прычым меркаванні даследчыкаў вучань можа параўноўваць, можа згаджацца з імі, а можа і абвяргаць.

У заключэнні робяцца вывады з усяго напісанага, робяцца абагульненні назіранняў. Яно надае разважанню закончанасць, указвае, для чаго напісана сачыненне.

Сучасная методыка выдзяляе 7 этапаў працы над сачыненнем.

  1. Уменне ўдумацца ў тэму, асэнсаваць яе, вызначыць яе мэты (абмежаваць сябе пэўнымі рамкамі).
  2. Уменне падпарадкоўваць сваё сачыненне пэўнай ідэі.
  3. Адбор матэрыялу для сачынення.
  4. Сістэматызацыя сабранага матэрыялу.
  5. Праца над кампазіцыйнай будовай сачынення.
  6. Выбар стылю і тыпу мовы.
  7. Рэдагаванне тэксту сачынення (стылістычная папраўка напісанага).

 

Для аператыўнай арганізацыі мэтанакіраванай працы вучняў варта прапанаваць ім наступную памятку будовы сачынення: 

 

Карыстаючыся гэтай схемай, вучні супаставяць змест частак свайго сачынення, вытрымаюць патрабаванні да кожнай часткі працы.

Сачыненні на літаратурную тэму займаюць адно з асноўных месцаў у школьнай праграме. Такія працы прадугледжваюць разважанне вучня па прапанаванай тэме з уласнай інтэрпрэтацыяй твора, з выяўленнем сваёй асобаснай пазіцыі, ацэнак.

У залежнасці ад выбару віду сачынення на літаратурную тэму перад вучнямі павінны быць пастаўлены адпаведныя задачы:

 

Віды сачыненняў

Асаблівасці віду і задача вучняў

 

 

 

 

Характарыстыка літаратурнага

героя

- перадаць істотныя рысы;

- перадаць асаблівасці характару героя;

- паказаць яго адметнасць і непаўторнасць;

- прасачыць прычыны яго ўчынкаў;

- раскрыць яго ўзаемаадносіны з асяроддзем;

- даць апісанне знешняга выгляду;

- паказаць сацыяльнае становішча;

- паходжанне героя;

- выявіць асаблівасці мастацкага ўвасаблення аўтарам яго характару.

Параўнальная характарыстыка двух герояў

- выявіць у герояў агульнае і адрознае;

- засяродзіць увагу на сувязі герояў з жыццём, на сацыяльных вытоках характараў, на выяўленні абставін, якія ўплывалі на іх фарміраванне.

 

 

 

Групавая характарыстыка

- асэнсаваць, якую сацыяльную з'яву хацеў паказаць пісьменнік з дапамогай калектыўнага вобраза;

- шляхам аналізу вызначыць герояў, якія належаць да адной сацыяльнай групы, маюць агульныя рысы;

- пры дапамозе сінтэзу даць групавую характарыстыку персанажаў, у якой акцэнтуецца ўвага на агульнасці іх светапогляду, ідэйных перакананняў і жыццёвых пазіцый.

Паказ гістарычнай асобы

- з сённяшняга пункту гледжання раскрыць значэнне дзейнасці гістарычнай асобы.

 

Праблемныя тэмы

- самастойна асэнсаваць праграмны матэрыял;

- вырашыць пастаўленую праблему;

- вылучыць тое, што складае сутнасць праблемы;

- зрабіць пэўныя вывады.

 

Тэмы абагульняльнага характару

- раскрыццё ідэйнага зместу твора;

- раскрыццё мастацкіх вартасцей твора;

- абагульнены аналіз твора ў цэлым;

- аналіз мастацкай формы;

- разбор асобных эпізодаў і частак твора;

- раскрыццё значэння пэўнага твора або ўсёй творчасці пісьменніка;

- аналіз крытычнай літаратуры, даследаванняў па пэўным мастацкім творы ці па творчасці пісьменніка.

 

Сачыненне на вольную тэму — гэта від сачынення, пры напісанні якога вучань самастойна выбірае матэрыял, што кладзецца ў аснову творчай працы. Такім матэрыялам можа быць асабісты вопыт вучня, уражанні і факты як з жыцця, так і з мастацкіх твораў, з газет, радыё-, тэлепарадач, з кінафільмаў, спектакляў і да т.п.

Галоўнай асаблівасцю сачыненняў на вольную тэму з'яўляецца тое, што, незалежна ад таго, якая тэма абрана вучнем, абавязкова павінен быць зварот як мінімум да двух мастацкіх твораў.

Сачыненні на вольную тэму маюць прыкладна наступную класіфікацыю:

 

Віды сачыненняў

 на вольную тэму

Асаблівасці віду

Сачыненні на патрыятычныя тэмы

Патрабуюць асэнсавання праблем Радзімы, народа і яго гераічных спраў, вайны і міру.

Сачыненні на маральна-этычныя тэмы

Маюць на мэце раскрыццё такіх праблем, як чалавечнасць, гуманізм, праца, сяброўства і пад.

Сачыненні на экалагічныя тэмы

Адлюстроўваюць найбольш вострыя пытанні стаўлення, адносін чалавека да прыроды.

Сачыненні на матэрыяле сучаснай літаратуры

Прадугледжваюць раскрыццё любой названай тэмы на матэрыяле твораў сучаснай літаратуры.

Сачыненні на тэмы сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д.

Патрабуюць раскрыцця любой тэмы, праблем сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д.

Сачыненні, звязаныя з выбарам будучай прафесіі

Патрабуюць асэнсавання сваёй будучай прафесіі.

Сачыненні асобасна-ацэначнага характару

Пішуцца ад імя першай асобы (“Я”), прадугледжваюць асабістую ацэнку падзей, з’яў, і г.д.

 

Эфектыўна прапаноўваць вучням самім фармуляваць тэмы сачыненняў на аснове вышэй пададзеных класіфікацый.

Існуюць тыповыя патрабаванні да вучнёўскіх сачыненняў:

  1. Адпаведнасць зместу сачынення зададзенай тэме.
  2. Доказнасць выказанай думкі, аргументаванасць палажэнняў, якія выказваюцца.
  3. Змястоўнасць, паўната ахопу тэмы, завершанасць.
  4. Лагічнасць і паслядоўнасць у выкладанні матэрыялу.
  5. Самастойнасць у раскрыцці тэмы.
  6. Дакладнасць, яснасць, вобразнасць мовы, адзінства стылю.
  7. Карэктнасць цытавання.
  8. Рацыянальнае спалучэнне матэрыялу мастацкага твора, літаратурнай крытыкі з уласнымі разважаннямі аўтара працы.
  9. Адсутнасць фактычных памылак і недакладнасцей.
  10. Пісьменнасць (захаванне арфаграфічных, граматычных і пунктуацыйных нормаў сучаснай беларускай мовы).

Тыповымі прыёмамі працы на ўроках навучальнага сачынення з’яўляюцца супастаўленне фармулёвак тэм, расшыфроўка фармулёвак, складанне планаў, выбар эпіграфаў, падбор тэкставага матэрыялу, абмеркаванне асноўных тэзісаў і доказаў.