27.1. Спецыфіка развіцця вуснага маўлення
^ Вверх

27.1. Спецыфіка развіцця вуснага маўлення

 

Праблема развіцця маўлення вучняў набывае ў наш час усё большае грамадскае значэнне, таму што яно з’яўляецца важным паказчыкам духоўнай культуры асобы. Грамадству неабходны людзі, якія валодаюць словам, умеюць абараніць свае перакананні, погляды, творча ўключыцца ў працэс міжасобаснай камунікацыі. На жаль, фарміраванню маўленчай культуры школьнікаў мала садзейнічае працэс тэхнізацыі і пасіўнае пазнаванне праз сродкі масавай інфармацыі. У гэтым плане літаратура як вучэбны прадмет стварае найспрыяльнейшыя ўмовы для развіцця і ўдасканалення маўлення, а таму развіццё маўлення вучняў як элемент літаратурнай адукацыі не проста застаецца адным з галоўных аспектаў у методыцы навучання літаратуры, а актыўна развіваецца, набывае новыя рысы.

 

Само паняцце развіцця маўлення выступае на сённяшні дзень як у навукова-метадычным, так і ў філасофска-псіхалагічным значэннях. Працэс авалодання маўленнем ідзе праз усё жыццё: ён непасрэдна звязаны з духоўным станаўленнем асобы, з узбагачэннем яе ўнутранага свету. Інтэнсіўнае развіццё маўлення школьнікаў адбываецца пры вывучэнні літаратуры, калі захоўваюцца і спалучаюцца тры падыходы: псіхалінгвістычны, лінгвадыдактычны і методыка-літаратурны, які непасрэдна ўлічвае магчымасці мастацкай літаратуры.

Найбольшы плён у працы па развіцці маўлення вучняў дасягаецца ва ўмовах камунікатыўнай дзейнасці. Таму ў педагагічную практыку настаўнікаў трывала ўваходзіць псіхалінгвістычны тэрмін “маўленчая дзейнасць”. Працуючы над развіццём маўлення школьнікаў на ўроках літаратуры, настаўніку неабходна абапірацца на веданне асаблівасцей камунікатыўнай дзейнасці, бо засваенне мовы (пашырэнне слоўнікавага запасу, удасканаленне тэхнікі маўлення) найбольш плённа адбываецца ў працэсе зносін.

На сённяшні дзень дамінуючым стаў дзейсны падыход да развіцця маўлення вучняў. Ён прадугледжвае, па-першае, узаемадзеянне маральна-эстэтычнага выхавання і маўленчага развіцця, сувязь апошняга з усімі кампанентамі ведаў па літаратуры; па-другое, выкарыстанне разнастайных метадычных формаў і прыёмаў, па-трэцяе, захаванне сістэматычнасці, пераемнасці і практычнай накіраванасці дадзенай працы ў розных узроставых групах. З другога боку, у рэчышчы дзейснага падыходу для развіцця маўлення вылучаюцца наступныя накірункі: лексіка-фразеалагічная праца з тэкстам мастацкага твора і літаратурна-крытычнымі матэрыяламі; навучанне школьнікаў разнастайным відам і жанрам маналагічнай сітуацыі, калі вучням неабходна сціскаць і пашыраць, параўноўваць і проціпастаўляць, абагульняць і падсумоўваць матэрыял.

У такога роду навучальнай працы развіваюцца творчыя здольнасці, школьнікі разумеюць практычную накіраванасць сваёй дзейнасці, а таксама ацэньваюць уласныя магчымасці, што павышае зацікаўленасць у выніках. Такім чынам фарміруюцца свядомыя адносіны да інтэлектуальнай працы.

Вусная мова развіваецца праз:

слуханне — гэта ўзорнае слова настаўніка, лекцыя, абмеркаванне вусных паведамленняў аднакласнікаў;

чытанне — гэта чытанне тэкстаў літаратурных твораў, крытычных і іншых матэрыялаў, выразнае чытанне;

назіранне — праца над мовай твора, лінгвістычны аналіз;

выступленне — расказванне, пераказы, адказы на пытанні, разгорнутыя маналагічныя выказванні, выступленні з рэфератамі і дакладамі.

Ва ўсёй названай шматстайнасці ёсць стрыжнёвы тэхналагічны падыход. Вучняў важна нацэліць на тое, што, рыхтуючыся да выступлення, неабходна намеціць асноўны тэзіс, яго сарцавіну, пасля прадумаць (у залежнасці ад жанру) падыход да гэтага сэнсавага вузла выступлення, а потым сфармуляваць высновы, канцоўку. Схема традыцыйная і, з аднаго боку, як бы фармальная, але, бясспрэчна, вуснае слова павінна мець сваю завязку, развіццё думкі, пэўную кульмінацыю і галоўную ідэю, галоўны тэзіс (выпрацоўку гэтага навыку настаўнік павінен трымаць пад пастаяннай увагай), які ён будзе выказваць, адстойваць. На аснове галоўнага тэзіса набудоўваецца схема, план выказвання, адносна апошняга размяшчэння ўвесь матэрыял, падбіраюцца прыклады, доказы, назіранні. Настаўніку ў гэтым працэсе важна захоўваць прынцып паступовасці, ісці ад больш простага да складанага. Калі вучні засвояць акрэсленую вышэй аснову, то можна прапаноўваць ужываць розныя метады разгортвання выказвання: храналагічны, канцэнтрычны, ступеньчаты, індуктыўны, дэдуктыўны, пытальна-адказавы і інш., вучыць выкарыстоўваць гэтыя метады ў залежнасці ад зместу матэрыялу.

Паспяховае развіццё вуснага маўлення рэалізуецца праз разнастайнасць формаў працы. Таксама ад простага – адказ на пытанне, пераказ – да складанага – разгорнутае маналагічнае выказванне, даклад. Практычна колькасць канкрэтных заданняў невычарпальная – важна толькі захоўваць асобасны падыход, выкарыстоўваць заданні, якія патрабуюць пасільнай самастойнасці мыслення, заахвочваюць да ўласнай творчасці.