25.3. Формы правядзення факультатываў
^ Вверх

25.3. Формы правядзення факультатываў

 

Эфектыўнасць факультатыўных заняткаў залежыць не толькі ад прадуманага планавання, але і ад методыкі іх правядзення, якая звычайна ўключае тры асноўныя этапы.

Першы этап – падрыхтоўчы, на якім вызначаюцца задачы факультатыва, намячаецца план яго работы, даецца агульная характарыстыка праблемы, вылучаюцца прыватныя пытанні, размяркоўваюцца заданні паміж вучнямі, даюцца папярэднія рэкамендацыі па афармленні і падрыхтоўцы выступленняў на факультатыве. Галоўнае на гэтым этапе – настроіць вучняў на цікавую і сур’ёзную працу, давесці ім, што ў ёй з’яўляецца асноўным.

Другі этап – галоўны, у ходзе якога школьнікі знаёмяцца з канкрэтнымі творамі, праблемамі, вядуць актыўную творчую работу, аб’ём якой залежыць ад канкрэтных мэт заняткаў.

Трэці этап – заключны – уяўляе сабой падвядзенне вынікаў работы вучняў на факультатыве.

Надзвычай актуальным з’яўляецца пытанне аб самой арганізацыі, метадычных формах і прыёмах правядзення факультатыўных заняткаў. Яны не павінны паўтараць паўрочныя заняткі. Настаўніку неабходна клапаціцца аб тым, каб яны былі разнастайнымі, цікавымі, каб перавага аддавалася самастойнай, пошукавай і творчай працы вучняў. Паколькі вывучэнне літаратуры на факультатыве грунтуецца ў асноўным на самастойных формах работы яго ўдзельнікаў, гэта набліжае спецыфіку і методыку іх правядзення да методыкі вышэйшай школы. Выбар канкрэтнай метадычнай формы правядзення факультатыва абумоўліваецца і псіхолага-ўзроставымі асаблівасцямі вучняў, іх пазнавальнымі магчымасцямі, самой тэматыкай факультатыва, канкрэтнымі мэтамі яго правядзення.

Найбольш распаўсюджанымі формамі працы на факультатыве з’яўляюцца лекцыя, семінарскія заняткі, практычныя заняткі, гутарка, дыскусія, навуковая канферэнцыя, камбінаваныя заняткі, якія па сваёй структуры набліжаюцца да пазакласных мерапрыемстваў (міні-алімпіяд, падарожжаў, інсцэніравання і г.д.). Акрамя таго, на факультатыўных занятках можна прадугледжваць і напісанне творчых работ розных жанраў і іх абмеркаванне.

Адной з найбольш ужывальных формаў працы на факультатыве з’яўляецца лекцыя.У ходзе яе настаўнік выкарыстоўвае перад вучнямі сістэму ведаў, фармуе іх светапогляд, стымулюе на самастойны творчы пошук. Рыхтуючыся да лекцыі па факультатыве, настаўнік павінен прадугледзець не толькі, што ён паведаміць вучням, але і што ў кожным канкрэтным выпадку ці на пэўным этапе заняткаў яны будуць рабіць. Лекцыю на факультатыве неабходна спалучаць з іншымі прыёмамі работы: рэфератамі, паведамленнямі вучняў, гутаркамі і пад.

У рамках факультатыва можна праводзіць семінарскія заняткі як сродак далучэння вучняў да рэалізацыі пастаўленых мэт і задач. Сутнасць семінарскіх заняткаў заключаецца ў тым, што пасля падрыхтоўчай работы вучні самастойна рыхтуюцца да раскрыцця пэўнага пытання ці праблемы. Структура правядзення семінара выбіраецца настаўнікам; асноўная ўвага найчасцей звяртаецца на праблемы, з якімі вучні знаёміліся самастойна, на назіранні над мастацкімі тэкстамі, навуковай літаратурай. Праверка самастойна засвоенага матэрыялу можа быць праведзена ў форме калоквіуму, абмеркавання напісаных вучнямі дакладаў, іх рэцэнзавання вучнямі-апанентамі.

Пры правядзенні факультатыўных заняткаў у форме практычных заняткаў неабходна звяртаць увагу на форму мастацкага твора, даследаванне прыёмаў стварэння характараў, раскрыццё тэарэтыка-літаратурных праблем. Тут можна прапаноўваць выкананне самастойных творчых работ невялікага памеру.

Заключныя заняткі па факультатыве мэтазгодна праводзіць у форме гутаркі,якая набывае універсальны характар і адрозніваецца ад звычайнай урочнай гутаркі перш за ўсё ўмовамі правядзення. Вучні на такіх занятках аргументуюць свае ўражанні, вучацца абараняць выказаную думку. Настаўніку для дадзенай гутаркі варта падабраць праблемныя пытанні або пытанні, якія яшчэ раз засяродзяць увагу вучняў на параўнанні розных відаў мастацтва, каб вучні набылі навыкі ўстанаўлення сувязі паміж мастацкімі творамі і творамі сумежных відаў мастацтва.

У наш час на факультатывах прадугледжана і такая новая, нетрадыцыйная форма працы з фактычным матэрыялам на факультатыве, як напісанне творчых работ. Мэта іх – развіццё навукова-даследчых здольнасцей вучняў, выпрацоўка навыкаў самастойнага аналізу літаратурных твораў, уменне працаваць з літаратурна-крытычнымі артыкуламі.

Яшчэ адной з эфектыўных формаў навучання на факультатыве можа стаць навуковая канферэнцыя, якая спрыяе выпрацоўцы ў вучняў навыкаў навуковага даследавання, творчага асэнсавання крытычнага матэрыялу, можа быць прымеркавана да юбілейнай даты, складанай актуальнай праблемы нашага часу.

Належнае месца сярод формаў работы на факультатывах у апошні час занялі і так званыя камбінаваныя заняткі (навуковыя канферэнцыі, выпуск спецыяльных зборнікаў, школьных газет, правядзенне літаратурных вечароў і інш.), якія цесна звязаныя з пазакласнай і пазашкольнай работай. Такая ўзаемасувязь надае факультатыўным заняткам большую мэтанакіраванасць, стварае пэўную псіхалагічную перспектыву.

Пры выбары тых ці іншых метадычных прыёмаў работы на факультатыве неабходна ўлічваць і схільнасць яго ўдзельнікаў да пэўнай формы літаратурнай дзейнасці.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

  1. Падрыхтуйце паведамленні “Месца і значэнне факультатываў у літаратурнай адукацыі школьнікаў”, “Адметнасць методыкі арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў”.
  2. Распрацуйце 10 тэм, якія можна выкарыстаць для факультатыўных заняткаў. Аргументуйце свой выбар.
  3. Па адной з прапанаваных вамі тэм прадумайце змест і складзіце план факультатыва.

 

Спіс літаратуры

  1. Барыс, С. Праграма факультатыва па беларускім фальклоры (5-6 класы) / С. Барыс // Роднае слова, 1990, № 10.
  2. Ляшук, В.Я. Факультатыўныя заняткі і дысцыпліны на выбар / В.Я. Ляшук // Методыка выкладання беларускай літаратуры. / Пад рэд. Ляшук В.Я. – Мінск, 1999. – С.380 – 400.
  3. Міраславіч, А. “Мы адной табе належым, Беларусь мая”. Прыкладныя праграмы і тэмы факультатываў і роднасловаўскія публікацыі да іх / А.Міраславіч // Роднае слова, 2002. № 8.