25.1. Агульныя патрабаванні да правядзення факультатываў
^ Вверх

25.1. Агульныя патрабаванні да правядзення факультатываў

 

На ІІ з’ездзе настаўнікаў прагучала патрабаванне развіцця шырокай эксперыментальнай дзейнасці абнаўлення зместу і метадаў навучання, захавання і развіцця ўжо напрацаванага вопыту. Да такіх напрацовак адносяцца і факультатыўныя заняткі.

Факультатыўныя заняткі з’яўляюцца эфектыўнай формай навучання і выхавання школьнікаў, мэта якой — паглыбленне і пашырэнне ведаў па асобных тэмах ці пытаннях вучэбнага прадмета.

Факультатыўныя заняткі па літаратуры павінны адпавядаць патрабаванням, што вызначаны ў дырэктыўных дакументах і ў праграме факультатыву:

паглыбляць цікавасць да літаратуры, навукі і мастацтва;

фармаваць і ўдасканальваць навыкі свядомага ўспрымання літаратурных твораў;

развіваць творчыя здольнасці і інтарэсы, аналітычныя ўменні, мастацкія густы ў адпаведнасці з ідэйна-эстэтычнымі ідэаламі грамадства;

пашыраць, сістэматызаваць веды па тэарэтыка-літаратурных паняццях з улікам дасягнення навукі.

Факультатыў па беларускай мове з’яўляецца, з аднаго боку, заканамерным працягам і развіццём некаторых раздзелаў асноўнага школьнага курса літаратуры. З другога боку, факультатыў уключае і зусім новыя тэмы. Таму факультатыўныя заняткі займаюць прамежкавае становішча паміж урокамі літаратуры і шматграннай пазакласнай працай па прадмеце, захоўваючы пры гэтым сваю адметнасць.

Факультатыўныя заняткі ўключаюцца ў расклад урокаў, усе віды ўдзелу ў іх фіксуюцца настаўнікам, вядзецца журнал уліку наведвання і паспяховасці вучняў. У атэстаце выпускнікоў адзначаецца, які факультатыўны курс праслуханы. Вучні запісваюцца ў факультатыў па жаданні, але наведванне яго заняткаў абавязковае. Папярэднюю інфармацыю аб факультатыве (тэму, мэты, задачы, змест і формы працы) настаўнік павінен паведаміць вучням загадзя, каб вучні змаглі прааналізаваць і выбраць той ці іншы факультатыў.