ДАЛІДОВІЧ Яўген Мікалаевіч
Нарадзіўся 20 мая 1931 года ў вёсцы Блашчытнікі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і каваля. У 1938 годзе паступіў у першы клас Сялецкай школы і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў чатыры класы гэтай школы. Удзельнічаў у партызанскім руху на Беларусі. З мая 1943 года па чэрвень 1944 года быў сувязным партызанскага атрада імя М.А. Шчорса 3-й Мінскай партызанскай брыгады імя С.М. Будзёнага.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучаўся ў Сялецкай школе, а затым у тэхнікуме статыстыкі ў горадзе Мінску. У 1952 годзе пасля заканчэння двух курсаў тэхнікума паступіў у Мінскі юрыдычны інстытут, які паспяхова закончыў у 1954 годзе. Быў размеркаваны на працу ў органы юстыцыі. Працаваў стажорам Копыльскага народнага суда, народным следчым пракуратуры Плешчаніцкага раёна, Бягомльскай міжраённай пракуратуры Мінскай вобласці.
У жніўні 1957 года быў накіраваны на працу ў органы Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Навучаўся ў школе КДБ пры Савеце Міністраў СССР у горадзе Магілёве. З 1957 па 1970 год працаваў следчым, старшым следчым следчага аддзела ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці. З 1970 па 1988 год працаваў на пасадах старшага следчага, старшага следчага па асабліва важных справах, старшага следчага-крыміналіста следчага ўпраўлення КДБ БССР па Гродзенскай вобласці.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працу пачаў 5 кастрычніка 1988 года на пасадзе лабаранта кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, затым працаваў старшым лабарантам гэтай кафедры. З лістапада 1991 года з’яўляўся загадчыкам лабараторыі тэхніка-крыміналістычных сродкаў. З кастрычніка 1989 года пачаў працу ў якасці выкладчыка кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі на ўмовах пагадзіннай аплаты. Працаваў выкладчыкам на кафедрах тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права; выкладчыкам на 0,5 стаўкі па сумяшчальніцтву на кафедрах крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі. Звольніўся з працы ў 2002 годзе.
Выкладаў курсы “Савецкае права”, “Крыміналістыка”, “Савецкае крымінальнае права”, “Прававыя асновы аховы прыроды”.