7.3. Бягучае (паўрочнае) планаванне
^ Вверх

7.3. Бягучае (паўрочнае) планаванне

 

Асновай для бягучага планавання з’яўляецца каляндарнае і тэматычнае. Па спосабе дэталізацыі рабочыя планы падзяляюцца на наступныя віды: план-канспект, тэзісны план, схематычны план.

План-канспект — гэта вельмі падрабязны рабочы план, своеасаблівы сцэнарый з давядзеннем усіх пытанняў і заданняў  да класа, а таксама з прыкладнымі адказамі на іх. Кожны фрагмент урока апісваецца дэтальна.

Тэзісны план патрабуе фіксацыі фабулы ўсяго ўрока, падачы асноўных пытанняў, матэрыялаў і тэзіснай занатоўкі іх.

Схематычны план прадугледжвае паказ структуры ўрока, называнне формаў і прыёмаў працы, а таксама пералік пытанняў, якія будуць пастаўлены перад вучнямі.

Распрацоўка рабочага плана вядзецца наступным чынам:

1. На аснове праграмы вызначаецца месца рабочага ўрока ў сістэме ўрокаў і курсе літаратуры:

  • улічваецца, які быў папярэдні матэрыял,
  • вызначаецца, што неабходна ўзнавіць і паўтарыць,
  • прагназуюцца папераджальныя заданні (рэфераты і пад.),
  • на аснове праграмнага артыкула фармулююцца адукацыйная і выхаваўчая мэты.

2. У залежнасці ад спецыфікі матэрыялу выбіраецца форма ўрока, а на аснове формы вызначаюцца метады і прыёмы працы.

3. Вызначаецца, з чаго пачынаецца ўрок: абавязкова трэба агучыць тэму ўрока, пры неабходнасці — і мэты (акрамя выхаваўчай), прадумваецца змест ўступнай гутаркі.

4. Праглядаецца матэрыял, які будзе вывучацца на ўроку, на аснове яго вызначаецца змест прыёмаў працы.

5. Перачытваецца дадатковая метадычная, крытычная літаратура, падбіраюцца наглядныя дапаможнікі, прадумваецца змест работы па іх выкарыстанні.

6. Прагназуецца падагульненне.

7. Вызначаецца аб’ём дамашняга задання, распрацоўваецца каментарый да яго.

8. Прагназуецца структура ўрока ўвогуле.

Структура-ўзор рабочага плана ўрока беларускай літаратуры

  1. Дата. Клас.
  2. Назва тэмы.
  3. Мэты:

— адукацыйная,

— развіваючая,

— выхаваўчая.

4. Абсталяванне.

5. Ход урока (магчымыя фабулы):

  1. Праверка ведаў і ўменняў вучняў (формы, прыёмы, сродкі, пазнавальныя заданні).  
  2. Абагульненні і падвядзенне вучняў да вывучэння новай тэмы (фармуляванне новай тэмы, праблемных заданняў).
  3. Вывучэнне новай тэмы (асноўныя пытанні, прыёмы і сродкі іх разгляду, пазнавальныя заданні для вучняў).
  4. Абагульненне новага матэрыялу (кароткія высновы, заданні на ўзнаўленне і сістэматызацыю).

6. Арганізацыя хатняга задання (змест і кароткая інструкцыя).

7. Падвядзенне вынікаў урока.

 

Заўвага. Наяўнасць усіх пунктаў фабулы неабавязковая. Яны могуць змяняцца ў залежнасці ад дыдактычных мэтаў урока.