7.1. Каляндарнае планаванне
^ Вверх

7.1. Каляндарнае планаванне

 

У дзейнасці настаўніка вялікае месца займае распрацоўка планаў работы. Каб бачыць перспектыву ў навучанні, выхаванні і развіцці школьнікаў, настаўніку патрэбна сістэматызаваць сваю дзейнасць. У педагагічнай дзейнасці настаўніку можна і нават трэба абапірацца на планы метадыстаў і лепшых настаўнікаў, якія дзеляцца сваім вопытам у друку. Разам з тым неабходна мець на ўвазе, што педагагічная праца належыць да творчых відаў дзейнасці, што яна не церпіць шаблону, трафарэтнасці, аднастайнасці. Карыстаючыся апублікаванымі, а таксама сваімі планамі, распрацаванымі ў папярэднія гады, патрэбна іх абнаўляць з улікам асаблівасцей вучнёўскага калектыву, новых дасягненняў літаратуразнаўства і методыкі выкладання беларускай літаратуры, а таксама ўласнага вопыту.

Настаўніку ў працэсе працы даводзіцца звяртацца да каляндарнага, перспектыўнага і бягучага (паўрочнага) планавання.

Прыступаючы да каляндарнага планавання, спачатку неабходна выпісаць з вучэбнага плана пэўнага класа колькасць урокаў на тыдзень. Затым неабходна з вучэбнага плана выпісаць каляндарныя тэрміны вучэбных чвэрцей і падлічыць іх працягласць (карыстаючыся календаром) у тыднях. Пасля гэтага падлічваецца колькасць урокаў літаратуры на кожную чвэрць і вызначаецца, колькі з іх трэба адвесці на вывучэнне твораў, на ўрокі пазакласнага чытання і ўрокі развіцця мовы. Кіравацца пры гэтым трэба патрабаваннямі праграмы.

Каляндарныя планы бываюць двух відаў: простыя, разгорнутыя.

Пры простым каляндарным планаванні настаўнік складае план па наступнай форме:

 

№№ п.п.

Назва тэмы

Колькасць гадзін (але не больш, чым 2)

Дата

 

 

 

 

 

Для забеспячэння сістэмнасці ў навучанні, фарміраванні навыкаў і ўменняў па тэорыі літаратуры, выразным чытанні і развіцці мовы мэтазгодна складаць разгорнуты каляндарны план па наступнай форме:

 

№№ п.п.

Назва тэмы

Колькасць гадзін

Дата

Развіццё

маўлення

Тэорыя літаратуры

Паўтарэнне

Нагляднасць

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Па жаданні настаўнік можа павялічваць колькасць граф, напрыклад, уключыць міжпрадметныя сувязі.

Дата прастаўляецца алоўкам, у сувязі з магчымымі зменамі школьнага раскладу.

Каляндарны план складаецца, як правіла, на паўгоддзе і на цэлы навучальны год.