3.4. Школьныя праграмы па беларускай літаратуры
^ Вверх

3.4. Школьныя праграмы па беларускай літаратуры

 

Вучэбная праграма па беларускай літаратуры вызначае змест і структуру школьнага курса беларускай літаратуры. Праграма складаецца з наступных раздзелаў: тлумачальнай запіскі, праграмы для 4—11 класаў, асноўных патрабаванняў да ведаў, уменняў і літаратурнага развіцця вучняў.

У тлумачальнай запісцы вызначаецца месца літаратуры сярод іншых прадметаў, акрэсліваюцца мэты і задачы яе выкладання, характарызуецца змест і структура літаратурнай адукацыі, тлумачыцца структура самой праграмы, вызначаюцца асноўныя метады і прыёмы працы, паказваюцца асаблівасці кожнага этапа выкладання літаратуры, падаюцца патрабаванні да развіцця мовы і да пазакласнай працы.

Асаблівасці пабудовы праграмы:

1) паказана размеркаванне матэрыялу для вывучэння з указаннем гадзін;

2) указаны творы мастацкай літаратуры і артыкулы з асноўнымі патрабаваннямі;

3) названы элементы тэорыі літаратуры для засваення; 

4) матэрыял пададзены ў залежнасці ад прынцыпу пабудовы праграмы (жанрава-тэматычны, храналагічна-тэматычны, гісторыка-храналагічны);

5) пералічаны рэкамендацыйныя патрабаванні да ведаў, уменняў і навыкаў вучняў;

6) змешчаны спісы літаратуры для самастойнага прачытання і завучвання на памяць;

7) указаны колькасны паказчык гадзін на вывучэнне твораў, на ўрокі развіцця мовы, на пазакласнае чытанне.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

1. Заканспектуйце асноўныя этапы літаратурнай адукацыі, змест і структуры літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь (Методыка выкладання беларускай літаратуры, С. 66—73).

2. Вызначце, наколькі эфектыўна рэалізацыя праграмы можа садзейнічаць літаратурнай адукацыі вучняў. Пры выкананні гэтага задання можна выкарыстаць прыкладны алгарытм працы:

— прынцып размеркавання матэрыялу ў праграме,

— размеркаванне гадзін пры вывучэнні курса беларускай літаратуры,

— творы мастацкай літаратуры ў школьнай праграме (тры спісы),

— тэорыя літаратуры ў праграме,

— сістэма вусных і пісьмовых прац,

— міжпрадметныя сувязі,

— патрабаванні да ўменняў і навыкаў.

3. Параўнайце праграмы, створаныя Мінскім і Брэсцкім калектывамі аўтараў, папярэдне прарэцэнзаваўшы кожную з праграм.

4. Якая праграма, на вашу думку, найбольш поўна адлюстроўвае гістарычны літаратурны працэс, адпавядае ўзроставым асаблівасцям вучняў? Абгрунтуйце свае высновы.