26.1. Патрабаванні да арганізацыі пазакласнай працы
^ Вверх

26.1. Патрабаванні да арганізацыі пазакласнай працы

 

Адным з асноўных напрамкаў літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца стварэнне гуманістычнай сістэмы навучання і выхавання з асобасна арыентаваным падыходам. Пазакласная праца якраз і дапамагае вырашыць гэты напрамак і істотна дапаўняе ўрокі літаратуры, замацоўвае і пашырае тыя веды, якія атрыманы на ўроках. Яна дазваляе вучням больш грунтоўна і дасканала засвойваць матэрыял па літаратуры, зрабіць яго больш трывалым, запамінальным.

Але поспех ад пазакласнай працы будзе толькі тады, калі яна будзе праводзіцца з захаваннем агульна прынятых ўмоў і патрабаванняў.

У першую чаргу неабходна ўлічваць, што пазакласная праца праводзіцца для таго, каб замацаваць і паглыбіць той аб’ём ведаў, які вызначаны праграмай, а таксама дапоўніць цікавым, змястоўным матэрыялам, што пашырыць уяўленне пра сумежныя віды мастацтва.

Другая ўмова − гэта старанна прадуманае спалучэнне, лагічная звязанасць пазакласных заняткаў з паўрочнай працай. Плён будзе тады, калі будуць невыпадковыя дастасаванні, калі будзе арганічная, а не штучная сувязь. Выключэннем могуць быць пазакласныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да  юбілеяў і знамянальных дат.

Планаванне пазакласнай працы ажыццяўляецца на наступных асновах:

 

Пазакласная праца – гэта своеасаблівае выйсце са стану паўсядзённасці. Рыхтуючыся і прымаючы ўдзел ў ёй, вучні заўсёды чакаюць чагосьці незвычайнага, цікавага, яркага, а таму неабходна прадумваць як афармленне, так і сродкі эмацыянальнай выразнасці. Актыўнасць вучняў абуджаецца, калі выкарыстаны цікавы, займальны матэрыял. Нельга забывацца на прынцып даступнасці: ва ўсім павінны быць улічаны ўзроставыя псіхалагічныя асаблівасці і адукацыйны ўзровень школьнікаў.

Пазакласная праца, яе шматлікія формы даюць магчымасць кожнаму пабыць навідавоку. Праграма, сцэнарый павінны будавацца на запланаванай і ў той жа час свабоднай дзейнасці, якая дае прастор для творчага самавыяўлення кожнага ўдзельніка ў разнастайных ролях і становішчах. Такі падыход дае відавочны выхаваўчы эфект: скіроўвае на сур’ёзнае стаўленне да ведаў, дапамагае адчуць сябе значнай часткай калектыву, згуртоўвае, развівае пачуццё адказнасці, свядомай дысцыпліны.

 Вельмі важна пры арганізацыі і правядзенні пазакласнай працы захоўваць прынцып добраахвотнасці. Але гэта зусім не значыць, што выкладчык павінен чакаць, калі з’явіцца сам па сабе літаратурны актыў. Зацікавіць, заахвоціць, пераканаць вучня, выклікаць у яго жаданне больш даведацца і паўней выявіць сябе як асобу — непасрэдны абавязак настаўніка. Утрымаць, не знізіць планку зацікаўленасці можна толькі на аснове сатворчасці. Шырокая вучнёўская ініцыятыва павінна падтрымлівацца і праяўляцца ва ўсім: у планаванні, у арганізацыйных асновах, у змесце і формах дзейнасці. Нават калі вучнёўскія прапановы будуць слабейшыя за тое, што мае ў творчым арсенале настаўнік, нельга аўтарытарна адкідаць іх, а неабходна пастарацца дапамагчы ўдасканаліць або падвесці да сваёй задумы так, каб яна стала знаходкай саміх вучняў, пастаянна заахвочваючы самастойнасць і творчы пошук выхаванцаў, пакідаючы прастору для выдумкі і імправізацыі, дыпламатычна скіроўваючы ў патрэбнае рэчышча.

Усё, што праводзіцца ў рамках пазакласнай працы, павінна быць добра арганізавана, але не заарганізавана. Залішне строгі рэжым, калі ўся дзейнасць вучняў распісана па хвілінах, педагагічна рэгламентавана, калі ўсё загадзя і шматразова адрэпетыравана, часам ператварае жывую справу ў фармальнасць. Вучань ужо не думае пра тое, што і як ён гаворыць, робіць, а дбае пра тое, каб не заблытацца, не забыцца сказаць патрэбную фразу. Справа перастае быць цікавай і ператвараецца ў нудны абавязак, звужаецца першапачаткова створанае прасторавае поле творчай справы, творчай самарэалізацыі.

Захаванне вышэйназваных умоў і патрабаванняў да правядзення пазакласнай працы робіць яе асабліва плённай.