2.2. Чытацкія асаблівасці вучняў у залежнасці ад узросту
У залежнасці ад узросту школьнікі ўмоўна падзяляюцца на тры групы:
Малодшы падлеткавы ўзрост (10—12 гадоў). Вучні гэтага ўзросту цікавяцца адлюстраваннем у літаратуры подзвігаў, прыгод, моцных валявых людзей. Дзеці даюць просталінейныя ацэнкі падзеям і героям. Настаўніку неабходна пераадольваць наіўны рэалізм ва ўспрыманні твораў, выпрацоўваць навыкі аналітычнага ўспрымання твораў.
Старэйшы падлеткавы ўзрост (13—14 гадоў). У такім узросце пашыраецца кола літаратурных інтарэсаў, вучні цікавяцца складанымі пачуццямі, перажываннямі герояў, стараюцца даць ацэнку падзеям, праблемам, якія ўзняты ў творы. Настаўніку неабходна пераадольваць максімалізм у ацэнках герояў, іх учынкаў, анэстэтычнасць ва ўспрыманні літаратурнага твора.
Перыяд ранняга юнацтва (15—17 гадоў). У гэтым узросце ўзнікае імкненне пазнаць свет і сваё месца ў ім, заявіць аб сабе як асобе. Вучні гэтай групы скіроўваюць асаблівую ўвагу на светапогляд, перакананні, самаацэнкі герояў. Яны здольны да аналітычнага прачытання мастацкага твора. Настаўніку неабходна ўмела актывізаваць разумовую і эмацыянальную дзейнасць вучняў, фарміраваць інтарэсы, густы, дапамагаць засвойваць крытэрыі ацэнкі літаратурных твораў і ўменне рабіць самастойныя высновы.
Асноўны напрамак сучаснай літаратурнай адукацыі – гэта стварэнне гуманістычнай сістэмы навучання і выхавання з асобасна-арыентаваным і дзейнасным падыходам. Якасная рэалізацыя такой задачы немагчыма без уліку і ўвагі да ўзроставых асаблівасцей школьнікаў.
Плануючы працу на ўроку літаратуры, настаўнік у першую чаргу павінен дасканала ведаць, што ўяўляюць сабой яго выхаванцы як чытачы. На сённяшні дзень ёсць нямала прац, прысвечаных аналізу заканамернасцей развіцця школьніка як чытача, залежнасці ўзроўню чытацкай культуры ад характару навучання, аб якасных зменах адносін школьнікаў да мастацтва ў сувязі з узроставымі зрухамі і г.д. З гэтым падрабязна можна пазнаёміцца ў працах Асташонак Л.В. “Вучні як чытачы” (Методыка выкладання беларускай літаратуры: Вучэб. дапам. / Пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мн., 1999. – С. 55 – 65), у метадычных дапаможніках “Літаратура ў 5 класе (1997 г.), “Родная літаратура ў 8 класе” (1998 г.) і інш.
Найбольш зменны аспект, які патрабуе дамінуючай увагі, – псіхалагічныя асаблівасці развіцця школьнікаў, а таму і звернем на гэта большую ўвагу.
Сістэматызуючым стрыжнем узроставай адметнасці, якую ў першую чаргу, плануючы вучэбны працэс, неабходна ўлічваць настаўніку, з’яўляюцца наступныя паказчыкі:
- эмацыйнае жыццё,
- сацыяльныя пачуцці ў дзіцяці,
- эстэтычнае жыццё школьніка,
- рэлігійнае жыццё,
- развіццё інтэлекту,
- спецыфіка мыслення.
Пры дадзеным новым напаўненні традыцыйным застаўся падзел падлеткаў на ўзроставыя групы. Гэта:
1) малодшы падлеткавы ўзрост (10 – 12 гадоў),
2) старэйшы падлеткавы ўзрост (13 – 15 гадоў),
3) старэйшы школьны ўзрост: ранняе юнацтва (16 – 18 гадоў).
Адразу агаворымся, што дзяленне падлеткаў на ўзроставыя групы ў пэўнай меры ўмоўнае, паколькі развіццё асобы залежыць ад розных фактараў і досыць індывідуальнае. Даволі часта ў адной і той жа ўзроставай групе можна сустрэць вучняў з вельмі рознымі ўзроўнямі псіхалагічнага развіцця ў цэлым і ў яго межах – літаратурнага: некаторыя школьнікі апярэджваюць сваіх аднагодкаў на 1-2 гады, другія – наадварот, адстаюць. Аднак пры ўсёй адноснасці ўзроставых характарыстык у вучняў аднаго ўзросту вельмі многа агульнага. На гэтых агульных тэндэнцыях мы і спынімся больш падрабязна.
Калі ў ранейшых методыках сцвярджалася, што ў падлеткаў праяўляецца павышаная цікавасць да мастацтва ў цэлым, і кіно і літаратуры ў прыватнасці, то на сённяшні дзень цікавасць да чытання рэзка знізілася. Гэта павінен улічваць настаўнік і рабіць стаўку на тое, што ў гэты перыяд жыцця развіваецца тэарэтычнае рэфлексіўнае мысленне. Таму ў ацэнцы літаратурных герояў вучні 1-й узроставай групы падыходзяць толькі з маральнымі (у 5 класе нават спрошчанымі) крытэрыямі: усё добрае, моцнае, смелае імі прымаецца, а злое адмаўляецца, а таму і ўспрымаюць яны герояў часта не як тыпізаваныя вобразы, а як рэальных асоб, што прымітывізуе ўспрыняцце мастацкага твора. Так, напрыклад, пры вывучэнні ў 7 класе паэмы Янкі Купалы “Курган” першасна вучні расстаўляюць наступныя акцэнты: гусляр – добры, князь – дрэнны. Калі ж настаўнік улічыць, што ў гэтым узросце адбываецца далейшая інтэлектуалізацыя ўспрыняцця і памяці і адпаведна гэтай асаблівасці падбярэ формы і прыёмы працы, то школьнікі прыйдуць да неабходнай высновы: у гэтым творы яскрава адлюстравана сутыкненне высокай духоўнасці, маральнасці з бездухоўнасцю і бесчалавечнасцю, а сама паэма з’яўляецца не толькі займальным аповедам пра даўніну, але і творам, дзе ўздымаецца праблема мастака і мастацтва.
Яшчэ адзін “рыф”, які павінен улічваць настаўнік, працуючы з вучнямі гэтых класаў, – гэта паслядоўнае праяўленне асаблівай формы самасвядомасці: прэтэнзіі на сталасць. Гэта праяўляецца ў маральным максімалізме, безапеляцыйных сцвярджэннях або адмаўленнях, катэгарычнасці. З-за гэтага вучням дадзенага ўзросту вельмі цяжка разабрацца са складанымі і супярэчлівымі героямі твораў. Таму пры аналізе твора настаўнік павінен праецыраваць пытанні і заданні, ашчаджаючы згаданыя вышэй прэтэнзіі на сталасць, дыпламатычна падводзячы да правільных высноў. Саюзнікам настаўніка ў гэтым будзе характэрнае для дадзенага ўзросту імкненне да самастойнасці. Шырока выкарыстоўваючы разнастайныя віды самастойнай дзейнасці, настаўнік зможа рэалізоўваць патрабаванні праграмы да засваення матэрыялу, вучыць школьнікаў мысліць літаратурна і ўдасканальваць чытацкую культуру.
Другая група (старэйшы падлеткавы ўзрост) характарызуецца такой дамінуючай асаблівасцю, як фармаванне “Я-канцэпцыі” – сістэмы ўнутрана ўзгодненых уяўленняў пра сябе. Адсюль выцякае цікавасць да ўнутранага свету, складаных перажыванняў, узаемаадносін. Ён у асноўным складваецца як чытач: ад чыста падзейных, маральных крытэрыяў у ацэнках літаратурных твораў ён паступова пераходзіць да асэнсаваных, эстэтычных.
Такому падлетку важна мець не столькі адказы на пытанні кшталту “Што здарылася?”, “Што адбылося?”, “Які герой?”, колькі на пытанні “Чаму так здарылася?”, “Па якой прычыне адбылося?”, “Чаму такі герой?”, як бачым, асаблівая ўвага скіроўваецца на прычынна-выніковыя сувязі. Але навыкаў у гэтым рэчышчы аналізу ў іх яшчэ не хапае. На гэтай базе і павінна грунтавацца стратэгія працы настаўніка па навучанні літаратуры. Напрыклад, пры вывучэнні аповесці “Жураўліны крык” Васіля Быкава ў 8 класе неабходна засяродзіць увагу не на падзейны бок, а непасрэдна на герояў, на псіхалагічнае майстэрства раскрыцця характараў, на маральна-філасофскую праблематыку твора. Аналіз неабходна выбудаваць такім чынам, каб вучні, прасочваючы сюжэтны лёс кожнага з герояў, аналізавалі іх псіхалагічны стан у кожным эпізодзе. Толькі тады вучні зробяць правільныя высновы, зразумеюць і адкажуць на пытанні: “Вытокі подзвігу старшыны Карпенкі, Глечыка, Фішара, Свіста” і “Вытокі здрады Пшанічнага”.
Аднак неабходна ўлічваць і адмоўныя рысы чытачоў гэтага ўзросту. Першая з іх заключаецца ў тым, што псіхалагічная неабходнасць у самавыражэнні аказваецца настолькі моцнай, што аналіз твора падмяняецца часам аналізам уласных перажыванняў або разважанняў на тэмы, якія іх хвалююць. Такія суб’ектыўныя адносіны неабходна пераадольваць, падбіраць формы аналізу, дзе б арганічна злучаліся асобасныя ацэнкі і аб’ектыўныя погляды на твор.
Другая складанасць бачыцца ў наяўнасці арыентаванасці на поспех. многія вучні не жадаюць выказвацца, удзельнічаць у абмеркаванні, баючыся даць няправільнае тлумачэнне, выказаць памылковую думку і праз гэта трапіць, як яны лічаць, у смешнае становішча і выставіць сябе ў нявыгадным святле, а таму настаўніку варта вельмі далікатна ставіцца да недакладных адказаў, ашчадна і дыпламатычна папраўляць памылкі і накіроўваць на правільныя адказы і ўхваляць цікавыя разважанні.
Выхаванне чытальніцкіх якасцей у гэтай групы значна ў большай меры, чым у папярэдняй, павінна ўключаць фарміраванне тэарэтыка-літаратурных ведаў і, перш за ўсё, аб’ектыўных крытэрыяў падыходу да чытання і аналізу твора.
Абсалютна па-іншаму адбываецца праца на ўроках літаратуры (як і на многіх іншых) у вучняў старэйшага школьнага ўзросту. Тлумачыцца гэта зноў жа асаблівасцямі псіхічнага развіцця. 10 – 12 класы (16 – 18 гадоў) – гэта перыяд ранняга юнацтва, чым у многім абумоўлена і ад чаго залежыць навучанне маладых людзей. У гэты час падлетак “імкліва выйшаў за межы школьных зацікаўленасцей і, адчуўшы сябе дарослым, рознымі спосабамі імкнецца далучыцца да жыцця старэйшых.”[1] Аднак у гэтым узросце школьнікі ўсё ж застаюцца на ўзроўні сваёй падлеткавай субкультуры, яны ўсё яшчэ залежаць як ад бацькоў, так і ад настаўнікаў. Што да апошніх, то варта зазначыць, што ў гэты перыяд узаемаадносіны вучняў з настаўнікам адбываюцца на прынцыпова іншым узроўні.
Калі ў больш раннія перыяды развіцця падлеткі не заўважалі прабелаў у працы настаўніка, адсутнасці ў яго глыбокіх ведаў і педагагічнай культуры і пры добрай арганізацыі навучання школьнікі досыць плённа выконвалі нават аднатыпныя заданні, то ў працы са старшакласнікамі названыя недахопы адразу выявяцца.
Па-першае, неабходна памятаць, што ў гэты час у юнакоў замацоўваюцца эстэтычныя ідэалы, адносіны да мастацтва ў цэлым. Сутыкаючыся з творам любога віду мастацтва, яны асэнсоўваюць, што гэта – толькі мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, створанае пры дапамозе вымыслу, фантазіі, але разам з тым гэта мастацкае адлюстраванне заключае ў сабе глыбінны сэнс. У 16 – 18 гадоў, калі фактычна сфармавана мастацкая свядомасць, маладыя людзі разумеюць, што кожны твор мастацтва павінен у першую чаргу выконваць функцыю эстэтычную, а ўжо пасля адукацыйную, развіццёвую, выхаваўчую і г.д. Менавіта ўлічваючы гэта, і павінна планавацца праца па літаратурнай адукацыі ў старшых класах.
Па-другое, акрэслены перыяд жыццёвага цыклу развіцця чалавека з’яўляецца пераходным, ад чаго таксама залежыць спецыфіка і навучанне ў школе. У гэты перыяд вырашаецца пытанне пра далейшае жыццё: адбываецца прафесійнае самавызначэнне, разам з якім часта назіраюцца і крызісныя моманты. Пошукі сэнсу жыцця, свайго месца ў гэтым жыцці становяцца бадай што асноўным. І тут вялікую ролю павінны адыгрываць урокі літаратуры, якую па праву называюць чалавеказнаўствам. Школьная праграма па беларускай літаратуры для старшых класаў прапануе зварот да мастацкіх твораў, якія сваім зместавым напаўненнем, ідэйным зместам часта вельмі блізкія юнакам. Многія героі твораў, што вывучаюцца, з’яўляюцца равеснікамі старшакласнікаў. Так, галоўныя героі “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, Сымон з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, Ганна Чарнушка і Васіль Дзяцел з “Палескай хронікі” Івана Мележа і інш. прадстаўляюць той жа ўзрост, што і вучні. Таму, характарызуючы герояў вывучаемых твораў вучні воляй-няволяй будуць параўноўваць сябе з героямі. А такое параўнанне вельмі часта можа дапамагчы вучням разабрацца ў сабе, убачыць сябе як бы з боку і зрабіць пэўныя высновы.
Пры ўспрыманні і аналізе мастацкага твора старшакласнікі часта імкнуцца да арыгінальнасці. Іх ужо не заўжды задавальняе матэрыял падручніка (часам свядома, а часам – каб паказаць сваю індывідуальнасць), меркаванне настаўніка можа быць праігнараваным або ўспрынятым у штыкі. І тут важна даць магчымасць таму ці іншаму вучню выказацца цалкам, і калі ягоная думка памылковая, то пры плённай працы на ўроку, у час дыскусій ён сам зразумее, што яго меркаванне не зусім правільнае ці няправільнае зусім.
Як бачна, кожная прааналізаваная група мае сваю асаблівую, адметную спецыфіку развіцця (у тым ліку і літаратурнага), і толькі пры дасканалым валоданні асновамі ўзроставай псіхалогіі і прыёмамі працы на ўроку з боку настаўніка магчыма паўнавартаснае літаратурнае навучанне ў сярэдняй школе.
Спіс літаратуры
- Асташонак, Л.В. Вучні 5 класа як чытачы / Л.В. Асташонак // Літаратура ў 5 класе: Дапаможнік для настаўніка. – Мінск, 1997. – С. 5 – 10.
- Асташонак, Л.В. Вучні 8 класа як чытачы / Л.В. Асташонак // Родная літаратура ў 8 класе. – Мінск, 1999. – С. 5 – 11.
- Асташонак, Л.В. Настаўнік і вучні на ўроках літаратуры / Л.В. Асташонак // Методыка выкладання беларускай літаратуры. / Пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 1999. – С. 46 – 65.
- Ляшук, В.Я. Вучні 7 класа як чытачы / В.Я. Ляшук // Ляшук В.Я. Майсейчык А.А. Родная літаратура ў 7 класе. – Мінск, 1999. – С. 49 – 55.
- Мішчанчук, М.І. Настаўніку – пра настаўніка. – Мінск. – 1989.
[1] Калугина И.Ю., Колюцкий В.Н. Возростная психология: Полный жизненный цикл развития человека. Учебное пособие для студентов высших учебных заведений. – М, 2001. – С. 315.