2.1. Настаўнік беларускай літаратуры і прафесійныя патрабаванні да яго
^ Вверх

2.1. Настаўнік беларускай літаратуры і прафесійныя патрабаванні да яго

 

У наш час, калі ідзе актыўнае рэфармаванне сістэмы адукацыі, мадэрнізацыя літаратурнага навучання, калі ажыццяўляецца выхад краіны ў сусветную адукацыйную прастору, асаблівую значнасць набывае асоба школьнага настаўніка, ад якога найперш і залежыць эфектыўнае вырашэнне вышэйадзначаных задач.

Асаблівая нагрузка кладзецца на настаўніка роднай мовы і літаратуры, паколькі мастацкаю літаратура па праву называецца чалавеказнаўствам, а выкладанне яе становіцца працэсам фарміравання духоўнага свету юнай асобы.

Ідэалы і роля прафесіі настаўніка-славесніка гістарычныя, яны мяняюцца з развіццём грамадства, залежаць ад яго сацыяльнай арганізацыі, ідэалогіі і культуры. Гэта прасочваецца як у метадычных працах, так і ў творах мастацкай літаратуры. У першую чаргу варта назваць Якуба Коласа, які сам быў выдатным педагогам і свае погляды на асобу настаўніка перадаў у яркіх літаратурных вобразах, найперш, у вобразе Андрэя Лабановіча, які ўвасабляе багацце душы, чалавечнасць, маральную чысціню, мудры погляд на чалавечыя справы і ўчынкі, грамадзянскую адказнасць перад жыццём.

Увогуле ў нашай літаратуры можна вылучыць цэлую галерэю настаўніцкіх вобразаў. Сярод іх – Міхась Лемяшэвіч з рамана “Крыніцы” Івана Шамякіна, пані Мар’я з аповесці “Сірочы хлеб” Янкі Брыля, Алесь Мароз з аповесці “Абеліск” Васіля Быкава, Алена Адамаўна з аповесці “Развітанне” Фёдара Янкоўскага, а таксама вобразы настаўнікаў у творах А. Кулакоўскага, І. Навуменкі, А. Асіпенкі і інш.

Такі зварот да статусу настаўніка ў жыцці грамадства беларускіх пісьменнікаў не з’яўляецца выпадковым, бо ў лёсе нашай краіны роля настаўніка была асаблівай. Пра гэта вельмі яскрава сказаў Васіль Быкаў у “Абеліску”: “Напэўна, мы ўсё ж такі дрэнна ведаем і мала вывучаем, чым было наша настаўніцтва для народа на працягу яго гісторыі... І тым не менш, скажу я табе, што не было нічога больш важнага і патрэбнага, чым тая паўсядзённая, сціплая, непрыкметная работа тысяч невядомых сейбітаў на гэтай духоўнай ніве. Я так думаю: у тым, што мы зараз ёсць як нацыя і грамадзяне, галоўная заслуга вясковых настаўнікаў...”[1].

Гаворачы пра гістарычнасць настаўніцкай прафесіі, нельга не зазначыць, што ёсць у гэтых ідэалах нешта ўстойлівае, што нараджалася і фармавалася на працягу стагоддзяў, гістарычных эпох. Гэта – гуманістычная накіраванасць прафесіі настаўніка-літаратара. Яна абумоўлена як педагагічнай сутнасцю, так і непарыўнай сувяззю з мастацкай літаратурай. Зыходзячы з гэтага, можна вылучыць і шэраг патрабаванняў, якія ставяцца да настаўніка беларускай літаратуры. Гэтыя патрабаванні падзяляюцца на агульнадыдактычныя і вузкаспецыяльныя.

 

Агульнадыдактычныя патрабаванні:

  1. Ведаць дыялектычныя асновы выкладаемай навукі.
  2. Валодаць агульнымі метадамі перадачы ведаў.
  3. Ведаць і ўлічваць узроставыя асаблівасці мыслення вучняў, аб’ём і характар іх жыццёвага вопыту.
  4. Разумець самую сутнасць выкладаемага прадмета, этапы яго развіцця, сучасны стан, сувязь з іншымі навукамі і практыкай.
  5. Цікавіцца і авалодваць новымі тэхналогіямі навучання.
  6. Уяўляць сабой узор высока маральнай асобы.

 

Вузкаспецыяльныя патрабаванні:

  1. Данесці ўсё лепшае, створанае пісьменнікам.
  2. Быць пасрэднікам паміж пісьменнікамі і чытачамі.
  3. Мець уласную ацэнку кожнага мастацкага твора, які вывучаецца ў школьным курсе беларускай літаратуры.
  4. Быць у курсе ўсіх літаратурных навінак.
  5. Быць эмацыянальна настроеным пры чытанні кожнага мастацкага твора.
  6. Мець творчы падыход.
  7. Бездакорна валодаць роднай мовай у яе вуснай і пісьмовай формах.
  8. Ведаць гісторыю свайго народа, краю.
  9. Быць папулярызатарам культурных традыцый свайго народа.

І яшчэ, абапіраючыся на сучасныя даследаванні псіхалогіі і педагагічнай працы, можна таксама назваць найважнейшыя бакі дзейнасці настаўніка-літаратара:

даследчая – вывучэнне ўсяго новага ў галіне свайго прадмета, вопыту калег;

канструктарская – распрацоўка сістэмы выкладання літаратуры, пазакласных мерапрыемстваў;

арганізатарская – рэалізацыя спланаванай работы;

камунікатыўная – устанаўленне кантактаў з вучнямі, якія садзейнічалі б вырашэнню педагагічных задач, выпрацоўка вопыту міжасобасных маўленчых навыкаў.

Апошнім часам вялікая ўвага скіроўваецца і на псіхалагічны бок, паколькі плён настаўніцкай дзейнасці ў вялікай ступені залежыць ад таго, наколькі настаўнік умее валодаць сабой, здольны да самаацэнкі і самавыхавання.

Сама прафесія педагога сёння становіцца прадметам навуковага даследавання, паколькі сапраўдны настаўнік – асоба творчая. Творчасць – у самой прыродзе настаўніцкай працы, хоць, як вядома, не кожны настаўнік – творца. Каб быць творцам, трэба мець сваю пазіцыю, сваё педагагічнае крэда, трэба ўдасканальваць майстэрства, свой стыль, сваю індывідуальную выхаваўча-педагагічную сістэму. Яшчэ В. Сухамлінскі гаварыў, што “праца настаўніка па сваёй сутнасці даследчая. Гэта заўсёды педагагічны пошук...”. Тое ж больш шырока, падмацоўваючы канкрэтнымі прыкладамі, сцвярджаецца ў кнігах аўтарытэтных метадыстаў М.А. Лазарука “Навучанне і выхаванне творчасцю”, М.І. Мішчанчука “Настаўніку пра настаўнікаў”.

Адрасы перадавога вопыту можна знайсці на старонках сучасных перыядычных выданняў “Роднае слова”, “Беларуская мова і літаратура”, “Народная асвета”, дзе прадстаўляюцца як самі настаўнікі-творцы, так і іх вопыт.  Цікавыя напрацоўкі друкуе выдавецтва “Сэр-Вит” у серыі “Майстэрня настаўніка” і іншыя выдавецтвы.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

  1. Падрыхтуйце творчыя партрэты настаўнікаў-наватараў.
  2. Прааналізуйце творчыя напрацоўкі настаўнікаў-практыкаў.
  3. Пазнаёмцеся з працамі настаўнікаў-творцаў свайго рэгіёна (З матэрыяламі перадавога вопыту можна пазнаёміцца ў абласных ІПК).
  4. З часопіса «Роднае слова» заканспектуйце рубрыкі «Адрасы педагагічнага майстэрства» (не менш 10 прац) і прааналізуйце распрацоўкі ўрокаў настаўнікаў-наватараў.

 

Спіс літаратуры

  1. Мішчанчук, М.І. Настаўнікі-творцы / М.І. Мішчанчук // Методыка выкладання беларускай літаратуры. / Пад. рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 1999. С. 49 – 55.
  2. Мішчанчук, М.І. Настаўніку – пра настаўнікаў // М.І. Мішчанчук. – Мінск, 1989. – 119 с.
  3. Войцік, В. Урок пазакласнага чытання па рамане ў вершах Н. Гілевіча «Родныя дзеці» / В. Войцік // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1989. – № 9. – С. 51 – 54.
  4. Праблемнае навучанне на ўроках беларускай літаратуры. – Мазыр, 2002. – 163 с.
  5. Туркевіч, В.М. Творчасці зярняты залатыя… / В.М. Туркевіч. – Мінск, 1970. – 216 с.


[1] Быкаў, В. Сотнікаў. Абеліск / В. Быкаў. – Мінск.: Маст. літ., 1972 г. – С. 205.