1.2. З гісторыі развіцця методыкі выкладання беларускай літаратуры
^ Вверх

1.2. З гісторыі развіцця методыкі выкладання беларускай літаратуры

 

Методыка выкладання беларускай лiтаратуры пачала фармiравацца ў пачатку ХХ стагоддзя, але вытокi лiтаратурнай адукацыi адносяцца да першай паловы ХІХ стагоддзя i базуюцца на расійскіх навуковых пошуках, паколькі Беларусь у той час знаходзілася ў складзе Расіі.

У гэты час у гімназіях вывучалася не літаратура, а тэорыя літаратуры ў форме рыторыкі і паэтыкі. Ад навучэнцаў патрабавалася завучванне канонаў літаратурнай творчасці, тэарэтычных паняццяў, чытанне твораў не патрабавалася, а тэксты выкарыстоўваліся  для падбору прыкладаў.

У другой палове ХІХ стагоддзя найбольш вядомым становіцца рускі метадыст Фёдар Буслаеў (1818—1897 гг.) і яго навукова-метадычная праца «О преподавании отечественного языка» (1884 г.). Буслаеў выпрацаваў новую тэорыю чытання: замест дагматычнага метаду ён уводзіць эўрыстычны.  Але ж асноўнай задачай метадыст лічыў вывучэнне мовы чытаемага твора,  а на другое месца ставіў асэнсаваны аналіз тэксту. Ім падрабязна распрацавана і методыка пісьмовых прац, якія ён звязвае з чытаннем і разборам узорных твораў.

Аўтарам цэлага шэрагу гісторыка-літаратурных і педагагічных прац з'яўляецца другі вядомы педагог-метадыст Уладзімір Стаюнін (1820 – 1888 гг.). У кнізе «О преподавании русской литературы» (1864 г.) ён выказваў неабходнасць чытаць твор, аналізуючы яго як з боку зместу, так і з боку кампазіцыі, мовы, мастацкіх прыёмаў і сродкаў, даваў метадычныя парады работы над творам. У.Я. Стаюнін распрацаваў прынцыпы актыўнага засваення літаратуры вучнямі, падкрэсліваў, што настаўнік павінен садзейнічаць фарміраванню ўласных вучнёўскіх поглядаў і перакананняў, якія ўзнікаюць у выніку “строгага аналізу прадмета”. Дамінуючым метадам Стаюніна з’яўлялася аналітычная гутарка, якая, згодна меркавання метадыста, давала найбольшую магчымасць для актыўнага вывучэння літаратуры ў школе. Ён падкрэсліваў, што, праводзячы аналітычную гутарку па строга складзенаму плану, настаўнік мае магчымасць з найбольшай глыбінёй, у найбольш даступнай форме дапамагаць вучням спасцігаць мастацкі твор на належным выхаваўчым узроўні.

Методыку У. Стаюніна дапоўніў В.П. Астрагорскі (1840—1902 гг.). Ён у сваіх метадычных рэкамендацыях вылучыў сем патрабаванняў, на якія арыентаваліся тагачасныя выкладчыкі: выразнае чытанне, завучванне на памяць, расказванне твора, правільнае пісьмо, тэорыя літаратуры, самастойны аналіз, гісторыя развіцця літаратуры.

Асноўныя метадычныя ідэі В. Астрагорскага выкладзены ў яго “Беседах о преподавании словесности” (1884 г.). Важнае месца ў метадычнай сістэме В. Астрагорскага адводзіцца выразнаму чытанню і чытанню на памяць. Выразнае чытанне разглядалася ім як найважнейшы шлях успрыняцця літаратурнага твора ва ўсёй паўнаце зместу і формы, пазнавальных і эстэтычных якасцей. Яго метадычны дапаможнік “Выразнае чытанне” (1885 г.)захоўвае сваё педагагічнае значэнне і сёння.

Не менш актуальнай з’яўляецца і яго распрацоўка тэорыі і практыкі пазакласнай працы.

Распрацоўку методыкі выкладання літаратуры ў ХХ стагоддзі прадоўжылі М.А. Рыбнікава, В.В. Галубкоў, М.І. Кудрашоў і інш.

На Беларусі адлік станаўлення і развіцця метадычнай думкі ідзе ад Каруся Каганца, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага.

Так, у 1906 годзе ў Пецярбургу пабачыў свет “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання”, за аснову якога быў узяты буквар Льва Талстога, пабудаваны па прынцыпе тэматычнага падзелу і інтэграванага вывучэння літаратуры і мовы. Спрэчным  на сённяшні дзень застаецца пытанне адносна аўтарства “Лемантара”. Так, называюцца імёны Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч)[1].

Першы падручнік-хрэстаматыю ў 1906 годзе «Першае чытанне для дзетак беларусаў»выдала беларуская пісьменніца Цётка. Гэту працу прадоўжыў Якуб Колас, які ў 1909 годзе выдаў «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Свае метадычныя погляды ён выказаў у кнізе «Методыка роднае мовы» (1926 г.). У раздзеле «Чытанне мастацкіх твораў» аўтар выказаў патрабаванне, каб чытанне спрыяла замацаванню арфаграфічных навыкаў, а ўрокі граматыкі звязваліся з выразным чытаннем. У раздзеле «Чытанне з наступнаю размоваю» гаворыцца, што «матэрыялам для чытання служаць цэлыя творы, даступныя дзецям: казкі, праўдзіва-пабытовыя апавяданні. Мэта чытання —  выхавальны ўплыў гэтых твораў на дзяцей» (с. 83). Такім чынам, Якуб Колас прызнаваў за мастацкай літаратурай і яе выкладаннем у школе пазнавальна-адукацыйную і выхаваўчую ролю. Ён выпрацаваў наступныя прыёмы вывучэння тэксту: чытанне твора (першае) настаўнікам і (паўторнае) вучнямі; тлумачэнне незразумелых слоў; складанне плана; пераказ; гутарка па аналізе твора; выразнае чытанне;  завучванне на памяць. Вялікую ўвагу Колас надаваў развіццю мовы вучняў.

У справе адраджэння беларускай нацыянальнай школы нельга не адзначыць імя Сяргея Палуяна. Беларускі публіцыст, празаік і літаратуразнавец, адзін з пачынальнікаў беларускай прафесійнай літаратурнай крытыкі, напісаў першы ў беларускай крытыцы аглядны артыкул “Беларуская літаратура ў 1909 годзе”, першы гістарычны нарыс новай беларускай літаратуры “Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках”.

Сяргей Палуян лічыў, што менавіта народная школа павінна стаць галоўным сродкам распаўсюджання беларускай мовы. Ён  першым на Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя паставіў пытанне аб “нацыяналізацыі школы”, якую разумеў шырока, уключаючы сюды і дэмакратызацыю школьнай справы. Галоўным момантам пры гэтым ён лічыў увядзенне выкладання на роднай мове, садзейнічанне школе ў развіцці нацыянальнай свядомасці вучняў.

Надзвычай плённа методыка выкладання беларускай літаратуры развівалася ў 20-я гады ХХ ст. Гэтаму садзейнічала палітыка беларусізацыі. У Беларускім дзяржаўным універсітэце чытаўся курс методыкі выкладання літаратуры. Прафесар І. Замоцін, які чытаў гэты курс, выдаў грунтоўную працу «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні».

У 20-я гады становяцца шырока вядомымі імёны першых метадыстаў. Так, вельмі папулярнай з’яўляецца ў той час дзейнасць “трох Іванаў”: Івана Самковіча, Івана Пратасевіча, Івана Замоціна. І калі І. Самковіч і І. Пратасевіч у першую чаргу сталі вядомымі як аўтары ці сааўтары першых падручнікаў па беларускай літаратуры для школ, то Івана Замоціна па праву можна лічыць “бацькам” методыкі выкладання беларускай літаратуры, першапраходцам у развіцці методыкі як навукі. 

Нарадзіўся Іван Іванавіч Замоцін 1 лістапада 1873 года ў вёсцы Крывуліна Бежацкага раёна Калінінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Спачатку вучыўся недалёка ад дому, у вёсцы Балдзеева, затым – у Громаўскім прытулку ў Пецярбургу.

Іван Замоцін ужо ў юнацкія гады выявіў незвычайныя здольнасці да навукі, таму і быў залічаны ў Пскоўскую гімназію “за дзённы кошт”, куды звычайна сялянскіх дзяцей не прымалі. У 1897 годзе паспяхова скончыў Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут па спецыяльнасці “гісторык літаратуры”. У 1904 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені магістра рускай славеснасці, а яшчэ праз чатыры гады стаў доктарам навук.

Сваю педагагічную дзейнасць пачаў настаўнікам гімназіі Варшавы і Пецярбурга. З 1904 года працаваў прыват-дацэнтам Варшаўскага, потым Пецярбургскага універсітэта. З 1908 па 1916 год – прафесар Варшаўскага, а з 1917 па 1922 год – Данскога універсітэтаў.

У 1921 г. быў адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. Педагагічных кадраў не хапала, таму па просьбе рэктара БДУ У.І. Пічэты Іван Замоцін у 1922 годзе пераехаў у Мінск, дзе быў абраны прафесарам кафедры гісторыі рускай літаратуры універсітэта, а з 1931 года – Мінскага педагагічнага інстытута. Адначасова Іван Замоцін працаваў у Інстытуце беларускай культуры.

Вучоны добра ведаў восем замежных моў: нямецкую, англійскую, французскую, польскую, чэшскую, сербскую, лацінскую і грэчаскую. За сорак гадоў Іван Замоцін надрукаваў больш за сорак прац.

Пераехаўшы  ў Мінск, Іван Замоцін плённа працаваў у галіне беларускага літаратуразнаўства. Ён першы паставіў імя Якуба Коласа побач з імёнамі вядомых пісьменнікаў свету, першы напісаў рэцэнзію на паэму “Новая зямля”. Іван Замоцін стаяў ля самых вытокаў беларускай літаратуразнаўчай навукі, калі, за выключэннем “Нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры”, фактычна не было не толькі манаграфічных даследаванняў, але і самі творы не былі як след сабраны і сістэматызаваны. Ён быў перакананы, што беларуская літаратура заслугоўвае таго, каб яе збіранне і вывучэнне было пастаўлена на новую аснову і стала дзяржаўнай справай, настойліва дамагаўся вывучэння гісторыі літаратуры, лічыў яе такой самай навукай, як іншыя гістарычныя дысцыпліны. “Гісторыю літаратуры  — пісаў вучоны, — трэба ці ўсю адкінуць, ці ўсю прызнаць – чагосьці кампраміснага тут быць не можа, таму што без цвёрдай базы нельга прыйсці ні да якіх станоўчых навуковых вынікаў”[2] (с.81).

Па яго ініцыятыве і з яго прадмовай быў выдадзены ў двух тамах збор твораў М. Багдановіча, а пасля выйшлі творы Цёткі і П. Труса. Пяру Івана Замоціна належаць працы па гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя: “Пуціны беларускай літаратуры (Якуб Колас – “Новая зямля”)”, “Паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка” як аўтахарактарыстыка”, “Беларуская драматургія, Ч. І – Драматычныя творы Янкі Купалы”, “М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс”.

Працуючы выкладчыкам ВНУ, І. Замоцін распрацаваў і пытанні методыкі вывучэння беларускай літаратуры ў тагачаснай школе. Сярод настаўнікаў-філолагаў асабліва папулярнымі былі два выпускі яго метадычных нарысаў “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні”, у аснову якіх былі пакладзены лекцыі, прачытаныя ў 1923-1927 гадах студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Па сутнасці, гэта была першая навуковая праца па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Найбольш грунтоўныя погляды на гэтыя пытанні ён падае ў двух выпусках нарысаў “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” і ў кнізе “Метадычныя пытанні выкладання мовы і літаратуры ў ІІ – ІІІ канцэнтрах”.

Пры вывучэнні старажытнай літаратуры ён лічыў мэтазгодным аналізаваць не дзелавыя дакументы, а тыя, што маюць пэўную мастацкую вартасць. Прагрэсіўным было меркаванне, у адпаведнасці з якім школа, нягледзячы на непасрэдную сувязь літаратуры з грамадствам, павінна даць вучням добрую літаратурную асвету і весці гэты курс у храналагічным парадку, каб бачылася яго цэласнасць і гістарычная перспектыва.

У 1938 годзе плённая праца Івана Замоціна абарвалася: ён быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Комі АССР. Там памёр у турэмнай бальніцы ў 1942 годзе. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Метадычныя нарысы “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні”рыхтаваліся да друку і выдадзены ў той час, калі ў школах краіны захапляліся Дальтан-планам і асабліва прапагандавалася адна з яго формаў – брыгадна-лабараторны метад, у адпаведнасці з якім галоўная ўвага надавалася індывідуальнаму навучанню. У гэты ж час у пачатковых школах былі ўведзены комплексныя праграмы, якія пераўтварылі выкладанне літаратуры ў ілюстраванне пэўнай грамадска-палітычнай з’явы. Іван Замоцін на пачатку быў прыхільнікам новаўвядзенняў, што знайшло адбітак і ў яго працы, аднак не ішоў за імі слепа.

Адзін з раздзелаў працы “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” прысвечаны этапам вывучэння мастацкага твора і метадам уключэння дзяцей у актыўную дзейнасць. У ім Іван Замоцін рэкамендуе настаўнікам тыя ж этапы вывучэння мастацкага твора, якія выкарыстоўваюцца і цяпер, за выключэннем арыенціровачных заняткаў. Метадыст рэкамендуе настаўнікам рыхтаваць вучняў да ўспрымання мастацкага твора: выклікаць у іх цікавасць да яго, растлумачыць тое, што можа стаць перашкодаю ў паўнацэнным успрыманні. Метадыст акрэсліваў прыкладны змест уступных заняткаў, раіў знаёміць з біяграфіяй пісьменніка, характарызаваць мастацкую тэхніку той школы, да якой належаў аўтар.

Асаблівае значэнне надаваў І.І. Замоцін настроенасці на твор, прапанаваў не дагматызаваць уступныя заняткі, а разнастаіць іх – вось у чым бачыў задачу настаўніка вучоны. На шматлікіх прыкладах з беларускай і рускай літаратур ён паказваў мажлівыя варыянты правядзення гэтага этапа. Напрыклад, пры вывучэнні паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” мэтазгодна даць матэрыял біяграфічнага характару (увязка біяграфіі аўтара з падзеямі, якія ён малюе), звяртаць увагу вучняў на сацыяльную тэму, на тэму аб беларускім быце і прыродзе і, урэшце, аб мастацкім стылі паэмы, аб яго ўвязцы з народна-паэтычнай лексікай і фразеалогіяй.

Улічваючы патрабаванні новых праграм, а таксама выкарыстоўваючы вопыт рускіх педагогаў, Іван Замоцін сфармуляваў чатыры асноўныя задачы навучання літаратуры ў школе:

  1. Развіццё вуснай і пісьмовай мовы;
  2. Літаратурная начытанасць вучняў;
  3. Навуковая інтэрпрэтацыя літаратурнага матэрыялу;
  4. Развіццё літаратурна-творчай самадзейнасці вучняў у навуковым і мастацкім напрамках.

Метадычныя погляды Івана Замоціна ў многім адпавядаюць патрабаванням сучаснай школы. Адным з найважнейшых прынцыпаў выкладання ён лічыў “навуказдольнасць” (навуковасць).

У той час, калі многія метадысты, прыхільнікі вульгарна-сацыялізаванай сістэмы Ф. Пераверзева, не прызнавалі за літаратураю прыярытэту ў ідэйна-палітычным, маральным і эстэтычным выхаванні, Іван Замоцін вылучыў другі, не менш важны прынцып – прынцып “педагагічнасці”, або выхаваўчага навучання.

Прынцып “педагагічнасці” разумеўся як увага да асобы дзіцяці, улік яго індывідуальных асаблівасцей, асабістых мажлівасцей, а таксама як выхаванне і развіццё вучняў. У дачыненні да літаратуры гэтыя задачы ўсведамляліся звужана. Іван Замоцін на першы план выводзіў развіццё літаратурнай мовы школьнікаў, якая, на думку вучонага, яскрава характарызуе асобу падлетка, юнака, яго індывідуальнасць, культуру. Мова кожнага пісьменніка вызначаецца самабытнасцю, непаўторнасцю.

“Навуковасць”, лічыў І.І. Замоцін, заключаецца ў веданні вучнямі навуковых асноў мовы, з тым, каб на іх будаваць сваё маўленне. Мова школьнікаў павінна быць простай, выразнай, граматычна закончанай, лёгкай. Таму ў школе неабходна даваць хоць мінімум ведаў па мовазнаўстве.

Літаратурная начытанасць як адно са складаемых літаратурнай адукацыі ў працоўнай школе забяспечваецца знаёмствам з тымі творамі, што вывучаюцца на ўроках і чытаюцца самастойна. Іван Замоцін лічыў, што ў школьныя праграмы  неабходна ўключаць творы айчыннай класічнай літаратуры ХІХ-ХХ стст., сучасных пісьменнікаў, а таксама лепшыя творы замежных мастакоў слова мінулых часоў і нашых дзён.

Прынцып навуковасці, на думку Івана Замоціна, забяспечваецца ў тым выпадку, калі мастацкі твор у школе разглядаецца і з мастацкага, і з сацыяльнага бакоў, калі тут дасягаецца адпаведная гармонія.

Каштоўным з’яўляецца і тое, што вучоны крытычна ставіўся да тэматычнага вывучэння літаратуры, лічыў неабходным падыходзіць да кожнага твора як да мастацкага цэлага і працаваць з літаратурным тэкстам як з самастойным матэрыялам, не наклейваючы на яго адных і тых жа ярлыкоў у выглядзе шаблонных вывадаў і ацэнак, улічваючы пры яго аналізе індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці вучняў.

Хібы тэматычнага вывучэння ён бачыў у тым, што часам у школу траплялі далёка не лепшыя ў мастацкіх адносінах творы, якія штучна прывязваліся да грамадска-палітычнай тэмы і тым самым не давалі магчымасці па-сапраўднаму рэалізаваць прынцып выхаваўчага навучання. Разам з тым Іван Замоцін тэматычнае выкладанне літаратуры ў школе разглядаў як падрыхтоўчы этап да ўспрымання сістэматычнага курса літаратуры на гістарычнай аснове.

Вучоны важнае значэнне надаваў літаратурнаму аналізу,  а таксама выпрацоўцы ў школьнікаў навыкаў крытычнай ацэнкі прачытанага. Не лічачы патрэбным выкладаць у школе гісторыю эстэтычных тэорый, ён раіў пры вывучэнні літаратуры супастаўляць творы, якія адрозніваюцца сваім мастацкім стылем. Пры аналізе асаблівасцей мовы мастацкай літаратуры Іван Замоцін прапаноўвае знаёміць вучняў з паэтычнай стылістыкай беларускіх пісьменнікаў, навучыць, як арыентавацца ў жанрах і кампазіцыі твораў. Адначасова ён папярэджваў аб небяспецы звядзення гэтай працы да механічнага анатаміравання мастацкай тэхнікі пісьменніка.

Іван Замоцін бачыў патрэбу і ў сістэматычным выкладанні літаратуры. Сямігодка, якая часова стала асноўным тыпам школы ў дваццатыя гады, пры лабараторным метадзе навучання не магла даць вучням поўнага ўяўлення пра гісторыю літаратуры. Аднак нават у такіх умовах вопытны педагог стаяў за разгляд мастацкага твора на фоне агульнага літаратурнага працэсу. У старэйшых класах, пачынаючы з сёмага, ён вылучыў чатыры раздзелы: вусная народная творчасць, старажытная, новая і навейшая літаратуры.

У працэсе вывучэння фальклору, на яго думку, школьнік павінен атрымаць веды пра паходжанне народнай слоўнасці, азнаёміцца з яе зместам і мастацкімі формамі. Зусім па-сучаснаму гучыць прапанова Івана Замоціна праводзіць параўнальны аналіз беларускага фальклору з эпасам іншых народаў, з такімі ўзорамі, як “Песня пра Нібелунгаў” і інш. 

Разумеючы, што ў справе літаратурнай адукацыі ў школе нельга абмяжоўвацца толькі класнымі заняткамі, Іван Замоцін распрацоўваў і пытанне пазакласнага чытання, якое па яго перакананні, павінна быць цесна звязана з сістэмаю класнага выкладання літаратуры і дапаўняць яго. Задачай першаступеннай важнасці, на думку вучонага, павінна было стаць складанне праграм пазакласнага чытання, выдання даступных для вучняў зборнікаў з творамі беларускай літаратуры і набыццё іх кожнай школьнай бібліятэкай. Для кіраўніцтва і кантролю за пазакласным чытаннем прапаноўвалася звяртацца да гутарак аб прачытаным і літаратурных дзённікаў, якія раілася весці вучням.

На правядзенне пазакласнага чытання, як і на асноўны курс літаратуры, адводзяцца ўрокі, але яны маюць сваю адметнасць.

Па-першае, настаўнік сам вызначае змест урока, яго тэму, арыентуючыся на спіс твораў, прапанаваных праграмай, а таксама на з’яўленне цікавых выданняў і перыёдыку.

Па-другое, творы, вынесеныя на абмеркаванне, разглядаюцца без асаблівай дэталізацыі; настаўнік прагназуе, што можа быць складаным для ўспрымання вучняў і як падвесці іх да неабходных вывадаў.

Па-трэцяе, па форме правядзення ўрокі пазакласнага чытання павінны быць больш яркія, арыгінальныя, абсталяваныя цікавай пазакласнай нагляднасцю.

Аднак пры ўсёй сваёй адметнасці яны не павінны выпадаць з агульнага ланцужка класнага чытання.

Слушныя прапановы выказаў Іван Замоцін і адносна абмеркавання твораў, прачытаных самастойна. Найбольш прымальным метадам для гэтай справы ён лічыў эўрыстычную гутарку і дыспут.

Таленавіты педагог разумеў, што поспех такіх мерапрыемстваў будзе забяспечаны толькі пры ўмове ўзаемапавагі і ўзаемадаверу паміж вучнямі і настаўнікам, калі вучні ўмела могуць выказваць свае думкі, не баючыся быць незаслужана пакаранымі.

Настойліва прапагандуючы дыспут як адзін з аптымальных метадаў аналізу твора, вучоны рэзка крытыкаваў так званыя суды над літаратурным героем, у працэсе якіх абмеркаванне ператваралася ў маралізатарства, а “падсудны” ўспрымаўся як сучаснік, без уліку светапогляду аўтара, канкрэтных гістарычных умоў, нарэшце, мастацкага вымыслу.

Важную функцыю ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе, на думку вучонага, павінны таксама выконваць літаратурныя гурткі, экскурсіі, вечары, на якіх вучні не толькі папаўняюць свае веды па праграме, але і знаёмяцца з лепшымі ўзорамі зарубежнай і навінкамі роднай літаратуры.

Іван Замоцін задумваўся над тым, як ажыццявіць цікавасць вучняў да літаратуры, актывізаваць пазнавальную дзейнасць, развіваць іх эстэтычныя густы, і надаваў у гэтым плане вялікае значэнне выразнаму чытанню.

Выразнае чытанне разглядаецца як мастацкае чытанне ва ўмовах агульнаадукацыйнай школы, як самастойны від выканальніцкага мастацтва. Раіцца выкарыстоўваць два віды выразнага чытання: чытанне настаўніка і чытанне вучняў.

Месца выразнага чытання на ўроку, лічыў Іван Іванавіч Замоцін, можа быць вызначана толькі самім настаўнікам, бо цалкам залежыць ад навучальных і выхаваўчых задач, якія ставяцца пры вывучэнні канкрэтных тэм. Уся ўвага і намаганні настаўніка павінны быць скіраваны на тое, каб вучыць дзяцей любіць мастацкае слова.

Аднак выразнае чытанне настаўніка – толькі адна з састаўных частак урока літаратуры. Найбольшая ўвага павінна звяртацца на вывучэнне самога мастацкага твора і на распрацоўку яго выразнага чытання вучнямі.

Вучыць асновам выразнага чытання, на думку І. Замоціна, неабходна паступова, з улікам узроставых асаблівасцей і творчых магчымасцей вучняў.

Працэс распрацоўкі выразнага чытання, паводле метадычных прынцыпаў Замоціна, грунтуецца на двух асноўных прынцыпах:

  • паступовым засваенні зместу твора;
  • уліку развіцця творчай індывідуальнасці вучня.

Асаблівая ўвага настаўніка звяртаецца на адзінства лагічнага, вобразнага і эмацыянальнага пры ўспрыманні мастацкага твора ў школе, а таксама і пры яго ўвасабленні ў вуснае жывое слова.

Не абышоў увагаю Іван Замоцін і праблему развіцця пісьмовай мовы вучняў, разглядаючы пісьмовыя працы як адно са звёнаў у іх літаратурным развіцці. Ён аддаваў перавагу сачыненням і ізлажэнням. У працах вучонага акрэслена прыкладная тэматыка творчых прац. Праўда, у адрозненне ад сучасных відаў творчых прац (анатацый, водгукаў, рэцэнзій, эсэ) творчыя працы, якія прапаноўваў метадыст, сёння прынята называць сачыненнямі на вольныя тэмы. Такая тэматыка досыць шырокая і разнастайная, у асноўным звязаная з інтарэсамі, заняткамі дзяцей: іх захапленне ў вольны час, узаемаадносіны з равеснікамі, бацькамі, настаўнікамі, свет прыроды ў вучнёўскім успрыманні, сяброўства са свойскімі жывёламі і інш.

У навучанні сачыненням метадыст раіў прытрымлівацца дыдактычнага прынцыпу паступовасці. Спачатку, лічыў ён, неабходна навучыць дзяцей складаць тэкст з некалькіх сказаў, напрыклад, па малюнку ці прапанаваць расказаць пра здарэнне, сведкам якога быў. Далей праца можа ісці ў наступнай паслядоўнасці: апісанне ці разважанне пра жывёл, пра збудаванні, пра тое, што зацікавіла, прыцягнула ўвагу, і толькі затым можна пераходзіць да твораў мастацкай літаратуры. Вучоны лічыў, што вучні павінны авалодваць такімі відамі выкладу матэрыялу, як апісанне, разважанне, апавяданне.

Такім чынам, Іван Замоцін распрацаваў найбольш важныя пытанні методыкі выкладання літаратуры, стварыўшы, па сутнасці, першы падручнік па гэтай важнай дысцыпліне для вышэйшых навучальных устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў-славеснікаў.

Калі б не трагічны лёс вучонага, калі б яго працы на доўгі час не былі схаваны ад чытачоў, то многія пакаленні беларускіх настаўнікаў літаратуры атрымалі б добрую метадычную падрыхтоўку. Бясспрэчна, што педагагічная спадчына Івана Замоціна аказала б плённы ўплыў і на развіццё навукі пра выкладанне мастацкага слова ў школах Беларусі.

Фактычна працы вучонага па методыцы выкладання літаратуры пачалі вывучацца толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. І нават не столькі вывучацца, колькі выкарыстоўвацца ў сучаснай методыцы выкладання роднай літаратуры.

Іван Карлавіч Самковіч (1889 — 1939 гг.)сумяшчаў выкладанне на рабфаку пры БДУ з навуковай дзейнасцю. У сваіх працах, прысвечаных літаратурнай адукацыі, ён асаблівую ўвагу звяртаў на тэорыю літаратуры, раіў настаўнікам дабівацца асэнсаванага разумення вучнямі тэарэтычных паняццяў, усведамлення іх ролі ў мастацкім творы, паколькі менавіта гэта дапамагала вучням асэнсаваць адметнасць мастацкай літаратуры, яе спецыфічнае месца сярод іншых навучальных дысцыплін. Асабліва грунтоўна пытанне вывучэння тэорыі літаратуры пададзена ў артыкуле “Беларуская літаратура ў комплекснай сістэме выкладання” (Асвета, 1928, № 1). У полі зроку гэтага метадыста заўсёды была праблема метадаў навучання літаратуры. Ім былі складзены парады па выкарыстанні лабараторнага метаду (“Заданні да беларускай літаратуры для 5-7 класаў” (1928)), а таксама працы па Дальтон-плану (“Асвета”, 1925, № 2).

Поруч з І.К. Самковічам працаваў і І. Пратасевіч.Сумесна яны складалі праграмы па беларускай літаратуры і метадычныя рэкамендацыі да іх.

Значна пашыралі напрацоўкі вядучых метадыстаў таго часу і М.І. Каспяровіч, які прапагандаваў вялікія магчымасці літаратурна-краязнаўчай працы як эфектыўнага сродку навучання літаратуры, а таксама У.З. Раманінаў, аспектам метадычных распрацовак якога стала пазакласная праца і, у прыватнасці, формы працы ў літаратурных гуртках.

У 1920 годзе пры наркамаце БССР быў утвораны навукова-метадычны кабінет. Ён распачаў распрацоўку навучальных планаў, праграм, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў па ўсіх прадметах, у тым ліку і па беларускай літаратуры. А ў 1924 годзе пры Інбелкульце пачала працу педагагічная секцыя.

Педагагічны друк таксама спрыяў інтэнсіфікацыі метадычных пошукаў. Першы з іх “Школа і культура Савецкай Беларусі” (1919 – 1921 гг.). З 1921 г. замест яго пачаў выходзіць “Вестник Народного комиссариата просвещения ССРБ”. Як і ў папярэднім, у ім змяшчаліся матэрыялы па нацыянальнай гісторыі, культуры, літаратуры.

З чэрвеня 1924 года пачаў выходзіць часопіс “Народная асвета”. Ён і распачаў публікацыі менавіта па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Як дадатак да газеты “Савецкая Беларусь” выходзіў “Працаўнік асветы” (1928 – 29 гг.), які стаў для настаўнікаў правадніком перадавога вопыту.

“Народная асвета” ў студзені 1930 г. пераймяноўваецца ў “Камуністычнае выхаванне”. Гэты часопіс выдаваўся да 1936 г., большасць матэрыялаў, якія друкаваліся на яго старонках, ніякага дачынення да школьных спраў не мелі, адзінкавыя публікацыі па методыцы разглядалі праблемы выкладання рускай літаратуры.

У перадваеннае дзесяцігоддзе большасць членаў навукова-метадалагічнага камітэта развіцця адукацыі была рэпрэсіравана. Амаль усе падручнікі і метадычныя дапаможнікі былі забраны са школ, паколькі іх аўтары былі арыштаваны. У гэты ж час робіцца спроба цалкам палітызаваць змест літаратурнай адукацыі. У сувязі з гэтым распрацоўваюцца адпаведныя новыя праграмы і падручнікі па беларускай літаратуры, але з карэннай перабудовай савецкай школы (уводзіцца абавязковае сямігадовае навучанне і адкрываюцца дзесяцігадовыя школы) выкарыстанне іх не адбылося.

Рэпрэсіі, што пачаліся  ў канцы 20-х гадоў, надоўга прыпынілі творчы працэс у галіне адукацыі, бо скіраваны былі галоўным чынам супраць працаўнікоў наркамасветы. Былі рэпрэсіраваны тыя, хто закладваў асновы нацыянальнай школы, распрацоўваў методыку выкладання беларускай мовы і літаратуры. Сярод іх названыя вышэй І. Замоцін, М. Каспяровіч, І. Самковіч і многія іншыя. Такім чынам, з пачатку 30-х гадоў методыка выкладання беларускай літаратуры практычна не развівалася. Канцэптуальныя падыходы далучэння школьнікаў да мастацкай літаратуры распрацоўваліся ў Маскве і аўтаматычна пераносіліся ў Беларусь. Так, падручнік І. Счаснага «Методыка літаратурнага чытання» (1965 г.) структурна дубліраваў працу рускага метадыста В. Галубкова, але для ілюструючых прыкладаў браліся творы беларускіх пісьменнікаў.

З 80-х гадоў выходзяць арыгінальныя падручнікі і дапаможнікі па методыцы выкладання роднай літаратуры. У 1980 годзе пад рэдакцыяй акадэміка В.У. Івашына выходзіць кніга “Вывучэнне літаратуры: Пытанні методыкі”. У 1986 годзе – “Методыка выкладання беларускай літаратуры”  пад агульнай рэдакцыяй В.Я. Ляшук і А.У. Рагулі. Дадзеная праца была зацверджана Міністэрствам асветы БССР у якасці навучальнага дапаможніка. У 1999 годзе дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў “Методыка выкладання беларускай літаратуры”. Дадзены дапаможнік перавыдадзены ў 2002 годзе.

Пачынаючы з 60-х гадоў ХХ ст. больш актыўна пачалі распрацоўвацца асобныя пытанні методыкі: вывучэнне тэорыі, выкладанне літаратуры ў пэўным класе, вывучэнне творчасці пісьменніка. Асабліва карыснымі былі выданні тыпу «Пісьменнік у школе». Сярод вядучых метадыстаў можна назваць Л. Тамашову, Л. Царанкова, З. Чарвякову, Р. Шкрабу, І. Сондак. Тут жа неабходна адзначыць, што да пытанняў методыкі выкладання літаратуры ў школе актыўна звярнуліся і настаўнікі-практыкі. Сярод тых, хто дзяліўся сваім вопытам, былі У.Урбановіч (кніга “Шляхамі паэтаў і герояў”), І. Говар (“Літаратурныя гульні”), І. Рабкоў (“Пазакласная работа па беларускай літаратуры”), М. Пашкевіч (“З вопыту работы літаратурнага гуртка Сваткоўскай школы Мядзельскага раёна”).

У другой палове ХХ стагоддзя актывізуюцца творчыя пошукі ў галіне методыкі выкладання беларускай літаратуры. Адметнай рысай гэтага працэсу стала і тое, што да методыкі пачалі звяртацца навукоўцы-літаратуразнаўцы. Сярод іх – акадэмікі В.У. Івашын і М.А. Лазарук.

Васіль Уладзіміравіч Івашын, акадэмік НАН Беларусі, асноўныя навуковыя працы прысвяціў пытанням гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, а таксама метадалогіі і методыцы выкладання літаратуры ў школе. Ён – адзін з аўтараў падручнікаў для 8, 9 класаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. У 1980 годзе пад рэдакцыяй В.У. Івашына выйшла кніга “Вывучэнне літаратуры: Пытанні методыкі”.

Міхаіл Арсеньевіч Лазарук, акадэмік НАН Беларусі — вучоны шырокага профілю. Ён унёс вялікі ўклад у даследаванне найважнейшых праблем літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі выкладання літаратуры. “Пад яго кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле была распрацавана канцэпцыя рэфармавання літаратурнай адукацыі, на аснове якой створаны новыя праграмы і падручнікі, абгрунтаваны тэарэтыка-метадычныя прынцыпы вывучэння беларускай літаратуры ў кантэксце з сусветнай, рускай літаратуры ва ўзаемасувязі з беларускай; вызначаны галоўныя накірункі навукова-метадычнага забеспячэння курса беларускай літаратуры ў школе з 12-гадовым навучаннем”[3].

М.А. Лазарук крытычна ставіўся да ідэалагізацыі ў вывучэнні літаратуры, крытыкаваў дагматычную, рэцэптурную методыку. Ён сцвярджаў, што толькі творчы пачатак здольны забяспечыць сінтэз усіх выхаваўча-развіццёвых функцый школьнага курса літаратуры. Гэтыя тэарэтыка-метадычныя ідэі знайшлі сваё адлюстраванне ў яго фундаментальнай працы “Навучанне і выхаванне творчасцю” (Мінск, 1994). Увага аўтара засяроджана цалкам на праблеме школьнай літаратурнай адукацыі на шляхах і накірунках яе абнаўлення, на пошуках новай сістэмы навучання, якая б задавальняла патрэбы сучаснасці, адпавядала б дэмакратызацыі адукацыі і выхавання.

М.А. Лазарук таксама з’яўляўся сааўтарам падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй і вышэйшай школы.

На сённяшні дзень рэфармаванне школы запатрабавала пашырэння ўвагі да метадычнага пошуку. Бліжэйшыя перспектывы развіцця методыкі выкладання літаратуры – гэта гуманізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу, інтэграцыя прадмета і канкрэтных методык, стварэнне новых тэхналогій, інтэнсіфікацыя метадаў выкладання літаратуры, пошук новых формаў навучання. Адсюль – першаступенная ўвага да суверэннасці чытацкага ўспрыняцця, да яго паглыблення ў працэсе аналізу мастацкіх твораў. Дзевяностыя гады ХХ ст. прынеслі многа новага ў літаратуру, літаратуразнаўства, эстэтыку, філасофію і саму методыку. Усё вышэй названае стала дамінуючым у пошуках і напрацоўках сучасных метадыстаў. Сярод іх можна адзначыць В.Я. Ляшук, М.І. Мішчанчука, А.І. Бельскага, В.І. Смыкоўскую, П.І. Лявонаву, В.І. Русілку і многіх іншых.

І навукоўцы-метадысты, і настаўнікі-практыкі скіроўваюць свае намаганні на вырашэнне тэарэтычных праблем сучаснай метадычнай навукі:

- праблема чытання, успрыняцця мастацкай літаратуры як мастацтва слова, фармаванне чытача, яго духоўнага свету;

- праблемы і перспектывы ўзаемаабагачэння методыкі выкладання літаратуры і літаратуразнаўства;

- паглыбленне сувязей паміж успрыняццем твора, яго інтэрпрэтацыяй, аналізам і самастойнай дзейнасцю вучняў;

- праблема вывучэння літаратурнага развіцця вучняў, прычым не толькі ў даследчым аспекце, а як асновы школьнага выкладання літаратуры, канцэпцый, тэхналогій урокаў на розных этапах літаратурнай адукацыі школьнікаў;

- гістарычная змена метадаў і прыёмаў навучання літаратуры, канструяванне новых, апора на традыцыйныя;

- пошук новых структур урокаў і мадэляванне іншых формаў правядзення заняткаў.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

 

І. Падрыхтаваць міні-даклады па наступных тэмах:

  1. «Метадычныя погляды Якуба Коласа».
  2. «Працы па методыцы выкладання беларускай літаратуры І.І. Замоціна»;
  3. «Гісторыя беларускае літаратуры» М. Гарэцкага як першы падручнік па беларускай літаратуры для школ усіх ступеняў у 20-я гады мінулага стагоддзя».

ІІ. Аналіз абмеркавання метадычнай спадчыны Івана Замоціна па наступных пытаннях:

  1. Якія прынцыпы  вывучэння літаратуры ў школе Іван Замоцін лічыў галоўнымі?
  2. Як ставіўся да папулярнага ў той час тэматычнага разгляду твораў?
  3. Якія матадычныя парады прапаноўваў для вывучэння твораў?
  4. Як І. Замоцін вырашаў пытанні вывучэння тэорыі літаратуры?
  5. Якія рэкамендацыі вылучаў І. Замоцін для развіцця вуснай і пісьмовай мовы вучня?
  6. Якія даваў рэкамендацыі па арганізацыі пазакласнага чытання?

 

Спіс літаратуры

 

  1. Гаварушка, Я. Колас і Замоцін / Я. Гаварушка // Маладосць. –  1982. –  № 11. –  С. 160 – 167.
  2. Гарэцкі, М. Гісторыя беларускае літаратуры / М. Гарэцкі. –  Мінск., 1926.
  3. Замоцін, І.І. Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні / І.І. Замоцін. – Мінск, 1926.
  4. Замоцін, І. Метадычныя пытанні выкладання мовы і літаратуры ў ІІ – ІІІ канцэнтрах / І. Замоцін. – Менск, 1934.
  5. Логінава, Т. Актуальная спадчына: Методыка выкладання літаратуры паводле І.І. Замоціна / Т. Логінава // Бел.мова і літ. у школе. – 1990. – № 7. – С. 17 – 18.
  6. Лугоўскі, А.І. Літаратуразнавец і метадыст / А.І. Лугоўскі // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1988. –  № 11. – С. 69 – 72.
  7. Ляшук, В.Я. Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе / В.Я. Ляшук. – Мінск, 1994. – 146 с.
  8. Методыка выкладання беларускай літаратуры / Пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 2002.
  9. Радзіёнаў, У.Н. Якуб Колас – педагог // У.Н. Радзіёнаў. – Мінск. – 1981. –  141с.
  10. Бельскі, А.І. Літаратурацэнтрызм: педагагічныя артыкулы, нарысы / Алесь Бельскі. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2008. – 144 с.


[1] Больш падрабязна гл.: Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.]; пад агул. Рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б. Яфімавай. – Мінск, 2008. – С. 110.

[2] Зяневіч І.Ц. Выдатны педагог-метадыст // Народная асвета, 1962. – № 10 – С. 79 – 85.

[3] Івашын В.У. Міхаіл Арсеньевіч Лазарук (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – № 2, 2001. – С. 145 – 146).